Выбрать главу

— Дзякуй, таварыш Корчын, але ад мядку хіба адмоўлюся, — пакруціў я галавой. — У мяне праз яго похвы адваляцца. Спачатку правая, потым левая. — Ну, можа, тады пагартаеце газетку? — ён паказаў на гасцявы зэдлік ля бітона. — Для таго людзі і прыходзяць на вулічныя кропкі: пачытаць навіны, дзябнуць мядку ды пагаманіць. Дужа бясплатна для вас, пані Кнігар! — на ўсялякі выпадак чарговы раз удакладніў Цугундар.

Цугундар — мой сталы кліент. Бярэ ў асноўным дэтэктывы і эротыку ў мяккіх вокладках, то бок найбольш запатрабаваны тавар. Час ад часу атрымлівае зніжку за стараннасць у вывучэнні мовы. Адсюль і прапанова спрычыніцца да навінаў бясплатна.

Газета “Газета” (няма сэнсу вычварацца з назвай, калі робіш адзіны прадукт такога кшталту ў муніцыпаліі) — забава не самая танная. Нумар каштуе адзін поўны цынк, пагартаць на месцы — палову цынку. Цана ўтвараецца праз складанасці ў вырабе: асобнік цалкам друкуецца на машынцы, прычым за раз пад капірку друкар можа зрабіць толькі тры копіі, чацвёртая атрымліваецца бляклая і нечытэльная. Да таго, ж сам “збор навінаў” — тая яшчэ трасца. А дадай сюды намаляваныя ад рукі ілюстрацыі!

Я ўзяў з палічкі нумар і навёў сноп святла ад налобніка на першую старонку. “УРАЧЫСТЫ ПАРАД НА ПРАСПЕКЦЕ СВАБОДЫ”, паведамляў набраны загалоўнымі літарамі загаловак.

“Сёння пасля чацвёртага звана Бурмістр і Вярхоўны Галоўнакамандуючы Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка сумесна з Камісарам Унутраных і Знешніх спраў Народнай Дыктатуры Кальварыя прыме з трыбуны Віталюра на праспекце Свабоды ўрачысты праход узброеных сілаў Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка сумесна з узброенымі сіламі, дэлегаванымі Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка ад Народнай дыктатуры Кальварыя ў межах заключанага на добрыя часы міждзяржаўнага пагаднення аб абмене цяплом. У парадзе таксама прымуць удзел тры нявольніцы, падораныя Народнай дыктатурай Кальварыя Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка ў знак дэманстрацыі пашаны і традыцый добрасуседства. Людзі ўжо рыхтуюць вогнішчы”.

Як заўжды, з газетнага тэксту штосьці зразумець было немагчыма. А вось для гэтага і стаіць гасцявы зэдлік ля бітона. Пакуль навіну не абмяркуеш — навіну не прачухаеш.

— Ммм, і што гэта значыць, таварыш Корчын? Я неяк заблытаўся ў прыдаткавых сказах. — Я зараза ўсё гарна аб’ясню! — вось праўда, часам хочацца, каб ён кінуў спробы імітаваць беларускую мову і размаўляў на сваёй роднай, клінгонскай! Цугундар працягваў: —Неўзабаве Бурмістр усклаў пагадненне з біткамі з Кальварыі. Бо нам бардзо патрэбна ахрана супраць узнавіўшыхся налётаў з пусташаў, а ім быкуе цяпла. Бо кацельні ў іх жа няма. А аружжа бардзо многа.

Тут трэба зазначыць, што народная дыктатура Кальварыя ўзнікла ў выніку нападу групы ашалелых таварышаў на сілавую ўстанову недалёка ад нашай агароджы. Адбылося гэта амаль адразу пасля таго, як неба зрабілася цёмным. Унутры РАУСа — ці што там было — апынуўся склад з аўтаматычнай зброяй. У выніку чаго на заходняй мяжы Грушаўкі паўстала моцная дзяржава. У якой амаль адразу ж быў абвешчаны рабаўладальніцкі лад. Размеркаванне насельніцтва на класы адбылося паводле самага прадказальнага прынцыпу: у каго ў руках былі кароткарульныя АК-74 ці ў каго хапіла каштоўнасцяў, каб штурмавы “Калашнікаў” набыць, той апынуўся ў гаспадарах. Усе астатнія перайшлі ў стан нявольнікаў. Разам з жонкамі і старымі.

Што важна, даляры ЗША, еўра і кітайскія юані ў лік каштоўнасцяў цёмнага свету не трапілі.

Пры гэтым Кальварыя — халодная дзяржава, бо ад былых часоў ім не засталося ацяпляльнай інфраструктуры, якая б награвала кватэры з дапамогай тых носьбітаў, якія ў гэтым свеце яшчэ былі здольныя ствараць цяпло. Таму дыктатура жыла шмат у якіх сэнсах — у чорным целе.

— Батарэі зробяцца яшчэ халаднейшымі, — песімістычна адзначыў я, — бо трэба ж будзе гэтым вурдалакам частку цяпла адпампоўваць. — Куды ж яшчэ халаднейша! — заенчыў гандляр мёдам. — Але, можа, тыя ўзброеныя людзі насякуць нам болей вуглю, кацельшчыкі змогуць праграваць цепланасіцель да большых тэмператур. Што да ручных насосаў — дык праблемы няма, камісары падключаць сваіх нявольнікаў. — Грушаўка — вольная муніцыпалія, — сказаў я сумна. — Тут заўсёды паважалі чалавека. Не хапала, каб пра нас пачалі пляткарыць, нібы мы грэемся рабаваннямі ды мыемся чужымі слязамі і потам.

Мая заўвага не знайшла падтрымкі ў Цугундара, і ён паспяшаўся змяніць тэму. Было бачна, што лад Кальварыі яму падабаецца. Сумуе чалавек па моцнай руцэ. Нездарма ўсё ж у яго мянушка Цугундар.

— Дык вось, сёння пасля чацвёртага звону Піліп, Манька са стрэльбамі ды брыгада Качавога пройдуць па праспекце парадам разам з байцамі нашага новага войска! Кажуць, Кальварыя перадае па тры ўзводы з “калашамі” на кожную браму!