Выбрать главу
О, дзядзька спосабаў меў многа Даняць праціўніка малога! Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку — Ўсё гэта квапіла хлапчынку, Цягнула крэпенька, бывала, І, як рукою, злосць знімала. І дзядзька майстар быў на штукі І быў механік на ўсе рукі: І дудку скруціць вам, і стрэлку, І нарысуе нават елку, — Такую выштукуе цацку, А ў Свержань пойдзе — купіць пляцку... Дык і не дзіва, што любілі, Што на руках яго насілі. А жывучы каля зямлянкі, Паміж лясоў, сярод палянкі, Яшчэ крапчэй яны здружылісь, Адзін к другім цясней хілілісь. — Ану, давай, брат, запрабуем, Хоць на цікавасць пакаштуем, Які тут сок на новым месце? Мо з хлебам можна яго есці? — А дзядзечка! мой залаценькі! Пастаў нам соку, дарагенькі! — Вазьмі, вазьмі мяне з сабою! — Тут каля дзядзькі чарадою, Як чэрві, дзеці мітусяцца. А дзядзька моўчкі стаў збірацца: Дастаў сякерку і свярдзёлак, Пад паху сунуў ён аполак На латакі і на падстаўкі Ды вынуў два гаршкі з-пад лаўкі. — Ну, хто са мною йдзе? — пытае. — Я! — Я! — І я! — крычыць малая Ў канцы дзяўчынка Міхаліна. — Куды табе? ото скачыха! На печ залезь і сядзі ціха! — Напалі хлопцы на дзяўчынку; А тая ў слёзы, ў плач, як бачыш. — Ну, сціхні, ша! Чаго ты плачаш? — Антось пляменніцу ўцяшае І нос крысом ёй абцірае. — Няхай ідзе! А хлопцам брыдка Так нападаць на дзеўку швыдка, — Гаворыць дзядзька, бровы хмурыць, І бальшуноў ён злёгку журыць. Тады і хлопцы тон мяняюць; Ідуць у лес, крычаць, гукаюць, Як вучні, вырваўшыся з школы, І ўсе давольны і вясёлы, А дзядзька ўперадзе тралюе І галаву ўгару ўскідае, Бярозу добрую шукае З салодкім сокам, баравую, Дзе б бобам кропелькі сачылісь. Знайшлі бярэзіну, спынілісь. Залысіў дзядзька дрэва злёгку (Сякерка востра, кара крохка), Зрабіў заруб, латак прыправіў, А пад латак гаршчок паставіў. І соку кропелькі, як слёзы, Як град, пасыпалісь з бярозы, Аж шкода нейк было дзярвякі: Здавалісь ранай тыя знакі, Адкуль паліўся сок халодны
І пакідаў свой комель родны.
Я помню дзень той. Вечарэла, Зайшло ўжо сонейка, цямнела, Агоньчык дзеці раскладалі, Паленцы, трэсачкі збіралі, І дзядзька тут жа, распрануўшысь, Сядзеў на кукішках, сагнуўшысь. Прад ім стаяў гаршчок і міска І кошык з бульбай; тут жа блізка Відзён і збан быў паліваны, Да палавіны ў дол ўкапаны, Кружочкам шчыльненька накрыты. — Алеська! скокні, брат, вазьмі ты У хатцы тарачку на печы! Ну, варушыся ж ты, старэчы! Наўкол пляменнікі сядзелі, На дзядзьку пільна ўсе глядзелі, Як ён, рукавы закасаўшы, Па тарцы шоргаў, шапку зняўшы. І кожны лёгка б дагадаўся, Што тут сакрэт якісь хаваўся, Памеркаваўшы, як цікава Была для хлопцаў гэта справа І як іх дзядзька завіхаўся. А хто б яшчэ мог болей цяміць, Таму б адразу прыйшло ў памяць, Што дзядзька бульбу драў на клёцкі, Каб згатаваць не па-жаноцку. Бо што жанкі? раз што панята, Ноль — слова нашага ім брата; Як іх на розум тут ні ставяць, Яны ж сваё ўсё права правяць І робяць так, як і рабілі, Калі пяшком пад стол хадзілі. Але вось ён пакажа носа, Стварэнне вы доўгавалоса, Калі