Выбрать главу
«Ой, пайду дадому, Не скажу нікому. Ды зарэжу ката, Бо наш кот — сірата!» Спяваў Амброжык за балотам, А Пальчык сыпаў як бы шротам: «Будзе мяне жонка біць, Няма каму бараніць!» Міхал спяваў баском спавагу, Як бы каваў ён словы шлягай: «Добра мера, хоць без грошай, Абы празнічак харошы!»

IX. Новы ляснічы

Якраз на самым рассвітанні Міхал вярнуўся з пахавання; Вайшоў у хату, распрануўся, Зяхнуў і смачна пацягнуўся, Бо цэлы дзень праталачыўся І, ноч не спаўшы, утаміўся; І цела соладка нейк ныла, — Ўсё адпачыць яго хіліла, І жонка тут не прыставала, Пра сёе-тое распытала, Ўздыхнула раз, другі па пану. — Ну, спі, а я хіба ўжо ўстану. — І маці стала адзявацца, Каб за работу тую брацца; Пайшла каровак падаіла І бульбу свінням перамыла. Тым часам сонейка з-за лесу Зняло цямраную завесу.
Праменні, стрэлы залатыя, Макушы лесу прабіваюць І блескам-ззяннем высцілаюць Нябёсаў багны патайныя. Ў чародах светаў незлічоных, Нерасчытаных, неадмкнёных, Людскі наш лёс — былінка поля, Пылок нязначны — наша доля, А нашы радасці і слёзы, Надзеі светлыя, пагрозы І ўсё, чым жыцце нас вітае, Яно адзначнасці не мае У звязку гэтых светаў божых, Таемных, страшных і прыгожых; І жыцце пэўнаю ступою Ідзе, не ведае спакою, Людскіх пакутаў не адзначыць, І страты іх яно не бачыць. — Эй, хлопцы, хлопчыкі! Ўставайце! Кароў на пашу выганяйце! Даўно пара ўжо пасвіць статка! — Алеся, Ўладзю будзіць матка, А хлопцы толькі ўзварухнулісь І на другі бок павярнулісь. Тут маці трошкі пастаяла І галавою паківала: — Шкада будзіць — ох, сон салодкі! Няхай паспяць яшчэ блазноткі.
Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся, І сошку часта ён спыняе І пырнік дзікі вытрасае. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся Ды з гэтай пырніцай змагайся. І як яны тут, ліха долі, З сахой хадзілі ў гэтым полі? Як тут расло, на міласць Бога,
Калі ў зямлю не ўб'еш нарога? Дзве баразны прайшоў — конь змогся. Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае І хмурна поле аглядае, А потым раптам схамянуўся, Зірнуў на сонца, ў двор рвануўся. — Хіба каровы яшчэ дома?! — Спаткаўшы Ганну, ён пытае, Ідзе ў гумно і хлопцаў лае: — Вы што зашыліся ў салому? Ўставайце зараз, гультаіны! Прайшло, лічы, ўжо дзве гадзіны, Як сонца ў небе засвяціла, Яны ж... хоць ты ўсадзі ім шыла!.. Ўставайце жыва, а то ўскочу, Устаць вас борзда заахвочу! Ўсхапілісь хлопцы і прыселі, Ўстаюць з нагрэтае пасцелі І лапці зараз абуваюць. За браму хлопцаў выпраўляюць. Вось маці з хаткі выбягае, Алесю торбу даручае, А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, І весялей шмат хлопцам стала.
