Выбрать главу

I ён стаў паволi адзявацца.

"Выйду я апошнiм, - думаў ён далей, - калi часам i абвiнавацяць, дык не я першы".

А ў чым яго цi каго другога з начлежнiкаў маглi абвiнавацiць, ён не знаў, ды i не стараўся высветлiць сабе. Таксама не знаў ён, чаго ён збiраецца ўцякаць - усе ўцякаюць нечага, значыць, i мне трэба. I адчуваў ён сябе так, як бы быў у чым вiнават. Але i заўсёды ён сябе так адчуваў.

З адным вялiкiм жаданнем як можна скарэй выбрацца адгэтуль пiльшчыкi рушылi з хаты. На дварэ было ўсё звычайна, так як i ва ўсякую другую ноч. Свяцiлi зоры, было холадна, у вёсцы не было нiякiх зыкаў.

I пасля таго суму i жаху, якi найшоў быў на iх у хаце, яны зразу адчулi ў сабе прылiў вясёласцi.

"Усё тое" асталося там, у хаце, гаварылi ў iх усе пачуццi, а тут "нiчога гэтага" няма, усё звычайна.

Угледзеўшы, што малодшы нешта падкладае жанчыне пад галаву, Кузьма ў нейкiм дзiкiм захапленнi закрычаў весела i моцна:

- Эй, ты там, камсамол, давай там якую-небудзь раду!

I потым, засаромеўшыся гэтае свае выхадкi, вiнавата выскачыў за вароты. Там стаяў Улас i ўсё тупаў нагамi на адным месцы.

Скрыпнулi вароты, i на вулiцу выйшаў жабрак, шэры i незаметны ў змроку.

- Слухай, ты, - сказаў яму Кузьма, - чаго ўцякаеш, спаў бы сабе там.

Жабрак нiчога не адказаў, а крута павярнуўся i пайшоў хутка ў другi бок, не аглядаючыся.

I ўсё думаў: "Скарэй бы далей адысцi, а то яшчэ дагоняць ды абвiнавацяць.. Нешта нейкае робiцца - уцякаюць, крычаць, стогнуць... Добра, што хоць выбраўся адтуль".

I нейкая буйная радасць саўсiм ахвацiла iх. Яны на хвiлiну аж прыпынiлiся сярод двара, як бы разбiраючы, дзе яны i што з iмi робiцца. I захацелася iм абодвум тады крычаць моцна або спяваць. I яны хутка пайшлi к варотам. Каля крайняга ад варот акна Кузьма прыпынiўся i глянуў скрозь асвечаную шыбу ў сярэдзiну хаты. Там, нагнуўшыся над жанчынай, стаялi ўжо ўсе трое - Мiкiтка i яго два спадарожвiкi.

I яшчэ хутчэй ён закiваўся па дарозе. А Ўлас i Кузьма пайшлi ў бок вёскi. Яны не аддавалi сабе адчоту, чаго яны ўцякаюць, ад чаго iм так весела. Хутка iшлi яны; мiнулi скора вёску i пайшлi палямi, самi не думаючы, куды - куды прывядзе дарога. Кузьма не думаў ужо нi аб гаспадарцы, нi аб спакойным жыццi дзе-небудзь у вёсцы. I было ў iх у абодвух такое пачуццё, хоць i зiмою цягацца па ўсякiх глухiх кутках, хоць вечна так вандраваць, абы быць далей ад усяго таго, што нават падобна да смерцi. Усё iншае не мае нiякае вартасцi, абы толькi жыць, жыць...

А ў той самы час у карчме было вось што: рыжы ўвайшоў у палавiну, дзе былi начлежнiкi.

- Паўцякалi, - сказаў ён дрыжачым голасам, агледзеўшы вакол хату. Паўцякалi, - яшчэ раз паўтарыў ён i, як бы ад слабасцi, сеў на лаўку каля парога i маўчаў.

- I гэтыя збiраюцца ўцякаць, - яшчэ сказаў ён, бачачы, што павятовыя нешта збiраюцца рабiць - тупаюць каля хворай i на хаду адзяюцца.

- Iдзi, Мiкiтка, запрагай, - сказаў старэйшы.

- Давай ключы, рыжы, - ухмыльнуўся Мiкiтка i пайшоў на двор.

А тыя два сталi гаварыць мiж сабою.

