Выбрать главу

Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола... Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіннікі ў ратушы — Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіннік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіннікаў было гарадской радзе — войны бясконцыя... Толькі адбілі русічаў — татары... Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны... Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коннікам...

А ў Бернацоні гадзіннікі, як у каралеўскіх палацах — падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі... І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузні хохлікаў. Калісьці біскуп не супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць... Не вымяняў і на велізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіннікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.

Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.

Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У водблісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляца, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сведчанне доктарскага звання, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.

— І колькі гэта будзе доўжыцца? — з роспаччу прамовіў біскуп.

— Пакуль яны ўсе не памруць,— спакойна адказаў Гервасі.

— Анэта! Ачніся! Анэ-та!

Я страсянула галавой, пазбаўляючыся шматкоў жаху. Зноў задрамала на працы. Ну не прывыкла я ўставаць а пятай раніцы, спадарове. І зноў гэты сон! Хаця рэальнасць была таксама непрыветнай. Кнігі, якімі я гандлявала, стракацелі вакол, нібыта экзатычныя птушкі... Якія там птушкі — не ўсе з іх маглі прыпадобніцца нават да чучала, на якое паляўнічыя ловяць даверлівых крылатых ахвяраў...

— Анэта! Спіш, як на лекцыі! Вось дык сустрэча! А я думаю, чаго даўно тваіх артыкулаў не бачна. У бізнес падалася!

Аркадзь, колішні аднакурснік, гладкі і вясёлы, як новы парцалянавы гляк, усміхаўся на ўсе зубы. Не люблю, калі знаёмыя бачаць мяне за новым заняткам. Была журналістка — стала гандлярка... Наймічка...

І тут стракатае царства кірмашу на хвілю для мяне абязгучылася, быццам я нырнула пад ваду. Прычынай таму быў спадарожнік Аркадзя, сінявокі брунет у чорным швэдары, на погляд некаторых (а калісьці і мяне), досыць сімпатычны.

— Прывітанне, Ганна.

— Прывітанне, Юрась.

Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова льдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Снежнай Каралевы.

А Юрась здорава змяніўся... У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усмешлівыя, сурова сціснутыя. На шчацэ з’явілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся — а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераноссем. Недагледжаны нейкі... Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя... Але на руцэ блішчыць заручальны пярсцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам — смешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць... Студэнцкае вяселле, так бы мовіць. Ідыётка... Не, каб прыняць заляцанні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёння такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.

— Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,— Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся.— Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасля магнітафоны з Нямеччыны... Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.

— А цяпер што возіш? — змрочна запыталася я.

Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы.

Аркадзь шчыра зарагатаў:

— Цяпер нічога вазіць не трэба! Таму што нерухомасцю займаюся. Не-ру-хо-мас-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь — замак маю!

Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:

— Ну не замак, не замак... Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?

Яшчэ б не памятаць! Пасля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь ззяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:

— Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!

— Вядома, гістарычны,— задаволена згадзіўся былы аднакурснік.— Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры — дрэвы растуць. Яшчэ крыху — засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?

— Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! — абурылася я.— Сама з імі сустракалася. Зацятыя...

Аркадзь толькі паціснуў плячыма.

— Знайшла сілу — «краязнаўцы»... Вялікіх падзей з той вежай не звязана, партызаны ў ёй штаб не ладзілі... А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляванне ды рыбалку з усяго свету людзі ездзяць. А ты, Анэта, дарэчы, не думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш... З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у амбасаду перакладчыцай!

У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша... Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі... Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазбежна мы адродзім усю краіну...»

Ага, адраджаем... Забяспечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай...

Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».

— Дзякуй, Аркадзь, за прапанову... Але...

Аркадзь не пакрыўдзіўся.

— Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка... І ты тэлефончык скажы, а то знікнеш у сваёй звычайнай манеры — моўчкі і бясследна, як Снягурка.

Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і... гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы — вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.

— А ты, Юрась, таксама гандлюеш? — як мага больш абыякава спыталася я.

— Я рэстаўратар,— ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы.

Мне не ўдалося схаваць здзіўлення.

— Ты ж на журфаку вучыўся!

— На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам не ведаеш,— Юрась усміхнуўся ранейшай юнацкай усмешкай.— Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі — я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось...

— Ён проста занадта сціплы,— дакорліва сказаў Аркадзь.— Юрась у нас — знаны спецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак... А ці не паспяшацца нам, сябра? Спознімся... Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!

Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.

Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад свету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я — таксама рудая, як восень... І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці... Што я зрабіла са сваім жыццём? Вось — з’явіўся чалавек, які — маё першае каханне, і нічога асаблівага ў душы... Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях — але разбітае акно выклікала б болей эмоцыяў.