Калі ўжо сонейка прыгрэла, Антось на полі кончыў дзела І выпраг коніка сівога, Свайго памочніка старога. Сівак з вялікім здаваленнем Прайшоўся вольна загуменнем І, баючыся ашукацца, Раллю панюхаў, стаў качацца З такім засосам і ахвотай, Бакі намуляўшы работай. Антось глядзеў і пацяшаўся І ціха сам сабе смяяўся. Ў двары, дзе колісь была хата, Цяпер работа йшла заўзята, І цесляры ўжо зруб канчалі, Гірш з Моўшам дошкі пілавалі; Ніяк не знойдуць яны скутку І ўвесь дзень сварацца за дудку. Ну, гэта сварка ім не шкодзіць, — Антось са смехам адыходзіць, Пад вусам смех яшчэ хавае, Ідзе, Міхася сустрачае. Міхась ужо крыху праспаўся, Ў абход сягоння не збіраўся. Другія думкі і настроі Ўсё не даюць яму спакою: За кім лясніцтва астанецца? Адкуль і хто сюды прыпрэцца, Пасаду вольную заступіць? Карціць пытанне гэта, рупіць. Антось з Міхалам на сняданні Даюць адказы на пытанні І кандыдатаў разбіраюць, Адных пахваляць, тых палаюць. — Вось каб Галонскі тут астаўся! За ім бы, брат, палюдскаваўся: Такі прасцяк, не надзіманы, Ляснічы вельмі б пажаданы. — Ды гэта так! — Міхал ўздыхае. — Але заручкі ён не мае: Яго паны не падтрымаюць, Бо на прымеце іншых маюць. Такога вышукаюць струпа Ці адшчапенца-курашчупа, Што й службе той не будзеш рады І адцураешся пасады. — Вядома, так, — і Ганна кажа, — Жыццё і свет табе завяжа, Як гад які сюды прыпрэцца; І немаведама, дзе дзецца, Як дапячэ табе часамі, Хоць ты наймайся батракамі. — Эх, брат! — махнуў Міхал рукою. — Мы чулі ўладу над сабою, А пажывем — яшчэ пачуем, А тут, хоць як мы ні мяркуем, Але нічога не даб'емся, Куды ні пойдзем, ні таўкнемся, Дабра ніколі не прыдбаем, Пакуль свайго кутка не маем. — Свайго кутка! сказаць то лёгка, Ды гэта справа вельмі крохка: Тут грошай трэба поўна жменя — Не наша голая кішэня... Купі зямлю ды замацуйся, Купі ты лесу, пабудуйся... А ў Мікалаўшчыну вярнуцца — Ўжо лепей тут як-небудзь гнуцца, Бо там — галда, там шум, цяснота, І не бярэ ніяк ахвота Туды зноў ехаць будавацца, Дык трэба службы ўжо трымацца, Пакуль яшчэ трымацца можна, — Антось зазначыў асцярожна. Да дзядзькі маці далучылась, Ў другі бок мова пахілілась, І будзе новая тут хата, Пасада пашаю багата, Ніхто цябе тут не сціскае І ў твой гаршчок не заглядае, Сядзець не будзеш тут без хлеба, А пацярпець, вядома, трэба. — Так, пацярпець! адно цярпенне І можа даць табе збавенне, — Тут усміхнуўся Міхал скрыва: — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! А над уласнай гаспадаркай Варонай чорнаю закаркай І цяжкі крыж пастаў над ёю, Як мусім ставіць над сабою. Цярпенне — ўсё: яно — бязмежнасць! Навошта ж тая незалежнасць?! Навошта гэтае імкненне Пусціць у грунт у свой карэнне? Але б вы самі спрабавалі, Калі б у вочы вам плявалі І вас агіднаю знявагай Па сэрцы білі б, як той шлягай! А ты маўчы, свяці вачамі Перад паўпанкамі, панкамі І перад панскім розным збродам, Цярпеннем скованы, як лёдам! — Ў Міхала губы дрыганулі, І вочы іскры сыпанулі. — Ці мала ўжо цябе тут гнулі? Цярпі, маўчы, знасі пакорна, А кожная свіння надворна, Свістун ці вырадак паганы, Няшчасны лёкай надзіманы Ці так нікчэмная басота, — Яна твайго не варта бота, — Цябе скубе, цябе ўшчувае — Маўчы! няхай жа бэсціць, лае, За нос, як хоча, няхай водзіць! Антось і Ганна не знаходзяць, Што адказаць і што парадзіць І як пытанне гэта ўладзіць.