А як закончылі складацца,
Зайшлі ўсе ў хату сілкавацца.
Між голых сцен, несамавітых,
Такіх панурых, абабітых,
Астаўся стол адзін на месце,
Каб у апошні раз накрыцца
І даць мужчынам прыпыніцца,
На час кароценькі прысесці
І выпіць чарачку, другую
За жыцце, долю маладую.
Тут быў Базыль, Антось Тацянін,
Карусь Дзівак (ён між парканін
Схаваў трайню, рагач, дзве восі,
Тайком узяўшы ад Антося),
Яшчэ Карусь, Паўлюк Куртаты,
Сцяцок, Казюк Скарабагаты
Ды брат Міхася і Антося, —
Мужчын нямала набралося.
Пайшла ўкруг чарка і другая,
Гаворка ў хаце ажывае.
Адзін Антось ужо смяецца
Сваім закатным дробным смехам,
Аж галава з шырокім плехам
І з сівым воласам трасецца.
— Ды ты, брат Ганка, не смуціся!
Вось выпі чарку, не журыся,
Няхай дае Бог спосаб новы.
— Ну, будзьце ж крэпенькі, здаровы!
— Э, выпі чыста! от кабета!
— Ды выпі, Ганна! Ну, што гэта? —
Мужчыны ўсе тут загудзелі,
Ды дружна так яны населі,
Што Ганна тройчы прыгубіла
І чарку ўсю перакуліла.
— Ну, во гэтак, малайчына,
Хай будзе ж добрая часіна!
— Ой, буду п'яна — ашаломіць.
— Касцей гарэлка не паломіць! —
Крычыць Базыль. —
Здароў будзь, Павал!
І галаву ён закідае
І спрытна чарку асушае,
Ды ломіць хлеба цэлы кавал,
Ды так жуе, што вушы ходзяць.
Мужчыны дарма час не зводзяць
І хутка чаркі асушаюць,
Гаспадарам дабра жадаюць
І добрай долі ўсім дазвання
І ціснуць рукі на расстанне.
Карусь Дзівак часінай тою
Насіўся з восямі, з трайнёю,
У воз іх глыбей запакоўваў,
Ў сярэдзіну рагач засоўваў
І накрываў яго цабрамі,
Каб не знайшоў Міхась часамі.
І воз ён свой у кут стаўляе,
Астацца ззаду патрапляе.
Мужчыны выйшлі на двор з хаты.
— Ну, варушы, Скарабагаты! —
Сказаў Базыль свайму суседу. —
Я за табою, брат, паеду.
І рад нагружаных хурманак
Паволі зрушыў, мінуў ганак
І ў лес чуць значнаю трапою
Пацягся мернаю ступою.
І цяжка, цяжка Ганне стала,
Як бы ў грудзях там што апала,
І сэрца жаласцю заныла;
І ўсё тут стала так няміла,
Што ўжо тут больш ёй не цярпелась
І бегчы ў свет адтуль хацелась,
Абы не бачыць сцен тых голых,
Куткоў пустых і невясёлых.
Ўжо конь запрэжан і чакае,
Капытам дол б'е нецярпліва.
Тым часам маці тарапліва
Закон дзядоў сваіх спаўняе:
Кладзе кусочак хлеба з соллю
Пад красны кут у завуголле,
Апошні раз глядзіць на хату,
Дзе многа дробязі на страту
Пайшло ў час гэты перабору.
— Ану, ты, маці, ідзеш скора? —
Міхась з двара яе пытае;
І маці хату пакідае,
Бо ёй самой тут не цярпіцца,
І з плачам хрысціцца, садзіцца,
Дзе дзеці дробныя сядзелі
І скарб быў зложан даражэйшы.
Алесь і Ўладзя, сын старэйшы,
Пайсці пяхотам захацелі
І з дзядзькам лесам гналі статка.
Апошні раз пустая хатка
З-за груш высокіх паказалась
Ды за узгорачкам схавалась;
І толькі комінак гаротна
Над дахам высіўся маркотна
Ды студні вочап адзінока
Тырчаў над хатаю высока;
Гуменца смутна пазірала
І быццам поглядам пытала:
«Куды яны ад нас з'язджаюць?
Чаму адных нас пакідаюць?»
VІ. Каля зямлянкі
Я буду рады, калі ўдасца
Маім людцам у вашай ласцы
Хоць на кароценькі часочак
Заняць хоць цесненькі куточак.
Жыццё іх, праўда, нецікава,
Пра іх нідзе не ходзіць слава,
Аб іх гісторый не складаюць,
Пра іх і песень не спяваюць,
Апроч вятроў, што нудна ў плоце
Зімой у горкай адзіноце
Халодны снег нясуць-здзіраюць
І бедным людзям байкі баюць
Аб жыцці, долі іх пахілай
І плачуць-стогнуць над магілай,
Дзе косці іх у праху тлеюць —
Адны вятры іх пажалеюць.
Але не кожны сцяміць мовы
І жальбы ветру між будовы:
Чаго ён жаласна спявае,
Каму ён песенькі складае?
І бацьку скора сын забудзе —
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Ўсім бедным доля выпадае:
Прайсці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі астацца
Ды быць забытымі тут ўсімі —
І сваякамі і чужымі.
І мне заўсёды горка стане,
Калі я ўбачу на кургане
Пад шэрым прыкладам драўляным
Прыпынак вечны селяніна.
Стаіць там крыжык-сіраціна,
Сівенькім мохам ўвесь убраны,
З павязкай белай, даматканай.
Пытаю: хто тут пачывае?
Дзяўчына, можа, маладая
У поўным цвеце красы-сілы
Сышла без часу да магілы?
Ці здатны хлопец-малайчына?
Маўчыць магіла селяніна.
А хто пахован, я не знаю
І смутак моцны ў сэрцы маю.
А тут закопаны навекі
Надзеі, радасць чалавека
І гора схована ліхое —
Жыццё бядачае людское.
Мае знаёмыя няўзрачны,
Нічым не слаўны і не значны,
Ўсё людзі простыя, малыя,
Хоць па-сваему і ўдалыя,
Але ўдалымі іх не лічуць.
Жывуць, цярпліва долю смычуць
І крыж нясуць мужычы ціха,
Дабра не бачачы з-за ліха.