Я маўчаў, спрабуючы асэнсаваць сказанае. Каўбой працягнуў:
— Пабач гэтую сітуацыю не з пункту гледжання “за што?” Глянь на яе праз акуляры “для чаго?” — І для чаго тады? Вы хочаце сказаць, што чалавецтва б атрымала электрычнасць раней, калі б Пілат не пакараў смерцю Хрыста? У гэтым сэнс гэтага вашага “алгарытму”? — Я хачу сказаць, што кон складаецца і з таго, што робяць з героем іншыя людзі. І высновы часам трэба рабіць менавіта пра іх. Да таго ж. Адкуль ты ўзяў, што электрычнасць — узнагарода? Яна цягне за сабой і атамную бомбу, напрыклад. Яшчэ я хачу сказаць, што калі трымацца мовы хрысціянства, дык усе людзі — сыны і дачкі Божыя, а не толькі тыя, хто ходзяць па свеце і вучаць, як правільна жыць. І з гэтага пункту гледжання Адам, які прабіваецца праз цемру да сваёй Евы, і не збочвае нават тады, калі логіка кажа яму, што трэба вяртацца, роўна варты павагі. Я не бачу, чым каханне да аднаго чалавека горшае ці ніжэйшае за марную мару выратаваць увесь свет. Які не шукае паратунку.
Я спыніў падпампоўку, згадаўшы галерэю жанчын, з якімі дарога спрабавала пакласці мяне ў ложак. Сівы ўзняўся ды высунуў з-за скрыні ўжо бачаную мной скураную торбу-кофр.
— Вёслы на пяску пад днішчам, — сказаў ён, закідваючы торбу на плячо. — Пакінь тут адзін бурштынавы кавалак, калі будзеш гатовы вырушыць. Гаспадар чоўна — рыбак, яму трэба будзе набыць новую прыладу для працы.
Стары каўбой рушыў да лесвіцы, ды азірнуўся. Паправіў капялюш у задуменнасці, паглядзеў на чорнае неба, потым на мяне. Нарэшце выдаў:
— Вы ўвесь гэты час не там шукалі. Сонца не згасла, і Зямля не вышпурлілася ў далёкі космас. Змены адбыліся не з фізічнымі законамі. А з інстанцыяй, пра якую чалавек ведае меней за ўсё. З часам. Час у матэрыі спыніўся. У жывых істот — працягвае ісці. Менавіта таму хімічныя рэакцыі не працуюць, па-за межамі тых, якія я называю “халоднымі”. І, каб зразумець тое, чым паленне нафты адрозніваецца ад гарэння драўніны ці выцякання электрычнасці з батарэйкі, трэба спасцігнуць хімічную тэорыю часу, якая тлумачыць, як паводзіць сябе час у розных рэчывах. А для гэтага трэба перастаць жэрці планету і прыслухацца да шолаху зораў. Калі вы дойдзеце да гэтага, вам ужо не спатрэбіцца заліваць бензін ці вадарод у машыны.
Ён задраў галаву і ўтаропіўся ў Месяц, быццам спрабуючы зразумець па ягонай фазе, калі дакладна чалавецтва зразумее прыроду дачыненняў часу з субстанцыяй. Пасля павярнуўся да мяне і працягнуў:
— Пакуль час не пойдзе, тэмпература тут не зменіцца ні на градус. Бо для гэтага таксама патрэбны зрух. Гэта — не Зацямненне. Гэта — заміранне. У момант, калі яно адбылося, зона світанку знаходзілася на 87-ай зямной паралелі. Тут — вечная ноч, там — вечны дзень. Але ў вас не было тэлебачання, якое паведаміла б пра гэта.
Ён зрабіў яшчэ крок да лесвіцы, паклаў руку на хісткія парэнчы. Я ўсё чакаў, што ён зробіць які-небудзь цуд на развітанне, як тады, з рыбай. Але ён зноўку загаварыў:
— Прырода куды болей прыдатная для супрацы і сужыцця, чым думала чалавецтва да Зацямнення. І раптам хітра прымружыўся ды працытаваў: “У сведчаннях іх старажытных продкаў вы не знойдзеце ніякіх праблемаў з перамяшчэннем у прасторы. Выправіўся кудысьці за трыдзевяць зямель і дастаўся да месца. Ніякага пераадолення, ніякіх намаганняў, ніякай стомы”. Я б і рады быў пабалакаць яшчэ, ды мяне чакаюць, — каўбой тыцнуў пальцам у верх.
— На небе? — не зразумеў я.
Ён весела хмыкнуў, паказаўшы вачамі на лесвіцу.
— У кантрабандыстаў. Мяне запрасілі пайграць на гітары на мясцовым вяселлі. Будзем сёння добра піць. А табе трэба адказаць на званок.
І, хутчэй, чым я паспеў прыгадаць, што значыць выраз “адказаць на званок”, ён пабег наверх па прыступках і, гледзячы на ягоныя энергічныя рухі, можна было падумаць, што па гэтай лесвіцы ён лёгка забярэцца на нябёсы.
А прыстань агаласілася дзіўнымі гукамі. Калі б з чорнай ракі выскачыў цюлень, дастаў валторну і пачаў бы граць на ёй “Оду да радасці” Бетховена, гэта ўсё роўна было б менш дзіўна, чым гэтыя гукі. Таму, што мелодыя была стандартным выклікам тэлефона-яблычніка. Трэлі, падобныя да электрычнага салаўя. Рэфлекс абанента вымусіў мяне перастаць здзіўляцца і пачаць шукаць. І, пасноўдаўшыся па водмелі, я зразумеў, што мелодыя ідзе з драўлянай скрыні. Шчоўкнуўшы зашчэпкамі, я пабачыў там усялякі рыбацкі хлуд: велізарныя маткі лескі, грузілы, зробленыя з абцяжаранай волавам лыжкі, драўляныя распоркі пад вуду, паплаўкі, прынады ды воблеры, абсалютна не адрозныя ад печкуроў. І вось сярод усяго гэтага, падрапаны і з трэснутым шклом, галасіў і нервова вібрыраваў стары яблычны тэлефон. Я асцярожна ўзняў яго, унутры прылады нешта гучна перакацілася. На пабітым экране лунала зялёная іконка выкліку. Батарэйка была на чырвоным. Наверсе, там, дзе звычайна пазначаецца аператар ды праступае штыкетнік узроўню прыёму, быў надпіс: “No signal”. Я націснуў на значок трубачкі ды паднёс слухаўку да вуха.