- Не буду. Ты клычыш на мяне. Я сказу бабе Сані.
- Скажы, унучак, скажы, - пачула Марыля голас дачкі, якая выйшла са спальні і стаяла ззаду. - Усё скажы. Крыўдзіць цябе баба Мыля? Крыўдзіць майго залаценького? У-у, мы зараз бабу Мылю наб'ем. Ну-ну, баба Мыля! - памахала, пагразіла ёй пальцам Саня. - А ты еш, мой каток, еш, мой залаценькі. Ну разяў роцік. Ап! Маладзец...
- Ну што ты мажашса з ім, як з немаўлём якім, - не вытрымала Марыля. - І так ужэ спешчаны без меры.
- А хто ж яго, бедную сірацінку, пашкадуе? Вам бы толькі крычаць на яго да калі што якое за фартух хапацца.
- Ушкадаваласа!.. Глядзі толькі, коб пасля табе гэта не выйшла бокам. Ён ужэ і цяпер гатовы на галаву сесці.
Старая ўзяла цабэрак з тоўчанаю бульбаю, пайшла з ім у сенцы - гатаваць мяшанку кормніку. Калі вярнулася ў хату, малы, ужо апрануты, грукацеў на падлозе сваімі грузавікамі і танкамі. Саня круцілася ля трэльяжа - збіралася ў кантору.
- Мамо, - павярнулася да яе дачка. - Як прыедзе Віктар, скажаце, што я сёння паеду ў Пінск. Па грошы. А вы прыберацё на двары і ў адрыне. І цялятко не забудзьцеса выпусціць на поплаў. Чуеце?
- Чую, чую... - без асаблівай ахвоты азвалася Марыля.
Нейкія не то крыўда, не то жаласць да самой сябе зноў развярэдзілі сэрца. Толькі і ведае, што загадвае, як парабчанцы якой! Усё ўспомніць: і свіней, і цяля, і агарод. Забывае толькі папытацца, як сябе адчувае яна, яе маці. Думае, што калі яна заўсёды цягнула, не скардзілася, дык і вечна так будзе. А яно ўжо так не выходзіць. Конь і той прыстае з гадамі. Ёй жа, дзякаваць Богу, з леташняй зімы пайшоў ужо восьмы дзесятак.
- Ну, я пайшла, мамо... - Дачка ў сінім лёгкім плашчыку стаяла ў парозе. - Паўлік! Ідзі пацалуй бабу Саню. Ну, хутчэй!
Той неахвотна адарваўся ад сваіх цацак.
- А цукелкаў плынясеш?
- Прынясу, абавязкова прынясу, мой унучак.
Малы абыякава чмокнуў яе ў шчаку.
Саня пайшла.
Цяпер можна было перакусіць і самой. Марыля спаласнула рукі, расчасала свае рэдкія ўжо, ссівелыя валасы, прысела да стала. Есці, аднак, не хацелася. Калі б не работа, якая чакала яе, яна, пэўна, і не дакранулася б ні да чаго, выпіла б толькі гарбаты. Але за адной гарбатай і ног не пацягнеш...
Калі старая прыбірала са стала, прыехаў Віктар. Увайшоў у хату ажыўлены, давольны: усё ўдалося, як і хацеў. Цяпер заставалася толькі ціха забраць накошанае.
Неўзабаве пайшоў на работу і зяць.
Засталася ў хаце яна адна. Ды яшчэ Паўлік, які гуляў на падлозе са сваімі жалезнымі цацкамі, грукацеў так, што ажно ў скронях аддавала. Але Марыля ўжо нічога не гаварыла, цярпела. «Абы забаўляецца, абы маўчыць...»
Трэба было прыбіраць у хаце, чакаў іншы клопат, а яна ўсё сядзела і сядзела на табурэтцы і не магла крануцца. Не тое каб ёй не хацелася ўставаць, але нейкая млявасць, нейкая абыякавасць як бы прыдавілі да гэтай табурэткі, і не было сілы падняцца.
«Не, так нельга. Так можно раскіснуць зусім».
Марыля праз сілу ўстала, узялася за работу. Перш за ўсё навяла парадак у спальні - заслала ложкі, працёрла вільготнай анучай падлогу. Прыбрала, памыла посуд на кухні. У зале ёй рабіць асабліва не было чаго. Адно хіба толькі змахнуць пыл з тэлевізара ды паліць вазоны. Парадак тут трымала сама дачка, не давяраючы гэта нікому - баялася, пэўна, каб не папсавалі яе дарагіх дываноў, далікатнай канапы і вельмі ўжо адмысловага серванта, застаўленага крышталём ды рознымі талеркамі. Гэтага дабра тут было поўна, а Саня ўсё купляла і купляла.
- Ну і нашто табе гэтулькі? - не стрымалася, сказала неяк дачцэ з дакорам. - Ты ж нават гасцям не дастаеш.
- Гэто гледзячы якія госці. От прыедзе Віктарава начальства з горада, простых шклянак не паставіш. І звычайных талерак таксамо. Трэба, коб усё було па-гарадскому.
- Ну дак ужэ ж тут у цябе не на адно начальства хопіць.
- Хопіць не хопіць - маё дзела, - сказала Саня. - Няўжо калі нешто купіў, то абавязкова, коб карысць давало? А калі стаіць просто так, для красы, хіба гэто кепско?
- Ніхто й не кажэ, што кепско. Але ж усё гэто - грошы. І, мусіць, не малыя.
- Што грошы? Сёння яны ёсць, а заўтра - няма. А дабро застаецца. Дый нельга ж ад людзей адставаць! Чым мы горшыя за іншых?
- От, от... Стараецеса адзін перад адным, гатовы ў аладку распляскацца. А нашто? Нашто табе ўсё гэто? Толькі хату завальваць.
- Ай, мамо! - сказала з раздражненнем Саня. - Не разумееце нічого, дак не лезьце.
Пасля гэтага Марыля хадзіла і ўсё думала: а можа, яна сапраўды ўжо такая старая, што нічога не разумее? Ці то час цяпер такі, што чалавеку мала ўжо простага ложка, звычайнай шафы, навыдумлялі нейкіх гарнітураў, сервантаў розных, да якіх не ведаеш, як і падступіцца. Людзі нібы пашалелі, грабуць пад сябе, грабуць - і ўсё ім мала. І ўсё квокчуць, стогнуць, што кепска. Як бы і не бачылі ніколі галечы, як бы і не жылі зроду ў нястачы, у бядоце, калі кавалку чорнага хлеба рады былі. А цяпер... Поўная хата дабра, ходзяць, калоцяцца ля яго: не дакраніся, не дыхні. І ўжо, барані Бог, не там сядзь, не так нешта палажы. Свет пайшоў! Век звекавала, а такога ў вёсцы не бачыла: каб чалавек вакол шафы якой бегаў і дагаджаў ёй, нібы пані.