Выбрать главу

Прамінулі гады. У Менску адчыніліся забітыя дошкамі шыбы выклятых хваробаю дамоў, пацягнуліся на гандлёвыя пляцы купецкія вазы… Успомнілі ўлады і пра вязьняў менскага замку. За час пошасьці вартаўнікі зьмяніліся, і цяпер ніхто ня ведаў, кім быў старэча ў згнілых лахманах, што невядома як выжыў у цёмных лёхах. Ніхто ня памятаў ягонага злачынства, і раз Божы Бізун не пакараў яго, вязьня выпусьцілі на волю, як пускаюць з ланцуга старога сабаку – паміраць, праганяючы далей ад хаты.

А як ён усе гэтыя гады хацеў памерці! І тады, калі думаў, што здарыцца, калі каханая ўбачыць яго цяперашняга, і тады, калі ведаў, адчуваў, што яна памірае – а ён мог бы выратаваць, калі б апынуўся побач… Любы чалавек на ягоным месцы ўжо даўно памёр бы. Але сьмерць забылася на Ёзафа, яна быццам не пазнавала яго, як старая класная дама знарочыста не пазнае былога вучня, што некалі скраў ейныя рамантычныя лісты часоў далёкага юнацтва і, рагочучы, зачытаў аднакласьнікам… Ёзаф зразумеў, якое зельле ён зварыў, у чым была хіба – яно адбірала маладосьць, але давала вечнае жыцьцё. Навошта?!! Шукаць адказу на гэтае пытаньне ў яго ставала часу. Ніхто ня ведае, дзе цяпер Ёзаф… Але, хутчэй за ўсё, ён намагаецца знайсьці зельле, якое дазволіць яму вярнуць увагу сьмерці, і сустрэцца з каханай…

Вось такую гісторыю паўтараў з дня ў дзень стары Ёзаф з аптэкі ў Траецкім, і тоўк, тоўк у ступе вохкія зёлкі… Я спрабаваў намаляваць яго вуглём на кавалку кардону, але мне яшчэ не хапала майстэрства. Каб маляваць такіх, як Ёзаф, трэба мець цьвёрдую руку і чуйнае сэрца. Я ня ведаю, ці валодаю гэтым і сёньня. А вось пазьней, калі я ўжо хадзіў у студыю да Кругера, адзін раз бачыў сярод карцінаў настаўніка Ёзафаў партрэт… Аптэкар быў намаляваны ў стракатай усходняй апратцы, але я пазнаў яго… Настаўнік назваў карціну “Агасфер”. Я ніколі пазьней яе ня бачыў і нічога пра яе лёс ня ведаю.

Аднойчы я прыбег у аптэку з чарговымі бутэлечкамі і не пачуў знаёмага пагрукваньня таўкача. Ёзафа ў куце за прылаўкам не было… Малады аптэкар спакойна паведаміў, што стары гэтай ноччу памёр, яго рыхтуюць да пахаваньня…

Ці трэба казаць, што я пабег да маленькага падвальнага акенца. На гэты раз фіранкі былі адсунутыя. Першае, што я ўбачыў – цела, што ляжала на стале. У катуху, як я і ўяўляў, грувасьціліся бутэлечкі і рэторты, снапы сухіх траваў і груды каменьчыкаў, высілася нешта падобнае на перагонны куб. У печцы з прыадчыненымі дзьверцамі яшчэ цепліліся вугалі, а на вугалях – я добра разгледзеў гэта, бо печка стаяла ля вакна – ляжала трэснутая шкляная пасудзіна з рэшткамі цёмнай вадкасьці. Дзьве кабеты, жабрачкі з начлежнага дому, якія звыклі падрабляць падобным чынам, перапраналі нябожчыка па звычаі ў сьвежую кашулю. Яны сьцягнулі з яго вопратку, і… я пабачыў на ягоных грудзях шнары ад апёкаў, якія складаліся ў слова “здраднік”. І яшчэ ініцыялы — “І.Д.Ш.”

Ёзафа, па ягоным запавеце, пахавалі на Залатой Горцы. А я паступіў у рамесную вучэльню і перастаў хадзіць у аптэку ў Траецкім.

Ной скончыў свой расповед і вінавата ўсьміхнуўся.

— Ну вось, бачыце, нічога асабліва містычнага…

— Значыць, рабацінкі – ганьба для паненкі, — зьедліва прамовіла Зося, дакрануўшыся да свойго носіка. – Ну-ну… Я табе згадаю гэта, Ной, калі наступны раз запросіш таньчыць.

— Вось цікава, я таксама калісь забягаў у тую аптэку, па лакрычныя ледзяшы, але ніякага Ёзафа ня памятаю, — прамовіў Улад. – Можа, я проста не пазнаў твайго Агасфера?

Ной гнеўна павярнуўся да сябра.

– Ты што, думаеш, я гэта ў кніжках вычытаў?

Дарота прымірэнча прамовіла:

— Урэшце, Улад мог заходзіць у аптэку пасьля сьмерці старога. А, дарэчы, калі пашукаць на Залатой Горцы магілу панны Югасі?

— Я шукаў і знайшоў, — спакойна і проста сказаў Ной. – Каменная пліта… Амаль пайшла пад зямлю, у паглыбленьнях надпісу вырас мох, і здаецца, што літары зробленыя зялёным аксамітным пасакам. “Цьвіла ружа, не дасталася нікому, толькі Госпаду адному”. Больш нічога, ні імя, ні году… А магілы Ёзафа я нідзе не напаткаў, хаця й пахавалі яго ня так даўно.

— Цяпер не хапае некалькіх дэталяў, каб расповед можна было залічыць да каляднага, — зазначыў Улад. – Варта, каб прывід Ёзафа зьяўляўся ў куце аптэкі ў Траецкім і тоўк у прывіднай ступе зёлкі… Або каб ступа на верхняй паліцы пачынала зьвінець у дзень ягонай сьмерці.