Выбрать главу

VІІ. Дзядзька-кухар

Наш дзядзька, мілы наш Антоні, Ў дзіцячым часта быў палоне: Вось так гуртом яго абсядуць І час работы яго крадуць; Насі «катла», кажы ім казкі, Ідзі на поплаў з імі ў краскі, Давай адказы на пытанні, Тлумач ты ім усё дазвання: Адкуль, з чаго дзе што бярэцца, Вось гэта, тое як завецца І чаму так, чаму не гэтак? Прыхілен дзядзька быў да дзетак. Ён быў настаўнікам, суддзёю, Калі, бывала, між сабою Паспораць дзеткі ці паб'юцца, Дык да каго тады звярнуцца, Як не да дзядзькі, да Антося? Ох, слаўна з дзядзькам ім жылося! Яшчэ замецьце, што з малымі Ён размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Калі ж хто часам з ім не зладзіць, То дзядзька толькі вус пагладзіць, Але не скажа ён нічога, Бо ведаў, чым даняць малога, — Гаворыць з тым, з кім дзядзька ў згодзе: — Калі такі ён, ну, то годзе! — І дзядзька змоўкне, пачакае,
Кісет дастане і закурыць І вочы чутачку прыжмурыць, Як бы і ў памяці не мае Таго, што з хлопцам пасварыўся. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! — Ўжо знаюць дзеці, што то значыць Гаворка дзядзькава такая, Куды ён вуды закідае: У Ліпава пайсці з ім! Божа! І хто ўстаяць прад гэтым зможа? Ды гэта ж — свята, ягамосці! Набок тут норавы і злосці! І мяккім робіцца паганы — Хоць ты яго кладзі да раны. Адно вазьмі яго з сабою, Усюды пойдзе за табою І ўсё забудзе, ўсё даруе, На дзядзьку больш не засярдуе. А чым жа Ліпава так міла? Чым так дзяцей яно маніла? І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі, А ў іх мільёны красак ззялі, Як бы на небе тыя зоркі; Лужкі, дарожкі, і пагоркі, І купкі хвоек маладыя, Дзе матылёчкі залатыя На сонцы крыльцамі блішчалі, Жучкі і конікі трашчалі І ў стройны звон свой зык злівалі. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Ну, як тут вытрываць малому, Таму, хто з дзядзькам пасварыўся? Як бачыш, з дзядзькам ён гадзіўся.
А пойдзеш ў Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі І зайца ўгледзіш, і вавёрку, І норы воўчыя на ўзгорку Сярод трушчоб між ельнякамі, І «чортаў камень», што вякамі Над Азярком ляжыць, як хата... Ну, ўсякіх дзіў там ёсць багата! А дзядзька ўсё табе пакажа, Цікавасць тваю ўсю развяжа. А найважнейшая тут мэта — Звярнуць з дарогі і да цёткі Зайсці на час які кароткі — Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся; Усіх цягнула ў госці к цётцы: Так узмацуе на дарогу — Было што есці, дзякуй Богу!