Тэмпература вадзічкі будзе трымацца нядоўга, таму трэба спяшацца. Падхапіўшы з падлогі дынама-ліхтар, я хутка накруціў яго да трывалага бляклага ззяння і пабег у лазенку. Ванная, як водзіцца, – самы цёмны з пакояў кватэры, а млявы струменьчык з душа мае ўтульнае іржавае адценне, таму ў блакітным святле дыёднага ліхтара падаецца, нібы я мыюся гарбатай. На схаваных у сутонні палічках маецца і кавалачак мыла, падобны да расплюшчанай парафінавай свечкі. Перанакіроўваеш струменьчык дожджыку — і часткам цела, на якія не трапляе вада, робіцца вельмі халодна.
Герда нервова драпае дзверы. На яе думку, гаспадар занадта часта і доўга мыецца. Асабліва несвоечасова гэтая хваравітая звычка апаноўвае ім тады, калі трэба весці сваю адзіную сабачэнцыю гуляць. Легкадумны недапека-гаспадар! Расцёршыся злым, колкім ад холаду ручніком, я ўскочыў у паліто, надзеў важкую заечую шапку ды рушыў з сабулькай на вулку. Тут пакуль што зацішна: вольныя грамадзяне яшчэ таксама прымаюць душ.
Неба, як заўсёды, зацягнутае коўдрай аблокаў мядзяна-перламутравага адцення. Звычайнае зімовае неба над Мінскам: ні месяца, ні зорак. Ні радасці, ні надзеі. Як на карцінах старажытных майстроў у альбоме “Мастацтва савецкага пейзажу БССР”.
Па першым часе разумнікі з рынкавай плошчы, якія любяць паўдаваць вялікіх знаўцаў астраноміі, таргуючыся за кіло дроваў, спрабавалі даказваць (пераважна адзін аднаму), што менавіта аблокі дапамаглі пазбаўленай сонечнага святла Зямлі не змерзнуць. Але пасля таго як Гацак тысячу разоў празваніў “раніцу” сваёй жалязякай, а тэмпература на тэрмометрах вольнай Грушаўкі не змянілася ані на міліметр, застыўшы ў магічным “каля-нуля”, акадэмікі ў валёнках сціхлі.
Каб неяк азначыць гэты перыяд, калі раней было светла, а цяпер не, людзі выдумалі назоў “чорны дзень”.
І ўсё б нічога, калі б не было так халодна. Гердачка скончыла свой бізнес пры навакольным хмызняку і вярнулася да мяне, усяляк дэманструючы, што цяпер яна абсалютна не супраць вярнуцца ў кватэру і засвоіць колькі калорыяў.
Вада, у якой я дамываў посуд, імкліва схаладнела.
Функцыянал стандартнай трохпакаёўкі істотна змяніўся пасля блэкаўту. Халадзільнік з вісячым замком ператварыўся ў сейф для захоўвання цынку, каштоўных крупаў (дальбог, неўзабаве яны канчаткова ператворацца ў валюту і імі будуць разлічвацца за ўзнаўляльныя віды ежы), моцнага алкаголю (у мяне ёсць дзве траціны пляшкі сапраўднага Teacher’s) і рознай нятаннай гаспадарчай драбязы, кшталту налобных ліхтарыкаў. Газавая пліта вытворчасці берасцейскай фабрыкі “Гефест” зрабілася працоўным сталом: на яе капітальнай сталёвай крышцы, пад якой хаваюцца гарэлкі, вельмі зручна драбіць косткі для Герды (калі выпадае набыць сапраўднага мяса), ды калоць шчэпкі для балконнага вогнішча. Цікава, што — я не так даўно правяраў — газ яшчэ падаецца ў перакрытую па-над плітой трубу.
Шмат хто з вольных грамадзян муніцыпаліі Грушаўка закладвае вокны цэглай, ператвараючы свае квадратныя метры ў пячоры. Сэнс у гэтым ёсць, бо ўсё адно аніякага святла праз шыбы не паступае і ніколі не паступіць, а цэгла лепей зберагае цяпло, дазваляе назапашваць тэмпературу, якую аддаюць батарэі і чалавечае цела, праз дыханне. Але мне падабаюцца абрысы далёкіх таполяў на тле перламутрава-мядзянага неба. Мне падабаецца вастракутны ліст явара, які я бачу, прачынаючыся.
Я выйшаў на балкон, разнасцежыў шкляныя рамы і напіхаў трэсак у трубу самавара. Даўным-даўно, у далёкай-далёкай галактыцы, я набыў гэтую кватэру на грошы, атрыманыя за выкананне адной асабліва тлустай замовы. Сівагаловы папярэдні гаспадар нагадваў Марка Шагала, які своечасова вырашыў кінуць жывапіс, застацца ў СССР, ды перакінуцца ў навукова-тэхнічныя інтэлігенты. Балкон быў ягоным таемным садам: старанна абшыты вагоначкай, запраўлены ў шкло: латунныя шпінгалецікі, бляшаны рыштунак, мядзяныя галоўкі ў цвічкоў, якімі выкладзеная “змейка”. Самаробны шэзлонг з поручнямі, адпаліраванымі локцямі за дзесяцігоддзі чытання “Дружбы народаў”.
Я амаль плакаў, калі аддзіраў вагоначку, бо раскладаць вогнішча ў атачэнні драўляных паверхняў было пажаранебяспечна. А як прыкра было паліць шэзлонг! Зараз на балконе засталося толькі самае патрэбнае: пяцілітровы самавар з медалямі закіпае хутчэй, чым змерзнуць пальцы на нагах. Луджаны ў адным месцы, але такі, што без трэшчын каштуе ў дзесяць разоў даражэй. Пральная машынка ў якасці століка. Мікрахвалёўка-электрагрыль, на якой я, бывае, сяджу, калі не баюся адмарозіць азадак.