Выбрать главу
На прыгуменні, поруч з садам, Павець з гумном стаяла радам, А пад паветкаю прылады: Вазок, калёсы, панарады, Старыя сані, восі, колы І вулляў некалькі на пчолы, Яшчэ някончаных; судзіна, Стары цабэрак, паўасміна І розны хлам і лом валяўся, Ад сонца, дожджыку хаваўся — Патрэбны рэчы, ёсць вядома! Гуменца, крытае саломай, Ад доўгіх часаў пасівела; Салома кудламі вісела, Яе вятры параздзімалі, А трохі хлопцы пасцягалі, На стрэху лазячы, бывала, — Іх гэта забаўка займала. А пад шчытом на павуціне Нішчымны колас-сіраціна Ў зацішку лёгенька гайдаўся; З якіх ён часаў там трымаўся, То Бог яго святы ўжо знае! Будоўля, больш яшчэ старая, З гнілой, вагнутаю страхою Стаяў хлявец якраз напроці І чуць ліпеў, як бы на плоце Гаршчок, разбіты качаргою. Стары, паедзены чарвямі, Набок пахілены вятрамі, Глядзеў хлеў гэты старычынай, Пахілай доляй жабрачынай; А збоку, ў полі, недалёка Стаяў прыгрэбнік адзінока, Пахілкам, горкім сіратою, У дол упёршыся страхою. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы, Як бы шляхцянка засцянкова, Што ў дзень святы каля касцёла, Чуць-чуць падняўшы край падола, Так важна ходзіць з парасонам, Спадніцай верціць, як агонам, З дарожак пыл, пясок зганяе І ў вочы хлопцам заглядае.
За хатай поле пачыналась, Дзе жыта хораша гайдалась І рос авёс, ячмень і грэчка, — Было прытульнае гняздзечка!..
Мой родны кут, лугі, крыніца! Цяпер для вас я — чужаніца. Той самы лес, палеткі тыя, Ды людзі там жывуць другія. Мне душу смуткам напаўняе, Што ў прошласць канулі гадочкі, Мае шчаслівыя дзянёчкі, — Прайшла, вясна ты маладая!
Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося.

ІІ. Раніца ў нядзельку

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Пад рукою Таўкліся дзеці, заміналі Або смяяліся, спявалі. Услон заняў сваё ўжо места, На ім стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела І кідаў цеста ў скавародкі. Давала піск яно кароткі, Льючыся з шумам на патэльні, І ў жар стаўлялася пякельны; І там з яго ўжо ўвачавідкі Пякліся гладзенькія пліткі Блінцоў, спаднізу наздраватых, Угору пышна, пухла ўзнятых, І ўжо адтуль рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Стаяў асобна ў місцы скорам Сяго-таго для верашчакі. Хоць невялікія прысмакі — Цыбуля, перчык, ліст бабкоў Ды сальца некалькі брускоў, Мука і квас — і ўся прыправа, Але ўсё ж снеданне цікава; А для дзяцей найбольша свята Абы наесціся багата. І звон аб прыпек скавародны, Так блізкі сэрцу, так ім родны, У нейкім радасным настрою Спяваў ім песняю святою І лашчыў сэрцы іх і вушы І поўніў радасцю ім душы, Такі прыемны, мілагучны, У той прыемнасці выключны, Ён разліваўся па ўсім целе І ўмомант іх знімаў з пасцелі. Недарма ж дзядзька іх, бывала, Каб пабудзіць каго з іх жвава Пагнаць каровак ранічкою, У прыпек біў скаварадою. Цяпер, здаволіўшысь ядою, Дзяцінай цешылісь гульнёю. Хто бегаў з кіем каля хаты — Ганяў курэй. Як парасяты, Ў пяску капаліся сястрычкі. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Ўсе парасходзіліся з хаты, І кожны дзелам быў заняты: Міхал у лес пайшоў ранютка Рабіць звычайныя абходы; Антось спаць доўга не меў моды, А як надарыцца мінутка Часіны вольнай ці святы дзень, Ну хоць адзін разок на тыдзень Хадзіў на Нёман ці на тоні — Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы; А Ўладзік пасвіў дзесь каровы, Травіў чужыя сенажаці; А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Адно прыпыніш — там другое, Глядзіш, як бачыш, набяжыць, І ручак некалі злажыць — Жыццё жаночае такое! Так і цяпер: печ зачыніла, Работу ў хаце прыпыніла — Ідзі ў гарод ты па бацвінне: Другі раз есці просяць свінні. А гэты Юзік-шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца Або, як хвост той, валачэцца І ад работы адрывае І толькі сэрца ад'ядае.