Вакол кожнага дамка быў пасаджаны капітальны забор з металічнай сеткі з ліхтарамі праз кожныя сто крокаў. Па агароджы шлі аднолькавыя пазнакі з маланкай, чэрапам ды касцямі. Роўны электрычны гул, які стаяў у паветры, дапускаў, што гэтым разам папярэджанне — не цацкі і, крануўшы сталь, можна злавіць паўтара амперы на азадак.
Праз закратаваныя вокны адкрывалася нутро адрын: па падлозе ішлі таўшчэзныя правады, прылепленыя да шэрагаў аднатыпных бляшаных шафаў. Здалёк усё было падобным да сервернага пакою вугальнай эпохі. Калі б Віктарыянская Брытанія вырашыла пацешыцца хостынгам, яе сховішчы мусілі б выглядаць так.
— Што гэта? Ваша сям’я вырашыла пабудаваць суперкампутар? — запытаў я. — Гэта цэхі па вырабе срэбра. Мой бацька майніць цынк, я ж казала, — Пшонка размаўляла, не збаўляючы хады. Мабыць, каб на яе нагах былі сабо, яна б злосна клацала імі — яе настрой быў у цэлым зразумелы мне. Мы ішлі сярод аднапавярховых адрын, з якіх быў узведзены цэлы пасёлак. — “Майніць цынк”? — перапытаў я. — Гэта як? Тут робяць батарэйкі з вугалю? — пасля згадкі Самуэля я б гэтаму не здзівіўся. — Не робяць. Зараджаюць, — Дама азірнулася на мяне, вочы былі як у Герды, калі тая пачынала сумнявацца ў маёй разумнасці. — Мы выкарыстоўваем электрычнасць, якую стварае ТЭЦ, для аднаўлення акумулятараў, якія выйшлі з ужытку праз страту зараду. Каб не было такога аднаўлення, чалавецтву трэба было б шукаць іншыя грошы. Бо цынк, хай сабе павольна, але спажываецца. Налобнікі і іншае. — А чаму “майніць”? — перапытаў я. — Гэта ж ад “майнінгу”? Здабычы выкапняў? — Бацька любіць казаць, што пасля эры біткойнаў, “майнінг” пачаў азначаць вытварэнне грошай з паветра. Што, дарэчы, і адбываецца на нашых фермах.
Мы выйшлі за энергетычнае паселішча ды замёрлі пасярод выгану. Надзел у Пшонкаў быў такі велізарны, што на ім можна было б пасвіць мамантаў. Прычым, пакуль маманты выгрызалі б травічку на адной частцы надзелу, яна б паспявала нарасці на другой. Раззлаваная прыгажуня стаяла нерухома, пастукваючы чаравікам па зямлі, як быццам бы прамацваючы яе. Яна працягнула:
— Але майнім мы строга па квотах, якія нам спускаюць гільдыі ды радавітыя. Каб мы раптам не наляпілі зашмат гатоўкі ды не выклікалі інфляцыю. Наш інтарэс — адна дзясятая адсотку. Астатняе забірае горад. Але нам хапае. Так мы, прынамсі, кажам.
Яна нахілілася да зямлі і пачала шнарыць па ёй рукой. Нарэшце, схапілася за шнурок, які быў пад травой, і пацягнула яго, падымаючыся. Шнур выцягваўся так, як звычайна выходзіць нітка са швэдра, з напругай, але ўпэўнена.
— Горад пільнуе, каб мы не парушалі квоты: уздоўж плоту пастаўленыя камеры, якія сочаць, каб ніводнага грузу не пакідала нашу тэрыторыю без дагляду іх кантралёраў. Паставіць відэаназіранне на нашым полі яны не могуць, бо гэта прыватны феод. Што яны не ведаюць,— шнурок зачапіўся за прыхаваны трымальнік, і ля нашых ног прасеў зямельны слой. Пасярод дзёрну ўтварылася дзірка. — Дык вось. Што яны не ведаюць, дык гэта тое, што калі твой прадзед быў вугальшчыкам, а дзед шахцёрам — ты будзеш ведаць геаграфію ўсіх штольняў пад зямлёй. І для цябе няма праблемы скідаць штомесяц да трыццаці тысяч срэбных грашовым маклерам-пральнікам, якія б потым вярталі гэтыя грошы ў твае скарбонкі па зямлі за тавары, якія ты ім ніколі не прадаваў. На сціплае вяртанне ў дваццаць адсоткаў. — Беларусь — краіна партызанская, — уражана пракаментаваў я пабачанае. — Я высачыла бацьку па даручэнні маман. Тая заўважыла, што ён кожны пяты вечаровы гудок ідзе з ложку падчас глыбокага сну і падумала, што ён завёў сабе самадайку ў чырвоным квартале. Унізе — закінутая штольня, якая выходзіць на паверхню за пяцьсот метраў, ужо за валам. Пад драбінамі стаяць вазкі, на якіх бацькавы людзі выцягваюць не ўлічанае срэбра, дык не прабі сабе галаву. На выхадзе са штольні — мястэчка кантрабандыстаў, за ім — рака Эрыдан. Па ёй рушыш на поўдзень.
Дзяўчына паднаціснула ножкай на зямлю, пашыраючы прагал. Дзёран і трава былі налепленыя на металічныя лісты, хаваючы ўваход. Пшонка-малодшая здзерла сурдут ды пацягнулася за сваім паліто.
— Ты хіба не са мной? — Ліхтар у цябе ёсць? — яна моўчкі пахістала галавой.
Я выцягнуў вечны налобнік і прад’явіў ёй.
— Не хочаш пайсці разам? — Разам? — яна перапытала гучней: — Разам? Шукаць тваю каханую? А жыць потым таксама будзем разам? Утрох? — Можна ж вырушыць адсюль удвох, потым разысціся. Ці лепей заставацца ў горадзе Карнавалаў? — Карнавалаў болей не паўторыцца. Ніколі. Я прасачу, — яна закусіла вусны.
Я зашпіліў сурдут, нацягнуў на галаву ліхтар. Паглядзеў на пакрыўджаны твар, на сцятыя вусны. Карнавал яна будзе адмяняць. З аднаго боку, шалёныя грошы ў бацькоў ёсць. А такіх адмыслоўцаў, як армія Камандантэ, па пустках гойсае легіён. Але я пажадаў бы, каб тут не скончылася, як з Гаўрошам у Гюго. Ці не абмежавалася заменай Валовічаў на Пшонак.