Ды што зрабіць? Я б сам быў рады
Не ведаць крыўды той і здрады,
Што просты люд нясе вякамі
Сваімі ўласнымі гарбамі.
Ды горкай праўды не схаваеш,
Яе ніяк не ашукаеш.
Ды і навошта? Крый нас, Божа!
А праўда мне ўсяго дарожай,
І бацька праўдзе вучыў змаля,
Дык з гэтай праўдай ступім далей.
Дзень добры, новая мясціна!
Спаткай ты нас, як маці сына
Па часе доўгае разлукі,
І разгарні прыветна рукі
Для тых, хто змушаны ў няволі
Жывіцца хлебам твайго поля;
Зірні ты светлым вокам ласкі,
Авей крылом прыгожай казкі,
Каб гэта жыцце-пуцявіна
Была нам светлая часіна;
Узброй надзеямі нам грудзі,
Бо мы твае, зямелька, людзі!
На першы погляд нецікава
Парэчча тое выглядала,
І смуткам сэрца калыхала
Старых бярэзін гэтых лава,
Што на балоце між лясамі
Шумела голымі вярхамі.
Было ўсё тут параскідана:
І праслы нізкія паркана
З трухлявых шул павыязджалі,
І трэскі кучамі ляжалі
Па ўсім двары і на дрывотні;
Стары хлявец без падваротні,
Гумно са стрэшкай пасівелай,
Абросшай мохам, абапрэлай,
Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста
Казала ясна, галасіста
Аб непарадку, запусценні,
Аб гаспадарскім нерадзенні.
Слязьмі Міхашча залілася —
Такою ямаю здалася
Старая хата ў тры аконцы!
Парог яна пераступіла —
О, Божа добры, як няміла!
Ці свеціць тут калі хоць сонца?
Было так цёмна, непрытульна,
Ў гразі-балоце ўсё агульна:
Як печ, як столь, і сцены, лавы,
І дух пракіслы, дух трухлявы
З усіх куткоў дыхнуў сярдзіта.
Зямля на ямы ўся пабіта.
Было відаць, што тут ліпелі
Да часу людзі і не дбалі,
Гразі ніколі не знімалі,
Рабіць парадку не хацелі,
Жылі па-свінску, кацьмакамі
І ў добрай згодзе з прусакамі.
Вясна была яшчэ ўпачатку,
Але снягі ўжо раставалі,
І дружна ў полі балбаталі
Раўкі, рачулкі, і ў грамадку
Яны ваду сваю злівалі,
Ад сну гаі, лясы будзілі
І людзям душу весялілі.
І ўсё патрошку ажывала:
На дрэве покаўка таўшчала,
Ў сабе лісточак далікатны,
Пахучы, свежанькі, прыўдатны
На добрым сонцы гадавала.
Старыя хвоі і яліны,
Далёка кінуўшы галіны,
Глядзелі хораша, любоўна,
Як іх патомкі згодна, роўна
Стаялі гожай чарадою,
Схіліўшысь к сонцу галавою.
Ў лясах, гаях дразды спявалі,
Ў балотах кнігаўкі крычалі;
А ў небе ўдзень і вечарамі
Высока роўнымі шнурамі
Злятаўся вырай жураўліны,
І амярцвелыя даліны
Будзілі звонкім сваім крыкам,
Як бы прыветным гэтым зыкам
Віталі родныя балоты,
Густыя лозы і чароты.
І на душы нейк весялела,
І сэрца радасці хацела,
А думкі ціхія і мары
На душу клалі свае чары.
Хацелась жыць, ушыр разняцца,
За долю лепшую змагацца;
Ўзнімалісь грудзі: чулісь сілы,
І божы свет здаваўся мілы.