Выбрать главу

Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасвецкай выхаванасцю ды начытанасцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька — мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў... Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.

На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі — з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам — птушачкі на галінках, драўляныя ружы — нібы вянок. Майстар дзівосны... Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.

— Гэта аброчны крыж! — усхвалявана распавядаў Юры.— Тут калісьці праходзіла дарога... На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары... Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!

Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.

— Аднавіць можна! Якая прыгажосць!

Я таксама дакранулася да слупа — яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя...

Юрась паклаў сваю руку на маю... На небе запаліліся першыя зоры...

— А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!

Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.

— Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты — распусніца! Косы, бач, запляла, а сама...

Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я — ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру — мусіць, я была надта знерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але... нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту...

Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі... Напачатку гэта было нават весела — бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць — абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вяселле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна... Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу — прасціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага — і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя свечкі... Шчаслівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуванне шчасця. А яшчэ — воля! Незалежнасць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.

І не спаслала Неба нам ані кахання, ані цярплівасці...

Ды і завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесці будзільнік, які тахкаў, быццам трэслі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіннікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму... Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму — уцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзінніка ледзь не якарны ланцуг, які звешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль збіраліся ўцякаць зняволеныя карузлікі. А я хадзіла па літаб’яднаннях ды тэатрах, а пад’есці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»... Восеньскія дажджы закрэслівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак... А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жадання, ні сэнсу. Пасля чарговай сваркі — Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу — я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод... Калі мы разышліся, на падаконніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.

Пад канец года былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя спевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў не трэба...» Яшчэ на лбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «І love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію... А па вяртанні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленні.

А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.

Як добра, што няма пакупнікоў... Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі не будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.

— І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала? — голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.

— Ды пакуль нічога...

— Не дзіўна,— Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак.— А чаму не выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.

Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданне знікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..

Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляванні і дзелавым тонам спытала-сцвердзіла:

— Скралі?

— Не ведаю...

— Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.

Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» ў мяне ўзнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не збіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрамя гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сценах у свеце не існуе.