Пасярэдзіне, на цэльнаметалічным колавым дыску, знятым з “БМВ” пад вокнамі, — месца для кастрыка. Дыск каштаваў мне два цынкі разам з працай, якую з энтузіязмам выканаў сам гаспадар “БМВ”. Непасрэдна на бетоне раскладацца не рэкамендуюць.
Бразнула крэсіва, задыміліся трэскі. Зараз будзе сняданак. Ну, як сняданак. “Зранку” я звычайна выпіваю два кубачкі гарбаты з адным пакецікам “Прынцэса Нуры” і адным кавалачкам цукру, калі, вядома, няма перабояў з караванамі, і цукар даязджае да Грушаўкі. Адна прынцэса Нуры ведае, з чаго робяць тую “Прынцэсу Нуры”. Гандляры на рынку клянуцца, што напой — сапраўдны і паходзіць з размеркавальнага складу гіпермаркета “Карона” ў Соснах, які яны акуратненька рабуюць у імя ўсіх цэйлонскіх манархаў. Але насычаны тарфяны колер, тлустыя плямы на паверхі вадкасці і — галоўнае — няўлоўны прысмак бураковых культураў выклікаюць падазрэнне, што падчас вытворчасці гэтай сумесі “асаму" і “оранж пекое” аніводнае чайнае дрэўца не пацярпела.
Калі самавар пачынае закіпаць, я кладу на яго бляшаначку з кормам для Герды. Адшукаць ежу для хатніх жывёлаў не праблема: на любым прадуктовым кірмашыку ў Грушаўцы, прычым, бляшанкі спрэс сапраўдныя, з ключыкам. Сённяшнія тэхналогіі вугальнага стагоддзя не дазваляюць падрабіць такое. Прычына, з якой нармальную гарбату не знайсці, а корм для коцікаў лёгка, простая. Але вы не распавядайце пра яе Гердзе, добра? Справа ў тым, што хатніх жывёл паелі яшчэ да таго, як яны паспелі з’есці ўсе запасы прызначанага для іх корму. І тое, што прадаецца зараз, купляецца не для сабачак і коцікаў, а непасрэдна для саміх сябе непераборлівымі двухногімі. Я і сам каштаваў колькі разоў. Пах дзіўнаваты, але інгрыдыенты — норм.
З прынта на бляшанцы на мяне пазірае раскошны пухнаты белы кот. Пры паглядзе на яго я чамусьці думаю пра сваю заечую шапку. Пра яе зашмальцаванасць і прапаленасць у двух месцах. “Бляск і ззянне здаровай поўсці”, — абяцае слоган на бляшанцы. Вось бы пакарміць маю шапку гэтым кормам, каб яна зрабілася элегантнай і бялюткай, нібы кот на прынце. Герда нецярпліва драпанула балконныя дзверы — маўляў, давай, пане кухар, сканчай ужо гэты каціны вуаерызм! Твая сабачыца і халодны корм зжарэ! Я дагэтуль не разумею, чаму яна з большай ахвотай накідваецца на каціны харч, чым на сертыфікаваны часам і колішнім “Міністэрствам сельскай гаспадаркі” колішняй “Рэспублікі Беларусь” “Дружок”. Хіба што курце прыемна сімвалічнае прышчымленне канкурэнтаў (маўляў, чым больш з’ем я, тым менш застанецца лянотным уладальнікам “бляску і ззяння здаровай белай поўсці”).
Я закінуў кубік цукру за шчаку і з асалодай сёрбнуў бураковай “Прынцэсы Нуры”. Кайф выходзіў найперш праз тэмпературу гарбаты, і толькі пасля — праз салодкі прысмак у роце. Заўсёдны холад пераносіўся б намі нашмат лягчэй, калі б мы маглі есці столькі ж, як некалі, ці хаця б запарваць гарбату адным націсканнем кнопкі імбрыка. Сабуля праглынула корм адным каўтком, проста злізнуўшы яго з талеркі.
Сняданак скончаны, час выпраўляцца на рынак. Я зняў замок з сейфа, зазірнуў у былую маразілку і задаволена адзначыў, што цынкам я забяспечаны на доўгія гады бесклапотнага жыцця. Два паўнюткія латкі, верхні і сярэдні. Відовішча некалькі тысяч шчыльных шэрагаў гэтых патрончыкаў, што блішчаць у святле дынама-ліхтара, як заўсёды пакінула адчуванне невытлумачальнага спакою. Цынк — гэта і ежа, і святло, і адносная цеплыня, і бяспека ў вольнай муніцыпаліі Грушаўка. Пакуль ёсць цынк, мяне адсюль не пагоняць. Люблю час ад часу адмыкаць сховішча і сузіраць свае золата-валютныя рэзервы, каб запэўнівацца ў тым, што не расталі яшчэ скарбы нашага каралеўства.
Я ўзяў тры патрончыкі, праверыў іх на дэтэктары і закінуў у кішэню. Пакуль хопіць. Запаліў налобнік, падхапіў санкі — сёння яны мне спатрэбяцца, каб купіць пітной вады.
Герда нецярпліва круцілася на ўваходзе ды прыпусціла ўніз па сходах, як толькі адкрыўся праход на лесвічную клетку, гэтак жа прапахлую нясвежай анучай.
Мой родны кут. Грушаўка. Лабірынт азызлых пяціпавярховікаў, паміж якімі панатыканыя змерзлыя каштаны, нязграбныя вербы і высачэзныя таполі. Калі дровы ўпершыню падаражэлі ў дзесяць разоў, дрэвы на раёне кінуліся пілаваць усе, хто меў у хатняй гаспадарцы бензапілы, нажоўкі, лобзікі ці хаця б вялікія нажы. Але Бурмістр пастанавіў выкідваць за сценку муніцыпаліі любога, хто хаця б адшчыкне нават галінку ад любой жывой расліны на раёне. І, вытапіўшы ўсю драўляную мэблю, якую можна было знайсці ў кватэрах, сутарэннях ды на барахолцы, людзі перайшлі на экспартаваную драўніну. Часам у гандляроў вугалем і дровамі трапляюцца па-сапраўднаму цікавыя рэчы на распал. Я некалі згатаваў выдатную вячэру на дубовай ножцы ад раяля, на якім некалі граў Якуб Наркевіч-Ёдка, папярэднік Тэслы.