Выбрать главу
Міхась з Ксавэрам выйшлі з хаткі. Світала ўжо. Дзесь каля гаткі У гэтым досвітку маўклівым Крычалі гусі праразліва, Нястройным хорам гергеталі, Ды качкі з шумам праляталі, І кнігаў нёсся плач з лукі, Ў глыбі лясоў цецерукі Ўжо зачыналі свае токі, Усход віталі агнявокі, Віталі шчыра і натхненна. Міхал з Ксавэрам задуменна Ішлі праз лес, ішлі маўкліва. І толькі зрэдку сіратліва Па слоўку ўроняць два служакі. — Няма ў нас пана, небаракі!— Міхал гаворыць. — Так, няма. Жыві ўдава цяпер сама, — Сказаў Ксавэры задуменна. — Ну, пане, будзе цяпер змена, І пойдуць новыя парадкі, — Міхал выказвае дагадкі. — А пэўна: будзе талачэча, Не без таго ўжо, чалавеча!— Ўздыхнуў Ксавэры. — Шкода пана! Ох, бедны: выбраўся зарана! А жыць бы мог, такі здаровы, — Ну, чалавек, як корч дубовы... Пажыць бы трохі яму трэба, Пакой душы яго і неба. — Так гаманілі, йшлі прасткамі То праз лужок, то хвайнікамі — Ўсяе дарогі на паўмілі, Ішлі, нябожчыка хвалілі, Як чалавека й служку князя, Як і вядзецца ў такім разе. — Не кепскі быў: і распытае (Хай са святымі спачывае), Як ты жывеш, ці ты галодны, Ці ты спачыў, — як бацька родны, Але, сказаць, яшчэ й не ўсякі! А прынясеш што — без падзякі Ужо не выпусціць, заплаціць, А на дарэмшчыну не квапіць. — Быў чалавек ён справядлівы, Не фанабэрысты, праўдзівы!— Ксавэры так жа пацвярджае. На тым гаворка іх змаўкае. Ідуць маўчком яны; заняты Сваімі думкамі з іх кожны. «Так. У лясніцтве кут парожны, Куток паквапны і багаты, Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае, Як рыб гарох у азярыне, І кожны ў замку службу рыне, Сюды паціснецца з ахвотай, І не прыедзе, а пяхотай За душу мілую прычхае, — Міхал з сабою разважае. — Але хто ж гэта месца зойме? Яно-то праўда: ў панскай плойме, Сказаць, не будзе недастачы,
Ды гора ў тым — адзін лядачы, Другі без клёпкі, трэці злосны, Несправядлівы, безлітосны, Як вось, напрыклад, Табартоўскі Або падлоўчы, пан Бялоўскі. Назначаць гэтакага ката, Тады запахне свая хата. Набыць дабра не надта лёгка, Яно, як шклечка тое, крохка: Чуць да яго не так кранешся І з чарапкамі астанешся, А ліха прыйдзе без падмогі, Бо ліху — бітыя дарогі І ўсюды сцежкі яму вольны, То роўна-гладкі, то вакольны, Не абміне яно нікога».
Так смерць ляснічага старога Міхала моцна ўскалыхнула І ўсё ўверх дном перавярнула. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова!
Ўставала сонейка з-за лесу, Скрозь тонкіх хмарачак завесу Усюды косы раскідала; І ўсё жывенькае вітала Усход яго на ясным небе І клапатком аб пільным хлеба Дзянёчак новы зачынала, Калі Міхал і пан Ксавэры Ўзышлі маўчком на двор кватэры.
На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі сада Стаяла панская пасада. Прасторны, роўны двор, вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы: Хадзілі куры з певунамі Ў кампанні важнай з індыкамі, І, распусціўшы хвост мятлою, Павук пахаджываў з павою, Як пан вяльможны, радавіты; Ў кутку двара каля карыта Шныралі качкі-плюскатухі; Япрук заможны, лапавухі Спацыраваў паміж платамі І смешна ўскідваў кумпякамі, Калі часамі каля дому Ён гукне, рохне па-свіному, Здаецца, так, без дай прычыны, І спрыт пакажа япручыны. А каля кухні пад аконцам Сабакі грэліся на сонцы — Таксама панскае пароды, І ім было жыццё, выгоды. Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы, і стайні, і аборы, Дабра, набытку былі горы. Але ў машыне гаспадарскай, Бы ў хітрай штучыне слясарскай, Згубілась шруба — стоп, машына! Няждана выпала пружына! Рыгор-хурман хадзіў без дзела, Спярша пабурківаў нясмела, Цяпер нікога не баяўся, Хадзіў і лёгенька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? — А ты чаго тут, мухамора? — Рыгор насеўся на кухарку. — Вось калі дам табе па карку!.. — Пайшоў! адстань! ото брыдота! Прылез, як лысы чорт з балота! — Эх, Наста! хочаш? ану, ў скокі! — Сказаў хурман і ўзяўся ў бокі, Нагою тупнуў, закруціўся, Прысеў і ўстаў, заварушыўся — І то ўстае, то прысядае І ногі ўперад выкідае. — Бадай ты спух! ото распуста! А каб табе было, гад, пуста! Няма ні сораму, нічога... Ды пашануйся ты хоць Бога. Хоць бы граха ты пабаяўся! — Але Рыгор не сунімаўся. — Скачы, валяй і ты, Настуля! Што ж? Калі гулі, брат, дык гулі! Пан пойдзе ў рай, а мы з табою... А мы — у букту з галавою! — Пакінь: нябожчык там, у доме! Пайдзі праспіся на саломе! І пані унь глядзіць! — Што пані?! А я-то хто? пане-хурмане, Дурное заткала ты! знаеш? Чаму Рыгорам называеш? Заві мяне... вяльможны пане! — Няхай цябе зямля апране! Ото брыда, ото завала: Яшчэ каб панам называла! Ці чулі людзі? Налізаўся, Як той сабака на разніцы!.. — Но, но! бо пойдзеш без спадніцы. — Адстань! слатою навязаўся. «На паліцы сланіна, Пані пеўня смаліла, А ў рандэльку стаіць лой, Але не твой, не — не твой!» А там, у доме, было гора: Жывы і крэпкі яшчэ ўчора, Сягоння быў ён нерухомы, Глухі на ўсё, чужы жывому. З засценку шляхта пасхадзілась І ў тым пакойчыку таўпілась, Дзе пан ляжаў у дамавіне. — Няхай з святымі апачыне! — Ўздыхалі, хрышчучысь, старыя, Схіліўшы голавы сівыя. — Не кепскі пан быў! — гаварылі, І ціха, стала адхадзілі, І доўга кучкамі стаялі. Паны сюды з'язджацца сталі.