ён тут пагаспадарыць І сам ды з сокам клёцкі зварыць! Вось будзе штука вам, дык штука! На тое ж спроба і навука. А сок быў свежы, такі хвацкі, Такі салодкі, забіяцкі! Ён быў галоўнаю віною Таго, што познаю парою Сядзелі дзеці чарадою І з дзядзькі вочак не спушчалі І стравы важнае чакалі. — Эх, — цмокаў дзядзька, — наямося! Зірнулі хлопцы на Антося, І сліну ўсе яны глынулі, Паветра носам зацягнулі. — Ну, што ж вы рукі паскладалі? Ў агонь бы трэскі падкідалі, А то патухне зараз! Жыва! Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. А чыгунок, бы пан пузаты, Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята, Бо не з вадою ён, а з сокам. Ідзе тут справа ненарокам; Дзяржыся, браце! І чуць толькі Ўзнялося булбатачак колькі, Дык дзядзька зараз стаў пакрышку Ў чыгунчык клёцкі кідаць з лыжкі; Укіне лыжку, памяшае Ды зноў другую набірае. А хлопцы нават паўставалі, Ў чыгунчык вочы паўстаўлялі, Глядзяць, не моргнуць яны вокам: Эх, мусіць, смачны клёцкі з сокам! — Ну, дзядзька, можа, і гатовы? — Не сцерпеў Костусь, мовіў слова. — Які ты, хлопча, нецярпячка, Няхай цябе затопча качка! — Гаворыць дзядзька на хлапчынку. — Няхай паварацца часінку, Каб сокам добра праняліся, Тады, брат, — эх! адно дзяржыся! — І дзядзька цмокнуў выразліва, І хлопцы зноў ждуць церпяліва, А дзядзька, стоячы, паволі Памешваў клёцкі. — Ну, даволі! — Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі, Як бы гару з плячэй сапхнулі, І бліжэй к дзядзьку падступілісь. — Глядзі, мо ўжо пераварылісь, — Алесь зазначыў палахліва. — Ну, — Костусь кажа, — ото дзіва! Не бойся: дзядзька лепей знае... Глядзі, брат, клёцка унь якая! А брат ты мой, як булавешка, Як скула тая, што ў Дзямешкі! — І — ха-ха-ха! — зарагаталі. — А каб вы, падлы, не даждалі! — Гаворыць дзядзька, сам смяецца, Аж лыжка з клёцкамі трасецца. — Ну, языкі параспускалі! Не дам вам клёцак і панюхаць! — І стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць, Пакаштаваць каб было можна, І ў рот падносіць асцярожна. Замерлі хлопцы, а ні зыку: Мінута важна і вяліка; Глядзяць на дзядзьку і чакаюць І дзядзьку поглядам пытаюць: «Ну як? ці смачны? ці салодкі?» У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі, Заціснуў дзядзька і губамі Варушыць борзда, як часамі Трусок ці зайчык над капустай, Каб лепш дазнацца смаку-густу. Пацмакаў дзядзька і ўсміхнуўся, Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся І тут, нічога не сказаўшы, Як плюне дзядзька, пажаваўшы! Трах у чыгунчык ён нагою! І так абцёрся ён рукою, Што губы й нос чырвоны сталі І нават вусы затрашчалі. А хлопцы проста збілісь з тропу І ў нейкім страсе і ў захопу На дзядзьку-кухара глядзелі, Як бы яны аслупянелі. Быў смешны дзядзька той часінай З пустою лыжкаю, з тычынай, Якою трэскі ён варочаў. А тут Алесь як зарагоча! За ім адзін, другі паехаў. Такіх было тут жартаў, смехаў, Што ўсіх трасло і калаціла І дзядзьку смехам захваціла. — Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся? — Пакудства, брат, і не пытайся!