Выбрать главу
Памалу, звольна і ў Парэччы (Такая ўрода чалавеча) Зжывалісь з месцам, прывыкалі, Гняздо старое забывалі, І праз якіх дзве-тры нядзелі Ўжо весялей на свет глядзелі Будынкі гэтыя старыя — Яны зрабілісь як не тыя. Агледзеў іх Антось, падправіў І шулы новыя паставіў Ў гнілы паркан, і лом сабралі, Ды шыбы ў вокны паўстаўлялі, Бо не любілі непарадку, І пачалі жыць зноў спачатку.
Ды йзноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю І ўвесь набытак, што быў ў дому. Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Як на бяду, пайшлі мужчыны І Ўладзік з імі ўрассыпную: Адзін у лес, той да адбору, З сахою трэці ў гэту пору Араў дзесь пасеку старую; Дык што магла з дзяцьмі малымі Зрабіць жанчына адзінютка? І ўсё згарэла дачысцютка, Прапала марна ў чорным дыме. Зазнала жалю гаспадыня: Ў агні згарэла яе скрыня З усім пасагам і набыткам; Прапалі хусты яе, світка, Згарэлі кросны, рад багоў І грошай сорак сем рублёў. Хоць, праўда, Костусь не збаяўся І смела з пожарам змагаўся: Звалок гарошыны з пасцелі, Тады, як вопраткі гарэлі, І з імі доўга ён насіўся, Аж покі зруб не паваліўся. Бяда, хоць плач, і дзе дзявацца? Куды ад холаду схавацца? І маці з дзеткамі малымі Нядзелі дзве жыла з сваімі. А на пажарышчы часова З'явілась новая будова — Зямлянка-будачка малая, Ў адно акенечка, крывая, Але да часу добра й гэта. Тым часам сонца йшло на лета, Дык так-сяк кідалісь, качалісь, Хоць дужа з горам спазнавалісь. Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агоньчык чуць прыметна, Абы не звёўся. Вечарамі Тут маці ўходжвалась з гаршкамі, Сям'і вячэру гатавала,
Тады зямлянка ажывала: Смяялісь дзеці, мітусілісь, Як рыба ў букце, варушылісь, Бярвенцы, трэсачкі сцягалі Ды на агоньчык падкідалі. Шугала полымя праворна, Як бы чагось каму смяялась І то свавольна ўгору рвалась, То рассцілалася пакорна. А ветрык, злодзей, не стрывае, З-за хаткі хітра налятае, Ў агоньчык раптам уварвецца; Агонь туды-сюды матнецца І дымам ветра адбівае, Як бы тых жартаў не прымае. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее, Агоньчык колер свой мяняе І счырван-жоўты блеск прымае; І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе; Баранчык божы ў паднябессі Бляе маркотна над балотам, Як бы шукае ён каго там, І гэта смутнае бляянне Ў цішы балот у час змяркання На сэрцы жалем аддаецца, І ў душу журбаю ліецца, І мары розныя наводзіць. І думка вынікне — праходзіць, Як тыя хмаркі на заходзе, Што без слядочка, быццам цені, У смутным нікнуць задуменні. Маўкліва-сцішна ўсё ў прыродзе! Напрацаваўшысь, спачываюць Усе старэйшыя — хто ў хатцы, А хто ў гумне ва ўсёй апратцы — І гэтак ночкі прасыпаюць. І вось, бывала, вечарамі Каля агоньчыку часамі Алесь і Костусь засядзяцца. А як ужо пачне змяркацца І зоркі ў небе замігаюць, Пужаць іх страхі пачынаюць. Тады браты радком садзяцца, Плячо ў плячо, але прызнацца, Што страшна ім, ніхто не хоча. — Алесь! ты чуеш, як рагоча Ў беразняку баранчык божы? Але ці ведаеш, з чым схожы Той дробны рогат? Мне здаецца, Антось Тацянін так смяецца! — І хлопцы ўраз зарагаталі, Ды ўраз жа смех той абарвалі: Вакол было ўсё так спакойна, Дык гэты смех нейк непрыстойна Сюды, ў пакой начны, ўрываўся — Самім ім дзікім ён здаваўся. Маўчаць яны. Касцёр палае, Вакол усюды цьма густая Пільнуе плямку агнявую І гэту норку залатую, Што ў нетрах цьмы агонь свідруе, Каб знішчыць блеск. Агонь сярдуе І цьме ніяк не паддаецца; Часамі полымя прарвецца, І цьма сярдзіта схісянецца, Адскочыць далей напаўкрока. Агонь блішчыць, як воўча вока. Паволі дрэўцы дагараюць, І ціха іскрачкі ўзлятаюць І гаснуць борзда без слядочка. Ўжо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. У іх фантазіі дзяцінай, Затканай страху павуцінай, Ўстаюць начныя страхі, здані, І зыкі чуюцца пагані, Чараўніка і чараўніцы, І лопат крыллямі начніцы. А кожны куст ім дзеда родзіць Таго, што ўсюды лазіць, ходзіць З мяшком і мыліцай-кульбою І з доўгай сівай барадою, Ідзе і дзетак забірае, След барадою замятае. На полі неба лес страхлівы Стаіць зацяты, нерухлівы. Што ён ў сабе цяпер хавае? Снуецца нечысць там ліхая, Мярцвяк пад елкай прытуліўся, На іх цяпер утарапіўся І зараз мёртваю рукою Пачне хрысціць перад сабою, Каб рух адняць, скаваць іх сілу, Каб зацягнуць іх у магілу. Там ходзіць страшны воўк-бадзяга, Разбойнік крадзецца, туляга, З акрываўлёнаю рукою І з страшнай цяжкай булавою. Шалёны бегае, пужае, Каго ні стрэне — ўсіх кусае... — Ну, што, брат Костусь, ці баішся? Куды так пільна ты глядзіш ўсё?! — Алесь паціхеньку пытае І руку брата не пускае. — Ці бачыш што? — Не, так, нічога! — Гаворыць Костусь, а ў самога На лоб кучомка напаўзае... — Мо пойдзем, братка? — ён гаворыць. Алесь ахвоцен і не спорыць, Браты за рукі пабяруцца, Ў зямлянку вобцас панясуцца.