На двары стаялі дзяўчаты, жанкі. Але што рабілася ў хаце, было не відаць: шыбы паўмярзалі ажно даверху. Марыля ўсё ж адшукала чысты лапік і прыпала цікаўным вокам.
У хаце, над сталом, гарэла лямпа - тады гэта лічылася яшчэ вялікай раскошай - і было непрывычна светла. Кандрат сядзеў за сталом наструнены, трымаў рукі на каленях. Відаць, хваляваўся. Ён быў у блакітнай сарочцы, у новым касцюме. Блакітная сарочка хораша пасавала да яго вачэй. Зірнула яшчэ раз - вочы Кандрата здаліся ёй сумнымі-сумнымі.
Шкада стала хлопца. Ці не бацькі прымусілі ісці ў гэтыя сваты? Ці не пагналіся за багаццем? Ведама ж, Хвелькі - першыя багатыры ў вёсцы.
У сенцах раптам пачуліся крокі, забразгала клямка. Усе, хто быў пад вокнамі, сыпанулі з двара на вуліцу.
На ганак, ляснуўшы дзвярыма, нехта выскачыў. У цемені не разабраць было хто. І толькі калі постаць трапіла ў палоску святла з акна, усе пазналі: Кандрат! Апранаючы на хаду кажух, ён прабег міма і знік у цемнаце.
За ім моўчкі прайшлі сваты - прысадзісты, з кіем у руках Падгародзец і доўгая, бы жардзіна, Падгародчыха.
- Не згадзіласа... - пачуўся ў жаночым гурце здзіўлены перашэпт. - Ба-ач ты!..
Неўзабаве Марыля ўбачылася з Кандратам яшчэ раз, на тых самых вячорках, куды яе амаль сілком прывяла Гандзя.
Доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі тады збіраліся ў каго-небудзь у хаце - пралі, вязалі або вышывалі і паціху гаманілі, спявалі, пацвельваліся з хлопцамі. А калі заяўляўся гарманіст - адкладалі працу, танцавалі.
Кожны канец меў сваю зборню. «Пахуўскія» збіраліся звычайна ў Кавалішынай Вольгі, «вулічныя», куды была «прапісана» і Марыля, - часцей у Яворскіх. Сям'я Яворскіх была бедная, можа, адна з самых бедных у вёсцы, але ніколі ў іхняй хаце не панавалі ні смутак, ні скруха. Завадатарамі былі тры дарослыя дзеўкі. Вясёлыя, галасістыя, яны хвіліны не маглі сядзець без жарту, без песні. Не адставала ад дачок і гаспадыня - пявуха была ўга якая!
Да Яворскіх той зімой стаў заходжваць і Кандрат. Хоць жыў ён у пахуўскім канцы. А існавала няпісанае правіла: кожны трымаецца сваёй зборні. І калі хто з хлопцаў асмельваўся парушыць правіла, такога адводзілі ўбок і строга казалі: «Табе што, сваіх дзевак мала? Глядзі, а то...»
Кандрат з зацятай упартасцю працягваў хадзіць. Не пабаяўся пагроз.
Так яны і сустрэліся ў Яворскіх.
Марыля пры камінку вышывала ручнік. Дзяўчаты, кожная занятая сваім, ціха спявалі. Хлопцы сядзелі воддаль, лушчылі гарбузікі. Дражніліся:
- Маня, у цябе ж нітка крывая выходзіць, глянь!
Альбо:
- Гэля, а што гэто ў цябе адно вока глядзіць улева, а другое - управа?
Ці яшчэ што прыдумлялі.
Кандрат сядзеў якраз насупраць Марылі. Яна адчувала, што ён увесь час глядзіць на яе. Гэта яе бянтэжыла. Яна збівалася - то не дашывала крыжык, то рабіла лішні, паспешліва перарабляла. Адважылася: узняла галаву - Кандратаў позірк як бы апаліў яе...
Марыля пасядзела яшчэ трохі і стала збірацца.
- Пайду ўжэ, - сказала абыякава. - Позно.
- Якое там позно! - азвалася Яніна, дачка Яворскіх. - Пасядзі, Марылько. Першы ж раз у нас...
- Заўтра рано ўставаць. Едзем з бацькам на балото па сено.
- Ёй нельга: куры ж даўно на седале! - кінуў нехта з хлопцаў з'едліва, і ўсе зарагаталі.
Марылю як абдало варам - схапіла пад паху сваю работу і выскачыла з хаты...
І калі б хто сказаў ёй тады, што ўсяго праз паўгода яна пойдзе замуж за Кандрата, што іх лёсы сыдуцца - не паверыла б і слухаць не стала б. Бо нават тады, калі бацька павёў ужо гаворку пра замуж і ўпамянуў Кандрата Падгародцавага, яна хоць спачатку і абрадавалася была, але нават тады, разважыўшы пасля на адзіноце, абурылася: «Што, у яго самога мову адняло? Праз бацьку перагаворы вядзе». І цвёрда рашыла: «Не пайду! Хай і не думае...»
Яе нечаканая ўпартасць расстроіла бацьку, сваякоў. Яны ж гвалт як хацелі парадніцца з Падгародцамі. А Марыля ўперлася на сваім, і ўсё. Доўга не маглі ўгаварыць.
«Гэто ж трэба! Як цялушку якую таргуе з бацькам. Мне нават слова не сказаў, не папытаўса. За малую палічыў. Ну дак няхай і чакае, пакуль вырасту!»
Пазней, калі ўжо яны жылі разам і неяк пра гэта зайшла гаворка, Кандрат, апраўдваючыся, прызнаўся, што вельмі баяўся тады, каб і яна, Марыля, не адкінулася ад яго, і таму спярша паслаў ганцоў да бацькі.
Жылі яны з Кандратам без асаблівых любошчаў, але каб і сварыцца вельмі, то не сварыліся, няма чаго Бога гнявіць. Яднала іх праца. Восем дзесяцін поля, якое дасталося Кандрату па спадчыне, ды яшчэ ладны кавалак сенажаці на Востраве - патрабавалі, канечне, рук, сілы. І хоць маладыя яны абое былі, здаровыя, у самай, як кажуць, сіле, але каб управіцца, давесці ўсё да ладу, даводзілася рачкаваць на тым полі з цямна да цямна. Прывыклая, прагная да работы, Марыля і сябе не шкадавала, і мужу літасці не давала.