Паўлік, шмаргануўшы носам, сігануў ужо быў у разору, але яна гукнула:
- Стой! Пачакай... - Падышла, узяла яго за руку. - Будзе нам сёння з табою...
Марыля пабаялася адразу весці малога - мокрага, бруднага - у хату і рашыла памыць, пераапрануць яго ў паветцы. Схадзіла ўзяла сухую адзежу, чаравічкі, напусціла ў вядро з вялікага чорнага бака, які зяць прыстасаваў пад душ, цёплай вады. І толькі ўзялася здымаць малому штонікі, як за спінаю нечакана - Марыля ажно ўздрыгнула - пачуўся Санін голас:
- Паўлічак, дзіцятко маё, дзе ж гэто ты так уквэцаўса?
- На канаўцы!
- На канаўцы! - жахнулася Саня. - Гэто ж дзіця магло і ўтапіцца! Беднае маё дзіцятко...
Паставіўшы на зямлю вёдры з мяшанкаю, Саня кінулася да Паўліка, апусцілася на калені, стала паспешліва, нервова расшпільваць брудную куртачку, сцягваць мокрыя штонікі.
- Вось і давер, вось і пакінь... - прыгаворвала яна. - Бедная мая сірацінка! Коцік мой залаценькі!
Марыля разгублена, вінавата стаяла побач, не ведаючы, за што ўзяцца. Памкнулася была памагчы Сані, але тая толькі бліснула вачыма:
- Адыдзіце лепш! Памаглі ўжэ. Цяпер няма чаго. Хай толькі захварэе. Хай толькі захварэе!
- Захварэе, дак вылечу. Ты ж з ім сядзець не будзеш.
- Ну, канечне, вам так шчэ й лепш. Вам абы яно ляжало, абы клопату було менш.
- Аге, у адной толькі цябе душа баліць.
- Бо і баліць! З такою нянькаю будзе балець.
- А я да цябе ў нянькі і не наймаласа. Не трэба мая помач - магу пайсці.
Саня разагнулася, узялася рукамі ў бокі:
- От, напужалі. Ай-яй-яй... Можаце ісці! Як-небудзь абыдземса!
- Ну і на здароўе.
Да сваёй хаты, што стаяла насупраць, праз вуліцу, старая ледзь даплялася. Пераступіўшы родны парог, зняможана апусцілася на лаву і, калі ўбачыла са сцяны строгі, але разам з тым нейкі спачувальны Кандратаў позірк, не магла ўжо стрымацца. Крыўда перахапіла дыханне, балюча запякла ў грудзях, і ёй зноў стала кепска.
2
Колькі яна ляжала гэтак, нераспранутая, у хустцы, Марыля не памятае. Ледзь дайшла да ложка - і як правалілася ў нейкае цяжкае забыццё. Калі ачнулася, у хаце было ўжо цёмна. Доўга не магла даўмецца: дзе яна, што з ёю? Нарэшце здагадалася: гэта ж яна дома, у сваёй хаце. І адразу прыгадалася ўсё, што адбылося сягоння.
...Яна ўстала як звычайна, калі яшчэ толькі бралася на світанне. Прынесла з істопкі бульбы, памыла, насыпала ў чыгуны - лепшую, гладчэйшую - сабе, драбнейшую - свінням. Запаліла ў печы. Узялася замешваць цеста - малому на аладкі. Апошнім часам Паўлік нічога не хацеў есці, акрамя гэтых аладак з варэннем. Марыля нават сварылася на Саню, што яна вельмі ж ужо дагаджае малому, псуе яго гэтымі ласонікамі, але тая толькі махнула рукою: «Хай есць, што яму хочацца. Мне яму нічога не шкода».
- Добрай раніцы, мама, - са спальні выйшаў Віктар, яе зяць.
- Здароў, здароў! - прыветліва адгукнулася Марыля. - Чаго так рано падхапіўса?
Віктар дастаў з халадзільніка слоік малака, са смакам напіўся, крактануў:
- А-а, добра!.. Хачу падскочыць на Востраў. Нагледзеў там адзін куточак ля канаўкі. Трава, як чай. Капы са дзве будзе.
- А брыгадзір?
- З брыгадзірам ужо дамовіўся. Вось толькі б Жамойда не нарваўся. А вечарам падскочу на машыне - забяру, дасушыцца на двары.
- Няблаго було б. Толькі глядзі, коб абышлоса... З гэтым чортам жартачкі кепскія.
Новага старшыню - Жамойду, якога нядаўна прыслалі ў іхні калгас, пабойваліся. І дзе толькі выкапалі яго такога - злога, унурыстага? Ранейшы, бывала, міма людзей ніколі не праедзе, падыдзе, пагаворыць, папытаецца: што, як? А гэты праскочыць, не падымаючы галавы, нават не павітаецца. І ўсё бегае, злодзеяў шукае. Кажуць, нават ноччу па балоце гойсае. Нельга ж так усіх падазраваць. З людзьмі трэба па-людску. Нечым жа трэба карміць сваю скаціну. А ён нават пожню, якую спрадвеку тут касілі, і тую забараніў касіць. Вольга Кавалішына выйшла была з касою на Шнуры, дык наляцеў з пенаю на губах, касу паламаў і саму ледзь не набіў - не паглядзеў, што ўдава, што даярка. Плакала тады Вольга, кляла Жамойду, хацела кінуць ферму, але куды дзенешся - у хаце трое едакоў. А людзі таксама - пагаварылі кожны ў сваім кутку і заціхлі. Кажуць, толькі аграном асмеліўся быў сказаць пра гэта на праўленні калгаса, але Жамойда і на яго наляцеў. Ніхто не азваўся, не падтрымаў агранома, і той замоўк. Пасля гэтага новы старшыня зусім расперазаўся. Нікога не прызнае. Нашто ўжо яе зяць, Віктар, да любога, здаецца, падыход знойдзе, а тут пакуль, як ні стараецца, нічога не выходзіць. Таму і затрывожылася, калі той сабраўся на Востраў касіць. Самавольна.
- Нічога, - бадзёра сказаў Віктар. - Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць.