Выбрать главу

Калі дзяўчына прыйшла пацалаваць яго перад сном, Ян зрабіў выгляд, што моцна спіць, павярнуўшыся тварам да падушкі. Гаспадыня доўга стаяла над ім, Ян адчуваў яе пільны позірк. Дыханне ў таго, хто спіць, роўнае і глыбокае. Толькі б не зварухнуцца, не ўздыхнуць перарывіста... Яшчэ крыху — і не вытрывае. Але амаль бязгучныя крокі аддаліліся ад ложка. Ян пачакаў яшчэ трохі і ўзняўся. Чаму ўсё-ткі яна, калі была ворагам, не схавала яго шаблю?

Перад дзвярыма без засоваў, без адтуліны для ключа, Ян высек агонь... Паперка, выдзертая з нататніка, з чарговай намаляванай алоўкам выявай гаспадыні дому, скурчылася, пацямнела. Пялёсткі агню варушылі яе на падлозе, нібы прагныя кузуркі. Час... Ваньковіч агаліў левую руку да локця і паласнуў шабляй. Агонь і кроў! За спінай пачулася нешта падобнае да тонкага жаласнага плачу. Дзверы не адчыніліся, але нібыта сталі празрыстымі, як балотны туман. І Ян ірвануўся туды...

Ён зваліўся на брук перад ганкам апусцелага дома. Цьмяная раніца позняй восені падалася яго адвыклым ад святла вачам сляпучай, як само сонца. Недзе працокалі капыты... Відаць, рамізнікі пачалі працу. Заплакала дзіця... Яму азваўся сярдзіты заспаны жаночы голас. Ляснічы ўзняўся. Так, гэта быў яго свет, яго горад, яго гора... І яго доўг. Колькі ён прапусціў? Тыдзень жыцця? Месяц? Або праляцелі гады?

Ён нават не азірнуўся на таямнічы дом. Як не азіраюцца на гатовага стрэліць у спіну былога сябра.

Паўстанне захлыналася ў крыві. Імперыя не жадала саступаць і найменшую частку сваёй улады. Таму душыла ўсіх паслядоўна і бязлітасна. Паўстанцкі камандзір Ляліва зноў стаўся пагрозай ворагаў. Але ці трэба тлумачыць, што бледны твар незнаёмкі бачыўся яму і ў сне, і наяве, і ніводная жанчына не магла нават крыху прыпадобніцца ёй. Гэта было ганебна — але часам Яну рабілася так балюча, што ён шкадаваў, чаму назаўсёды не застаўся ў доме на Францысканскай. Ну, пра подзвігі жывапісаць не стану... Я не маю здольнасцяў баталіста. Атрад Яна біўся на Падляшшы і на Брэстчыне... Яго зноў паранілі, і некаторы час ён хаваўся ў сутарэннях менскага маёнтку Ваньковічаў — інсургенты вырашылі, што найменш шукаць будуць навідавоку. Балела рана на плячы, але наймацней балела рана нябачная. Кожны вечар, калі Ваньковіч клаўся ў ложак, яму здавалася, што над ім схіляецца танклявая постаць, і халодныя вусны кранаюць лоб. Чаму яна не пакіне яго ў спакоі? Там, у сутарэннях радавога дома, Ян і зрабіў прыгожую мармуровую статую. Каго яна выяўляла — зразумела... Статуя не прадназначалася для чужых вачэй. Ян пахаваў яе там жа, у сутарэннях. Прачытаў над ёй малітву... І нібыта адчуў сябе вызваленым. Потым з дапамогай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, з якой доўга сябраваў, з’ехаў за мяжу. Яшчэ паваяваў у Галіцыі, потым перабраўся ў Парыж. Расейскія ўлады забралі маёнтак у Сляпянцы, падчас вобыску знікла самае каштоўнае — партрэт Аляксандра Пушкіна пэндзля бацькі Яна, Валенція Ваньковіча. Партрэт, якім так захапляліся сучаснікі... Магчыма, дасюль прыўкрашае кабінет якога-небудзь жандарскага чыноўніка. Ян Ваньковіч дажыў амаль да нашага стагоддзя. Не ведаю, ці трывожыў яго прывід чароўнай панны з дома на Францысканскай, але мармуровая статуя дасюль — у скляпеннях дома Ваньковічаў. І я не хацеў бы быць тым, хто яе выкапае. Ну а дом на Францысканскай, спытаеце вы... Ёсць, чаму не. І ганак маецца перад глухой сцяной. Але дом зусім не закінуты — на першым паверсе ажно чатыры маленечкія крамкі: табака, зеляніна, канцылярскія прыналежнасці і вырабы з бляхі. На другім паверсе туляцца сем’і гаспадароў, як семкі ў пераспелым гарбузе. Бялізна развешаная на вяроўках, працягнутых ад вакна да акна, дзеці равуць, кабеты верашчаць. У сутарэннях — склады: бочкі, скрынкі, джамалунгмы вёдраў і бляшаных тазікаў... Гісторыя пра купца і яго трох дачок пацверджваецца гарадской хронікай. Але насельнікі дома відавочна ў прывідаў не вераць. Вядома, ніхто з іх не спрабаваў адчыніць неіснуючыя дзверы агнём і крывёй... Дый я таксама спрабаваць не буду.

Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск — дагарала яшчэ адна свечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь.

Пан Беларэцкі парушыў маўчанне:

— Сённяшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.

— І праўда,— зазначыў Ной.— У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірша. Прыйдзе — страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя... Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах — чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасці ейнага твару... Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.

Усе рассмяяліся.

— Прызнайся, на сабе паспрабаваў? — спытаўся Улад.

Ной затрос галавой:

— Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсць нейкі... мастакоўскі густ.

— Карацей, табе падабаюцца іншыя,— зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дома пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небяспечнае.— Што ж, мая маці гаварыла, што каханне — гэта танец... Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу — адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае... Адзін схіляецца, другі выпростваецца... Потым наадварот... Няверны рух — і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зляцелі на паркет, чырвонае канфеці сэрцаў храбусціць пад абцасамі.

— Я ўявіла сярэднявечную паванну, якую мы танчылі на вечарыне...— ціха прамовіла Дарота.— Паванна на смерць інфанты — так, здаецца, гэта называлася?

Улад, нібыта адганяючы жуду, страсянуў густымі валасамі, ускочыў і схіліўся ў танцавальным па перад Даротай.

— Паванна!

— А як жа без музыкі? — запярэчыла Зося.

Але Дарота ўзнялася, і пачаўся дзіўны танец — у цішыні, у цёмным пакоі, у мігценні свечак... Павольна, паважна... Адзін за адным усе, нават Андрэй Беларэцкі, далучаліся да гэтых скокаў, нібыта да пахавальнай працэсіі... Ніхто не ўсміхаўся, не гаварыў, не спрабаваў напець матыў, толькі рухі зліваліся ў адзіным рытме. Надышла частка паванны, якая называецца капрыёль, калі танцоры імітуюць скокі коней. Цені ўсё хутчэй слізгалі па сценах, людзі схіляліся і выпростваліся, мяняліся партнёрамі... Дыханне пачашчалася... Рукі не спяшаліся перарываць дотык да рук...

Калі не можаш сказаць — танчы...

Калі немагчыма крычаць — танчы...

Калі побач смерць — танчы... Як танчаць аблокі і агонь, як танчыць сама зямля ў абдоймах ветру...

Улад схапіў Зосю ў абдымкі, пан Беларэцкі затрымаў руку збялелай Дароты ў сваёй руцэ...

Стук у дзверы перабіў шум дажджу і спыніў вар’яцкі танец.