Выбрать главу

— Вечаровы гудок, — занепакоена пракаментавала дзяўчына. — Часу засталося мала. Хутка нас пачнуць шукаць.

Збегшы на ніз і дазволіўшы мурыну прачыніць перад намі дзверы, мы заскочылі ў ландо першага з чаргі хвата. Тарантас чакаў кліентаў ля гатэля ўжо даўно, бо гаспадар паспеў закімарыць.

— Маёнтак Пшонак. Пільна. Плацім чатыры срэбныя, — распарадзілася дзяўчына.

Выглядалі мы пры гэтым, мабыць, даволі страката, бо зух не спяшаўся хвастаць коней.

— Я, канечне, вельмі айэмсоры! — сказаў ён, пацягваючыся. — Але ці не маглі б вы разлічыцца наперад? Так фаэтон бадзёрай пойдзе. Пасля таго, як коні грошы пабачаць! Яны ў мяне шалёна сквапныя!

Мая спадарожніца пачала ліхаманкава шукаць па кішэнях, але я ўжо зразумеў памылку, намацаў у апранутым на мяне паліто батарэйкі і працягнуў яму пяць штук.

— Даем пяць, але педаль у падлогу! — Пабяжым галопчыкам, ваша эксцэленцыя! — ён скіраваў павозку да задняй вуліцы, што цягнулася паралельна з праспектам. — Ці магу я запытацца, што цягне людзей у масках так далёка ад карнавалу? Прыватная вечарынка? Вы толькі нічога не падумайце! Цікаўлюся чыста сацыялагічна!

Гэта быў такі тып кіроўцаў таксоўкі, што ўвесь шлях балбочуць. Не жадаючы размаўляць з ім, Дама клацнула зашчэпкамі, і над намі распоўзся скураны гармонік даху. Пасля яна бесцырымонна захінула мехавую завесу, якая аддзяляла пасажыраў ландалета ад курасадні фурмана. У салоне запанаваў змрок, парушаны толькі вандроўнымі ліхтарамі, што луналі за пластыкавымі вакенцамі. Калі за бортам мільгануў дамок Валовічаў, мая суўдзельніца нягучна, але вельмі злосна сказала:

— “Валовічы", як жа. Гуры — іх сапраўднае прозвішча. Калгасная эліта. Былі пры рэсурсе, калі час спыніўся. Старэйшы — кіраўнік райвыканкама, жонка ягоная ў гарвыканкаме. Гуры. Найгоршы раён краіны. Пасля Зацямнення назваліся Валовічамі, заехалі ў іхны маёнтак. Забралі чужы герб. Намалявалі фальшывы радавод. Гараджане, канечне ж, усё памятаюць. Але маўчаць. Бо каму ахвота барукацца з уладай. Вось і ўся арыстакратыя.

Мы паглыбіліся ў цемру ды галопам панесліся праз жылыя кварталы непараднай часткі горада. Мінакі тут амаль не сустракаліся, агнёў таксама зрабілася меней. Затое пасярод шчарбатых сталінскіх баракаў, чэзлых панэлек ды вясковых хацін сталі трапляцца фермы ды майстэрні небагатай тутэйшай індустрыі. Толькі тут я ўсвядоміў веліч і размах гэтага месца: паселішча раскінулася па вялікай тэрыторыі, усмактаўшы ў сябе некалькі навакольных сёлаў. Знікненне сонца спустошыла былыя сталіцы ды прыцягнула іх насельнікаў у няісныя раней мегаполісы, і магнітам тут выступала электрычнасць.

Выглядала, мы імкнуліся ў кірунку ТЭЦ, бо паветра зрабілася меней празрыстым, напялася смогам, у жалабках шыферных дахаў сабраліся чорныя ручайкі пылу. Вельмі карцела спытацца ў дзяўчыны, што яна задумала, але, як выявілася, Дама была на іншай хвалі.

— Скажы, а як яна выглядае? Тая, каго ты імкнешся расшукаць? — святла хапіла для таго, каб пабачыць закушаныя вусны. — Вельмі прыгожая?

Ці можна адказаць на такое пытанне? Канечне ж, прыгожая. Вельмі прыгожая. Але хіба справа ў гэтым? Падумаўшы, я палез у кішэню сваіх барочных нагавіцаў і дастаў футлярчык візітоўніцы. Клацнуў, адмыкаючы, і працягнуў тое, што старанна зберагаў увесь гэты час...

Мы жылі тады ў прыўзнятай на палях хаціне ў бамбукавых зарасніках за тры крокі ад мора. На таемным пляжы ў Камбоджы, які пасаваў пад паняцце раю так блізка, наколькі гэта наогул магчыма. Ранкамі нас будзілі спевы птушак — складзеныя з бамбуку сцены не прыцішвалі сімфонію прыроды. Днём купаліся ў моры, увечары елі смачнюткае зялёнае кары з крабамі ды запівалі яго фруктовымі фрэшамі. Калі адчуванне часу канчаткова знікла, а патрэба адлёту ў родныя маразы растала ў бесклапотным ценю бамбукавага гайку, яе зняў вандроўны фатограф на камеру палароіднага тыпу. Здаецца, гэта быў Instax — апошняя спроба вярнуць людзей да друкаваных фотаздымкаў у свеце, дзе хатнія альбомы ўжо перакачавалі ў тэлефоны і яблычнікі.

Дзядзька выглядаў на старога еўрапейскага дзівака — даўгія сівыя валасы, штыкеціна, прыклееная да вуснаў. Такіх многа бадзялася па ўзбярэжжы. Мы пілі індыйскі малочны чай у кавярні на пляжы, назіраючы, як вечаровае сонца дае нырца ў барвовае мора. Ён выйшаў з захаду ды забраў у вечнасць толькі яе. Толькі маю адзіную. Адкінуў свой брылясты капялюш на патыліцу, выцаліў і пстрыкнуў. Да таго, як мы паспелі запярэчыць. Я ў кадр не трапіў. Стары сказаў, што ён зрабіў здымак абсалютнага чалавечага шчасця. І што здымак будзе каштаваць “файв дола”. І калі мы адмовіліся, паведаміў, што сабекошт гэтага пстрыку — ван дола, і мы пакінем яго без вячэры, калі не пагодзімся на прапанову. Я даў яму тры, і гэта фатографа цалкам задаволіла. Дзякуючы колішняй шчодрасці, у мяне засталася выява. Адзіная выява зарумяненага вечаровым сонцам аблічча.