Дый нельга, грэх ужо ім было сварыцца - Зося ж хадзіла апошнія месяцы...
Неўзабаве нарадзіўся хлопчык. Яе першы ўнук... Марыля не чакала, што гэта яе так узрушыць. Седзячы ля калыскі і ўглядаючыся ў чырвоны, зморшчаны тварык унука, яна не раз з нейкай шчымлівай журбою, з ціхай прасветленасцю думала: «От я і баба... І не згледзела, як жыццё прамільгнула. Нібы адзін дзень... Няўжэ гэто я такая старая?»
Унука яна палюбіла адразу. Палюбіла, здаецца, яшчэ больш, чым некалі свайго першынца. І як толькі выпадала вольная хвіліна, бегла хутчэй да калыскі, адхінала асцярожна палог, глядзела, ці не забілася туды якая муха, ці не мокранькі малы. Калі ж той не спаў, цмокала яму губамі, забаўляла яго, і часам ёй здавалася, што малы ўжо ўсё разумее, нават спрабуе ўсміхацца.
Зосі Марыля не давала болей ні за што і ўзяцца. Праўда, яна не нагружала нявесткі і раней. От паможа што - дзякуй, а не, дак і так добра. Цяпер жа казала ёй:
- Тваё дзело - малы. Глядзі яго. - І сама яшчэ кідалася памагчы - то пялюшку памые, то ўначы ўстане, падменіць Зосю, пакалыша малога.
Мір і згода запанавалі ў хаце. А летам, у касавіцу, нечакана - ад сэрца - памёр Зосін бацька, і Зося настроілася: трэба перабірацца да маці, яна ж засталася адна.
Марыля асабліва не пярэчыла, і Янак з Зосяю неўзабаве перайшлі ў хату Зосіных бацькоў. З пярэбарамі вялікага клопату не было: хаты стаялі побач. Зося ўзяла малога на рукі, Янак ускінуў на плячо пасцель, яна - хатуль з астатнімі пажыткамі, за адзін раз і перанеслі ўвесь набытак.
Сядзіба Лантухаў (як звалі за вочы Зосіных бацькоў у вёсцы) была, канечне, не тое што ў іх з Кандратам. Вялікая, пад гонтай, хата, хлеў, адрына, клець. Шырокі, куды можна заехаць з любым возам, двор. Сотак трыццаць, не меней, агарод, добры садок. Найбольш ганарыўся стары Мікалай гэтым сваім садком. Ні ў кога ў вёсцы не было такіх смачных яблыкаў, груш, як у яго. Мікалай сам расказваў, што па дрэўцы ён ездзіў ажно пад Слуцак, да садавода, пра якога вычытаў у газеце, і той за немалыя грошы прадаў яму колькі саджанцаў. Вось чаму нават у тыя гады, калі быў уведзены падатак, і амаль усе, хто меў які садок, высеклі дрэвы пад корань, ён сваіх не зачапіў, пашкадаваў...
Цяпер, пасля смерці старога Мікалая, гаспадаром гэтага багацця станавіўся Янак.
І жыць бы ім тут, як людзям, дзяцей гадаваць, - дык не... Перабраўшыся ў бацькоўскую хату, зноў стала паказваць свой нораў Зося.
Неяк, надвячоркам, Янак заскочыў да маці хмуры, злосны.
«Як схуднеў, асунуўса... - жаласлівымі вачыма глядзела яна на сына. - І сарочка на ім унь якая, пакамечаная, брудная. Хоць бы выпрала гультайка, людзей пасаромеласа б...»
Разам з жаласцю Марыля адчула і пэўную віну перад сынам. «Мо коб ён ажаніўса з той настаўніцай, то ўсё було б па-другому...»
- Мне, сынок, нічого не трэба, коб толькі табе було добрэ... Хто ж мог ведаць, што яна такая дурная.
- Дурная? - Янак нядобра ўсміхнуўся. - Ого! Яна і занадта разумная. Для сябе! Хацела б, каб усе вакол прыслужвалі ёй, а яна толькі, як пані якая, каманды падавала.
Што праўда, то праўда. Нават старая Барбарка, Зосіна маці, наколькі ўжо цярплівая жанчына, а і то не вытрымала, паскардзілася ёй аднаго разу: «Марылько, свашко мая дорогая, жыткі няма ад маёй Зосі. Усё ёй не так, усё ёй не гэтак. Колькі мне тут жыць засталоса, а яна ні на дзень спакою не дае, поедам есць. І што з ёю сталаса - розуму не дабяру. Усё адно як з ланцуга сарваласа. А беднаму Янаку...»
Дастаецца, ох дастаецца Янаку... Чаго, здавалася б, жанчыне трэба? Янак і ў хаце памагае, і свінням дае, і на работу штодня бегае. То хоць бы ўжо маўчала, калі чалавек стараецца. Не, усё роўна незадаволеная, чапляецца на кожным кроку. Сама ж, акрамя дзіцяці, нічога больш не знае. Хаця гэтаму дзіцяці другі год ужо, дзякуй Богу, можна было б пакінуць і на старую, а самой і ў агародзе што зрабіць, і ў калгас, як людскія жанкі, схадзіць. Куды там. Прыдумала сабе нейкую хваробу, кажа, як нагнецца, то галава кругам ідзе, млосна робіцца, і сядзіць сабе дома, у цянёчку.
Янак дастаў цыгарэту, лапнуў па кішэні, шукаючы запалкі.
- Ты б от лепш чаго з'еў, чым смаліць гэту атруту, - сказала Марыля. - Сала унь вазьмі, мяса.
- Нічога, мама, нічога, - як бы не чуючы яе, гаварыў пра сваё, набалелае, Янак. - Калі яна такая разумная, калі яна пачынае папракаць мяне за кавалак хлеба, то я ёй устрою. Кіну к чортавай матары і гэту хату яе, і дабро, а сам паеду. Хай робіць што хоча. Хай паскача адна.
- Куды гэто ты паедзеш? - занепакоілася Марыля. - Што ты чаўпеш дурное! А пра дзіця падумаў?
- Я-то падумаў. А цяпер хай трохі падумае і яна... Мама, у вас запалкі ёсць?
Марыля ўзяла з прыпечка карабок, падала. Янак пусціў праз нос густы струмень дыму, пасміхнуўся: