Выбрать главу

Платон Галавач

НОСЬБІТЫ НЯНАВІСЦІ

Памяці

салдат польскай арміі, стаўшых у рады барацьбітоў за справу рабочага класа і закатаваных белапалякамі ў Слуцку, у тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе:

Амелянчыка Міхася,

Ярмаліцкага Петрака,

Камінскага Алеся;

памяці

чырвоных партызан Случчыны, закатаваных белапалякамі ў тысяча дзевяцьсот дваццатым годзе:

Бенько Нічыпара,

Бычэнкі Міхася,

Грачука Яўхіма,

Красуцкага Сцяпана,

Раўтовіча Міхася,

Сівановіча Антона,

Саладухі Пятра,

Сцепановіча Пятра,

Цішкевіча Міхася,

Ціткевіча Мікалая,

Цішкевіча Максіма.

Таварышам,

палітычным вязням фашыстоўскіх турмаў Польшчы, таварышам, якія не гледзячы на тэрор і пагрозу смерці, вядуць барацьбу за дыктатуру рабочага класа.

Привет живым! Да здравствует наша победа!

Было каля дванаццаці гадзін ночы, калі падпаручык польскай арміі Круміньскі пашоў з вечарынкі ў доме старшыні гарадской думы. Ён адчуваў яшчэ на сваім локці руку палкоўніка Шэмета, яшчэ лунаў перад вачыма ў яго пышнавусы твар палкоўніка, і толькі што развітаўся з гаспадаром, які правёў яго аж на ганак, а мыслямі быў ужо далёка ад іх, у заўтрашнім. У галаве наспявала рашэнне. Яго можна будзе ажыццявіць або заўтра, або ніколі. Рашэнне ўзнікла адразу пасля слоў палкоўніка і так усхвалявала Круміньскага, што ён пачаў баяцца, каб гэтай празмернай усхваляванасці не заўважылі. 3 гэтай прычыны ён хутка, спаслаўшыся на неабходнасць выканання аднаго з абавязкаў па службе, адпрасіўся ў гаспадара і палкоўніка з вечарынкі і развітаўся з імі.

Усё адбылося нечакана. Старшыня гарадской думы наладзіў вечарынку з паводу імянін аднае з сваіх дачок. Незадоўга да гэтага яго выклікаў да сябе палкоўнік Шэмет, камандзір акружнога этапа і не зусім ласкава выказаў сваё нездавальненне дзейнасцю думы сярод насельніцтва і яе ўплывам. Дума ў горадзе існавала з часоў нямецкае акупацыі. Існаванне яе было дазволена, пасля адыходу немцаў, з умовай актыўнага падтрымання ўлад у барацьбе з большэвікамі і палкоўнік патрабаваў гэтага. Каб перапрасіць палкоўніка і бліжэй пазнаёміць яго з так званымі мясцовымі дзеячамі, гаспадар упрасіў яго прыйсці на вечарынку. Акрамя палкоўніка, сярод запрошаных было некалькі афіцэраў, у тым ліку і падпаручык Круміньскі. Знаёмячы палкоўніка з Круміньскім, гаспадар сказаў: «Падпаручык з тутэйшых, значыць як-бы і беларус і паляк. Маю смеласць заявіць — сымбаль, увасабленне саюза нашых народаў».

Палкоўнік сядзеў у мяккім утульным крэсле каля стала. Ён падаў падпаручыку руку, а гаспадара пахваліў за трапна выказаную думку. «Калі з большэвікамі будзе скончана,—сказаў ён,— саюз нашых народаў, вялікага і меншага, асвеньчаны барацьбой супроць агульнага ворага, расквітнее нябачна». Прысутныя згаджаліся з палкоўнікам, лісліва паддаквалі яму, прасілі праявіць большую клапатлівасць у адносінах да думы і гаварылі паміж сабой пра добрасць пана палкоўніка.

Круміньскі слухаў гутарку і маўчаў, стрымліваючы сябе каб не засмяяцца. Яго маўклівасць кінулася ў вочы. Адзін з гасцей, сусед па крэслу, папракнуў яго за ганарлівасць. Каб апраўдацца, Круміньскі папрасіў прабачэння, спаслаўшыся на сваю схільнасць да адзіноты. І тады раптам за яго заступіўся палкоўнік і пахваліў за ўдумлівасць. Гэта здзівіла Круміньскага. Але яшчэ больш здзівіла яго палкоўнікава ўважлівасць, праяўленая пасля вячэры ўжо. Госці размясціліся слухаць беларускія рамансы, у выкананні вядомай у павеце спявачкі, спецыяльна запрошанай дзеля палкоўніка. Збіраючыся пайсці сесці на канапу, палкоўнік узяў гаспадара, з якім гутарыў пра становішча на фронце, за гузік сурдута, а падпаручыка за локаць і павёў з сабою да канапы. А як сеў, паведаміў і навіну, якая так моцна ўсхвалявала Круміньскага.

Раявітаўшыся з гаспадаром ужо на самым ганку, Круміньскі некалькі секунд стаяў на месцы, чакаючы каб звыкліся з цемрай вочы. Пасля сышоў з ганку на тратуар, які слаўся пад нагамі ледзь прыметнай шэрай паскай і пашоў у канец вуліцы. Ішоў спяшаючыся. Наспеўшае ў галаве рашэнне патрабавала неадкладна пайсці да сваіх, расказаць ім пра ўсё і заўтра-ж дзейнічаць. Ідучы, ўслухоўваўся у свае крокі. Па абодвы бакі вуліцы стаялі цёмныя, шэрыя ад часу і недагляду, дамы. У ніжніх паверхах дамоў былі шчыльна пазачыняты вакяніцы, а ўверсе вокны пазавешаны густой тканінай фіранак. 3-за вакяніц і шчыльных фіранак, у вуліцу не даходзіла ні святло, ні гукі. Нішто ў гэтую пару не парушала цішы апусцелай цёмнай і гразкай вуліцы, а густыя хмары, якія сунуліся над зямлёю, яшчэ больш пасілялі яе, заглушаючы водгулле крокаў.