Адпаліраваны лёд сцежкі пабліскваў у святле ліхтара, нібы лушчак. Я ведаю кожны выгін, кожную няроўнасць бліскучай ледзяной скарынкі: вось тут намерзлае шкло зморшчылася, агаліўшы шчарбіны тратуарнай пліткі. Адразу на выхадзе з двара грувасціцца Хеопс — магутная гурба снегу, сабранага трактарам-прыбіральшчыкам з усёй акругі яшчэ тады, калі трактары маглі ездзіць і прыбіраць вуліцы. За Хеопсам — велізарная мёрзлая лужына. У дагістарычныя часы чыясьці нага пакінула ў ёй два выразныя адбіткі. У тыя часы, калі сонца яшчэ ўзыходзіла, ранішнія промні растапілі лёд, што пакрываў лужыну, размякчылі яе паверхню, а пасля туды нехта ўваліўся ажно па шчыкалаткі. Пасля лужына застыгла назаўжды. Чалавек, які пакінуў сляды ў лёдзе, пастарэе і памрэ, але адбіткі ягоных ног, адзінае сведчанне ранейшай плыннасці жыцця, застануцца тут, пасярод вольнай Грушаўкі, у вечным лёдзе.
Мінаем былую прадуктовую краму, якую, абрабаваўшы некалі, злодзеі дбайна спалілі, бо тады ніхто не ведаў, ці надоўга гэты блэкаўт і ці не вернецца зноўку дзень разам з асновамі былой дзяржаўнасці ды эфектыўнымі следчымі органамі. Герда, як заўсёды, бадзёра ўскараскалася па лесвіцы, праслізнула праз адтуліну ў паплаўленых пластыкавых дзвярах і напоўніла ўнутраныя памяшканні задорным гаўканнем, у якім гучаў трыумф над нечым, што яўна вымагала гэтага трыумфу. Я не ведаю, чаму яна так робіць штораз, калі мы прамінаем краму. Хіба што рэха ад брахання ў гулкім бетонным пакоі ёй даспадобы.
Псюля адольвае сходы задаволеным трушком. Пашча раскрытая, язык на бок, вочкі блішчаць. Я ўпэўнены, што Герда пасміхаецца. І хай катаводы пераконваюць, маўляў, сабакі не смяюцца. За крамай — парк, за паркам — паварот на рынак. Мінакоў тут более: Грушаўка нарэшце прыняла душ і вылузваецца са сваіх каморынаў на двор.
На рагу капціць дымок. Гэта кропка Корчына па мянушцы Цугундар. Ці, магчыма, імя тут — Цугундар, а мянушка — Корчын, кот яго ведае. Адно скажу дакладна: калісьці Корчын быў пры пасадзе і, як усялякі важны чалавек з вялікай чорнай машынай, не валодаў мясцовай мовай. Здаецца, гэткая практыка была распаўсюджаная наўмысна, каб абмежаваць карупцыйныя магчымасці (як ты дасі на лапу чалавеку, з якім не можаш паразумецца?) Так ці інакш, зараз, пабачыўшы мяне, Корчын увесь час стараецца выглядаць дасведчаным тубыльцам і старанна размаўляе са мной на тым, што сам лічыць беларускай мовай. Што праўда, атрымліваецца ў яго не надта бліскуча.
— Пекнага утра, пані Кнігар! — крыкнуў Корчын. — Вітаю вас, таварыш Цугундар!
Пры слове “Цугундар” твар майго суразмоўцы крышку здзервянеў. Мабыць, гэта ўсё ж мянушка, прычым неяк звязаная з тым, чым ён займаўся на сваёй вялікай чорнай машыне.
— Як вашыя стравы, пан Кнігар? — О, вельмі апрычона! — Апрычона? — ускінуў ён бровы. — Первы раз чую пра такую выразь! — Апрычона – гэта значыць вельмі добра, як быццам бы ты спрычынены да нечага важнага, — запэўніў я Цугундара. Я люблю час ад часу пажартаваць, выдаўшы яму якое-небудзь не вельмі зацёртае слова, падмяніўшы ягонае значэнне. — А як вашы дзялы, таварыш Корчын? — Усё файна! Толькі похва ные! — паскардзіўся ён. — Што ные? — перапытаў я. — Похва! Левая! Ажно ў нагу аддае. Застудзіў, мабыць, — адказаў ён, памацаўшы левую нырку. Падобна, з беларускай мовы Цугундара жартаваў не я адзін.
— Ці не хочаце глатнуць мядку? — гасцінна прапанаваў уладальнік “кропкі”, паказаўшы на вялікі закурадымлены бітон, пад якім ружавелі вуглі. Некалі ў такія бітоны збіралі малако ў калгасах, зараз іх прыстасавалі да вулічнага гандлю мёдам. Ну як, мёдам. Мёд – гэта гучна сказана. Слаўцо — даніна нашай славутай мінуўшчыне і старажытным кухарскім традыцыям. Усім гэтым “старкам”, “дзявяткам”, “зуброўкам”, “крамбамбулям” і іншым настойкам, ад якіх зараз засталіся толькі паэтычныя назвы для розных гатункаў бырла цёмных часоў. Мёд — кіселістае варыва, якое складаецца з распушчаных хлебных сухароў, падгнілай гародніны, цукру і кмену (каб не так смярдзела). Яму даюць добра закіснуць, а затым падаграваюць, каб мацней забірала і праганяла холад. Кубачак мёду — і ты гатовы цягацца па горадзе ды чапляцца да людзей ажно да шостай рэйкі ўвечары, хаця выходзіў толькі на рынак па дровы. Два кубачкі мёду — і цябе самога можна прадаваць на рынку, як дровы. Але, праўда, бадуняка будзе эпічны, з усімі вялікімі бітвамі ВКЛ, якія адбудуцца непасрэдна ў тваёй галаве (дрэнныя перамогуць).