Валі ўсё нездаровілася. Балела галава, прапаў сон, не магла глядзець на яду. Хварэла, капрызнічала малое. Старыя ж, занятыя гандлем, нічым не памагалі. У першыя дні, праўда, свякруха пару разоў зайшла, папыталася, як, што, пасядзела паўгадзінкі - і пабегла. А свёкар і не заглянуў. Прыйшлося ўсё самой... Таму і схуднела, высахла - аж шкода глядзець.
Пажыла Марыля ў Пінкавічах не тыдзень, а цэлы месяц. Глядзела і малога, і ў хаце парадак вяла. Нічога не давала Валі рабіць, абы толькі яна не нервавалася. Паправунку, аднак, не было. Марыля ўжо нават прыдумляла рознае куплянне, пасылала Валю колькі разоў у горад, думала: паедзе, павесялее. Валя ж хадзіла як у ваду апушчаная.
Марыля меркавала, што гэта яна перажывае па Сашу. Але і пра яго Валя ўспамінала без асаблівага шкадавання.
Трэба было ратаваць дзеўку, шукаць нейкай рады. Можа, забраць дадому? Думка такая мільганула спачатку як роздум, як нешта няпэўнае. А пасля размовы са сватамі Марыля зразумела, што гэта - адзінае выйсце.
...Быў якраз выхадны дзень. Прыехалі з дому Саня, Віктар. Пазвалі сватоў, разгаварыліся. Зайшла размова пра Валю.
- Што ж, яна - маладая, можа яшчэ і замуж выйсці. Хай сабе выходзіць, мы не супраць, - сказала свацця і падціснула губы.
Віктар запярэчыў:
- Які там замуж! Будзе яна жыць тут і гадаваць сына.
- Хай сабе жыве і тут, - не вельмі каб абрадавалася свацця. - Мы яе не праганяем... Але калі надумаецца перабірацца да вас, то мы гэту хату, усё, што ёсць, зачынім на замок і будзем берагчы.
- А кніжку з грашыма перапішам на ўнука, - дадаў сват.
І Марылю ажно скаланула тая халодная абыякавасць, з якой гэта было сказана. «Зачынім усё, як ёсць, на замок». Значыць, нічога Валі не дамо. І кніжку перапішам на ўнука... Што ім нявестка? Яны і бралі Валю толькі таму, што ведалі - з багатай сям'і, спадзяваліся на добры пасаг...
«Не, трэба, трэба забіраць маладзіцу адсюль. І чым хутчэй - тым лепш».
Яна так і сказала Сані з Віктарам, калі засталіся адны. Саня, аднак, напусцілася:
- Вечно вы, мамо, лезеце не ў сваё дзело. Як жэ гэто мы забярэм? Коб з нас смяяліса, ці што? І сватоў пакрыўдзім.
Віктар, пакуль яны спрачаліся, маўчаў. Нешта цяжкое, пакутлівае было ў гэтым маўчанні. Мусіць, і яму штосьці не спадабалася ў размове сватоў.
- Ладна, - сказаў ён нарэшце і ляпнуў далоньмі па каленях. - Пароць гарачку не будзем, пачакаем.
Валю ўсё ж неўзабаве прыйшлося забраць. Пад Новы год ёй стала зусім блага. Ехаць Марылі і сядзець з ёй не выпадала - захварэў якраз і Кандрат. Сваты ж памагаць не кідаліся...
Валю перавезлі і паклалі ў бальніцу. Праляжала яна там больш за месяц. А выпісалася, пабыла трохі дома і паехала ў Менск на экзамены. Зноў прабыла месяц. Пасля Віктар дастаў ёй пуцёўку, адправіў у санаторый. З дзіцем увесь час сядзела яна, Марыля. І ўдзень і ўначы. Дык каб хоць малое было спакойнае, як у людзей, а то крычыць і крычыць. Усё яму не наравіцца: у калыску пакладзеш - плача, на рукі возьмеш - курчыцца, канозіцца. А чаго хоча - і само не знае.
Найгорш уначы. Толькі пачнеш засынаць, а яно: «Вя-а-а!» Уставай, насі на руках, агукай. Сяк-так уціхамірыш, закалышаш, здаецца, але не паспееш яшчэ і павекі звесці, а яно зноў: «Вя-а-а!» Ах, каб цябе! І так за ноч набегаешся, натузаешся, што ногі не ходзяць і рукі не трымаюць. Ну так бывае раззлуе, так дапячэ, што, здаецца, узяла б ды адсцёбала. А тады, калі злосць крыху адыдзе, сорамна робіцца за такія думкі. «Даруй, Божэ, грэх... Куды яго біць, гэту сіраціну няшчасную. Худзенькае, кволенькае, як былінка якая. У чым толькі душа трымаецца?»
І ўсё ж, мусіць, пакараў яе Бог за паганыя думкі. Захварэў Паўлік, і захварэў моцна. На запаленне лёгкіх. Вінавата, праўда, у гэтым больш Саня, чым яна, але ўсё адно - трэба было глядзець.
...Якраз недзе на другі дзень Каляд, ужо надвячоркам, прыбег з работы ўзрушаны, заклапочаны Віктар.
- Вечарам Апанасенка будзе, - аб'явіў ён, дастаючы з сеткі нейкія бляшанкі, буханку свежага хлеба. - Трэба сабраць што-небудзь хуценька.
Неўзабаве заявілася і Саня, таксама несучы нешта ў пакунку. Стала камандаваць:
- Мамо, пратрыце падлогу. Ты, Віктар, раскладзі стол. А дзе гэто наша адкрывачка? Пашукайце хто-небудзь, ды хутчэй, а то госці прыедуць, а ў нас нічого не гатово!
Марыля кідалася то да шафы, то ў каморку, то ў сенцы, моўчкі выконвала ўсе Саніны распараджэнні. У такія хвіліны дачцэ лепш не пярэчыць...
Недзе ў спальні крычаў, аж заходзіўся малы. Марыля колькі разоў наважвалася пайсці туды, глянуць малога, але Саня махала рукой, нецярпліва казала: