Выбрать главу

Дама Карнавалу прыняла здымак, прыхілілася да акна і, нічога не разабраўшы, намацала ўключальнік святла. Над намі запаліўся прымацаваны да скураной столі ліхтарык — напамін пра венскія карэты Моцартавых часоў. Зняла маску ды ўгледзелася ў фота. Усміхнулася — адным кутком вуснаў.

— Зараз зразумела, — вымавіла яна, вяртаючы картку. — Зараз зразумела.

Яна вымкнула святло, ды, хутчэй, чым я што-небудзь усвядоміў, падсела бліжэй да мяне. Потым мая маска была ўладна ссунутая ўверх, а яе вусны крануліся маіх. Яе дыханне было такім жа, як і валасы: язмін, карэнне касачоў, дубовы мох. Дзяўчына абвіла мяне рукамі і прыціснулася, і шчокі яе гарэлі, а вочы, залітыя тыгрынымі адбіткамі запаленага бурштыну, забіралі душу. Я не выхапіў момант, калі яна апынулася на мне, прагна заціснуўшы сцёгнамі, і гэта было вельмі прыемна, і хацелася, каб яна ўціскалася мацней. Яе далонька намацала пас і пачала спускаць мае нагавіцы, а сукенка ўжо расшпілілася, і пад ёй было бялявае полымя, і тут я адарваўся ад яе вуснаў і, паклаўшы рукі ёй на плечы, адхіліў яе. Дрыготкім сподам далоні пагладзіў яе па шчацэ. Прыгожая. Вельмі прыгожая. Але хіба справа ў гэтым?

— Я хацела толькі адчуць, як гэта. Калі цябе кахаюць, — задыхана сказала нарэшце, зашпільваючы каўнер.

І тут карэта спынілася. Прыцемненая вуліца, шчарбатая галерэя ліхтарных слупоў, асветлены будынак наперадзе.

— Вас на тэрыторыю заязджаць, ці панства ля варот выгрузіцца? — запытаўся галасок рамізніка. — Калі на тэрыторыю — трэба падзынькаць, каб браму адкрылі.

Мы сутаргава запраўлялі вопратку, як застуканыя на бэкстэйджы школьнага выпускнога старшакласнікі.

— Не трэба! Мы тут выйдзем! — загадала Дама карнавалу ды першай саскочыла з каляскі. Я, яшчэ крыху расхрыстаны, паспяшаўся за ёй. Зух зрабіў круты разварот і прыпусціў назад да цэнтру ды натоўпу патэнцыйных кліентаў.

Трубы электрацэнтралі гралі пры маёнтку Пшонкаў прыкладна тую ж ролю, якую для іншых палацыкаў забяспечвалі дубочкі, пасаджаныя ля вокнаў. Дом стаяў у сені жэралаў, што выкідвалі вугальны дым. Ягоныя сцены былі счарнелыя праз адкіды. Ля брамы, як і пры доме Валовічаў, быў уторкнуты бігборд. З яго глядзеў дзяцюк, пастрыжаны паўбоксам ды апрануты ў спартовы касцюм “Адыдас”. Малады воўк, які сам не заўважыў, як пастарэў. Сівы баксёр пасміхаўся, агаліўшы прыкладна семдзясят адсоткаў зубоў, з-за чаго постар можна было прыняць за рэкламу стаматалагічнай клінікі. Побач з Пшонкам-старэйшым у разняволенай позе стаяў уладальнік штроксавага лапсардака, скураной камізэлькі ды скуранога капелюша стэтсан. Мядзяны твар глядзеў проста ў кадр, Пшонка-старэйшы быў напалову павернутым да свайго спадарожніка. З гэтай ліслівай паставы ўзнікала адчуванне, нібы баксёр паддобрываецца да каўбоя. “РАЗАМ У КВІТ І ДАБРАБЫТ” — было напісана ўнізе.

— А што тут робіць Самуэль? — запытаўся я, не верачы вачам. — Гэта не Самуэль. Гэта мой бацька, — Дама Карнавалу ўказала на сівога баксёра. — А побач? — Побач — Геолаг. Вельмі паважаны ў горадзе чалавек. Ён навучыў людзей, як аднавіць працу ТЭЦ ды раскрыць закінутыя радовішчы вугалю. — А! — сказаў я, усё яшчэ нічога не разумеючы. — Геолаг уваходзіць у кіроўны савет гільдый і часам з’яўляецца на зборах радавітых. Але толькі тады, калі маршрут яго вандровак праходзіць праз наш горад. Ён не жыве на адным месцы, хаця яму падарылі герб і палац. Акурат быў тут тузін гудкоў таму.

Адгадка майго карнавальнага касцюма была недзе тут.

— Ты пазнаёміш мяне з бацькам? — запытаў я, ідучы за ёй. — Бацька на карнавале, запрошаны на баль. Як і астатняя сям’я, — дзяўчына кінула сваю маску ў сметніцу і набрала доўгую лічбавую камбінацыю на замку брамы. Калі вароты адчыніліся, яна паімчала — але не да дома, а ў бок схаваных за маёнткам нізенькіх стадолаў, падсветленых знутры.

На падыходах да аднапавярховых пуняў з цемры выслізнула адразу некалькі цёмных фігур са зброяй. Яны рушылі абсалютна бязгучна, як той баец прыватнай арміі Камандантэ. Атачыўшы нас, цені замерлі моўчкі, не ўздымаючы руляў. Спыніліся і мы. Спатрэбілася некалькі секунд, каб, пазнаўшы маладую гаспадыню, яны без словаў уцягнуліся ў цемру, як хваля вяртаецца ў акіян.