- Дык як жа мы яе паложым?.. - сказаў старэйшы.

- Возьмем у яго больш саломы, - кiўнуў галавою ў бок рыжага малодшы, усцелем воз i так павязём. А самi як-небудзь. Да ранiцы заедзем у горад, а там зразу ў больнiцу паложым.

На тварах iх таксама свяцiўся нi то нейкi страх, нi то нейкая непрыемнасць, але i нешта другое было ў рысах iх твараў.

Можна было, прыгледзеўшыся, угадаць iх настроi.

Чалавек павiнен перамагчы ўсё, што толькi ёсць на свеце; нават i тое, што палажыла свой страшны адбiтак у вочы кабеты.

I яны спакойна збiралiся ў дарогу.

- Браточкi ж мае, - загаварыў раптоўна рыжы, скочыўшы з лаўкi, - гэта ж вы яе з сабою заберацё. Я хоць пабягу вароты вам адчыню, а то адна фортка, лiха ёй, як нi круцi, усё роўна зачыняецца назад, i ў поўначы можна калясом учапiць.

I ён у звярыным захапленнi, без нiякай свядомасцi, забегаў па хаце, блытаючыся ў словах, няведама дзеля чаго расказаў, як у яго летась рабiлi вароты i адну фортку кепска зрабiлi, потым перавярнуў сваю гаворку на тое, што гэтай восенню ў яго падохла многа гусей. Не замячаючы ўсмешак на тварах слухачоў, ён пабег скоранька памагаць Мiкiтку запрагаць конi. Паадчыняў ён усе хлявы, шукаючы Мiкiткавых хамутоў, i нiяк не мог супакоiцца. Як праз туман бачыў ён, як тыя двое вынеслi жанчыну, палажылi на воз i сталi ўкрываць кажухамi. Ён радасна бегаў вакол воза i ўсё стараўся памагаць, але толькi замiнаў усiм...

Мiкiтка порстка ўскочыў у перадок воза, дзе ўжо, цесна прытулiўшыся адзiн к аднаму, сядзелi яго спадарожнiкi, i пагнаў конi. За варотамi ён моцна свiснуў; конi ва ўвесь дух рванулi па сухой дарозе.

Рыжы не зачынiў нават варот, а пайшоў зразу ў хату. I ўсё хадзiў там з кутка ў куток, не ведаючы, што яму рабiць ад дзiкае радасцi, якая раптоўна захапiла яго. Ён ужо не думаў аб тым, што з адчыненых хлявоў павыходзiлi на двор яго конi, каровы i авечкi, што могуць яны пацягнуцца куды-небудзь у поле i прапасцi там. Яму было не да гэтага.

Спявалi пеўнi ў вёсцы, скрыпеў ужо недзе калодзеж, а ён усё хадзiў па хаце, без нiякiх думак, увесь ахоплепы наплывам радасных пачуццяў.

I ўвесь астатак ночы было ў яго такое ўзбуджэнне.

Даўгiя асеннiя ночы.

Пiльшчыкi ўжо дзесяць вёрст адышлiся ад вёскi, а толькi яшчэ свiтаць пачало.

Збоку дарогi, каля кустоў ядлоўцу сталi яны супачыць i агледзецца пасля свайго нервовага ўзбуджэння. Новы дзень нараджаўся светлым i вясёлым. Ужо трапяталiся светлыя колеры на ўсходняй старане неба; кусты аддавалi сухiм, халодным пахам, палi, пустыя i вялiкiя, поўны былi дрымотнай асенняй цiшы.

На дарозе застукалi калёсы. Пiльшчыкi азiрнулiся.

Прытулiўшыся адзiн к другому, траслiся ў цесным перадку "павятовыя начлежнiкi" рыжага - высокi чорны камунiст i нiзкi, чырвоны ад холаду, камсамолец.

Укрытая кажухамi, ляжала на возе хворая жанчына. На самым перадзе на каленях стаяў Мiкiтка i з усiх сiл гнаў конi.

Пiльшчыкi пастаранiлiся; яны саўсiм зышлi ў бок ад дарогi.

Мiкiтка махнуў пугаю, свiснуў на конi, хiтра i весела падмiргнуў у бок пiльшчыкаў, нясмела пазiраўшых на дарогу.

1924

Каментары

Друкуецца па газеце "Савецкая Беларусь", 1924, 24, 25, 27-30 траўня, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.