Выбрать главу
Язэпа трохі дзед павучыць, І памуштруе, і памучыць, Бо трэба ж іх адукаваць І паслушэнству навучаць. Яшчэ на дзеда паглядзеце, Калі дзед вып'е на банкеце. У дзеда шчокі румянеюць, У дзеда вочы весялеюць, Гарохам дзедаў смех якоча, А сэрца руху, шуму хоча. «Эх, ешча-шчышча! Ешча-шчышча!» Тут дзед і цмокае, і свішча, Як салавей з сіваваронкай, Ды як зальецца песняй звонкай!.. Не! дзеду трэба болей руху, І дзеду цесна ў тым кажуху. Кажух на лаву дзед скідае І бубен-рэшата хватае, Бубніць у вечка чым папала Ды як прышчоўкне! ды прыўдала! Тут вам і полька, і мазурка... Такі быў дзед, нябожчык Юрка!
І дзядзька быў рыбак выдатны, Хоць больш урыўкавы, прыватны, Але лавіў-такі нямала, І дзядзьку ў рыбе шанцавала. Бывала, пострыжні прыправіць, На шчупакоў нясе і ставіць. Глядзіш — о, добрая мінута! — Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута, Схапіў жыўца шчупак і свішча, Дастаў — ў два локці шчупачышча! І з вудай дзядзька шчасце мае: Язёў занадзіць і кілзае; Язі ў тры хунты і ў чатыры! Агледзіць дзядзька букты, віры, Картофель зварыць і гароху, І надзіць рыбу ён патроху.
Лавіў наш дзядзька нераткамі І венцярамі і сачкамі, Ды аднаго ўсё ж бракавала: У дзядзькі чоўна не ставала.
Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела, На сонцы сохла яго цела, І човен, праўда, ўжо няновы. Дзед Юрка быў рыбак скарбовы, Скарбовай чайкай карыстаўся, А ўласны човен так валяўся, Як бы ў адстаўцы той сенатар, Хоць на чаўны дзед быў аматар. Дзед Юрка дзядзьку паважае І да яго прыхільнасць мае: Антось не знае такой моды Рабіць у рыбе перашкоды, І глупства ён рабіць не стане, І ў венцер дзедаў не загляне. — Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета І сям-там нават пакалоўся,
І шашаль, можа, дзе завёўся, Але, агледзеўшы, нічога: Яшчэ паслужыць мала-многа. Антось, як сонца, засвяціўся: Даўно аб чоўне ён смуціўся. Дадому дзядзька ехаў лёсы, Кладзе ён човен на калёсы, І едзе наш Антось вясёлы, І з ім падсмейваюцца й колы. На рэчку човен ён спускае — Няхай сабе тут намакае; А там, управіўшысь з сяўбою, Залье Антось яго смалою, Агледзіць і заканапаціць, А дзе і бляхаю прыхваціць. «Засвішча човен мой стралою!» — Так думаў дзядзька сам з сабою. Пакуль Антось канчаў работу, На рэчцы човен меў турботу: Як толькі добра сонца ўгрэе, Кастусь у чоўне ўжо дурэе Без нагавіц, ў адной кашулі, І хоць за ногі мыцкі тнулі, І запускалі як бы спіцы, Але скідаў ён нагавіцы, Бо так спрытней быць каля чоўна І нагавіцы — рэч умоўна. Зазнаў тут бедны човен гора: Каламі Костусь яго пора, І ва ўсе бокі яго круціць, І толькі воду каламуціць, Бо тут гразі больш, чым вады, І мулу, рознае брыды. Бубніць тут човен, ходзіць рэха — Такая хлопцу з ім пацеха! Антось на човен свой як гляне — І весялей на сэрцы стане: Які б ні быў, а ўсё чаўнок, І шчылін мала, як намок. Тым часам дзядзька ненарокам Глядзеў на човен добрым вокам. Дзянёк ён выбраў больш-менш вольны, Ідзе вясёлы і давольны. На бераг човен выцягаюць, Алесь і Костусь памагаюць. — Набок вярнеце, дном угору! Палечым зараз, наш ты хворы! — Да чоўна дзядзька так звярнуўся І тут жа зараз завінуўся. — Бярэце пакулле і спіцы... Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! — Язду ўжо дзядзька тут смакуе. — Вы шчыльна, шчыльна затыкайце! Што наймацней, брат, забівайце! Ды дружна, борзда канапаціць, Каб час не зводзіць і не траціць!.. Стары ўжо, падла, і трухлявы: Увесь, як рэшата, дзіравы, — Гаворыць дзядзька ў час работы, Сабе, другім дае ахвоты. Ідзе работа і размова — І канапачанне гатова. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. А дзядзька хоча дзеля спробы Дальш з гэтай выбрацца трушчобы: Там, далей, рэчка не такая І глыбіні даволі мае. Праз плот чаўнок гуртом куляюць, На ніз паволі прапіхаюць, А дзядзька сам садзіцца ў човен. «Плыве човен, вады повен, Ды ўсё — хлюп! хлюп! хлюп!» Спяваюць хлопцы і жартуюць, І дзядзька з чоўнам дальш шыбуюць. А дзядзька важны выгляд мае; Замест вясла прысок трымае, А твар яго, як сонца, ясны, Бо гэты човен — яго ўласны, І не цячэ ён ані-ні; Чаўнок, куды ні павярні. І трэба ўсё-такі зазначыць — Такой працэссі вам не бачыць: Алесь і Костусь човен пхаюць, Падол кашуль ў зубах трымаюць, А дзядзька ў чоўне — сонца ў коле! Тым часам човен і на волі, Бо тут глыбока рэчка грае, І хлопцам пуп вада мінае. — Ну, годзе, хлопцы, досыць вам: А ну-ткаль спробую я сам! — І дзядзька ўжо тут адразэчку Пачуў, што выехаў на рэчку, І гэта яснасць сходзіць з твара. Бярэ ён прыс, ён повен жара. Рашучасць думкі, смеласць руху, — Эх, колькі сілы, колькі духу! Зусім істота ў ім другая! На прыс ён разам налягае Ды на нагах калі прыгнецца! Тут човен раптам як рванецца, Бы той спалоханы шчупак! Герой наш дзядзька, наш рыбак, Адразу ў дзве бяды папаўся: Перш-наперш прыс у гразь вагнаўся, А човен носам — трах у дрэва! А дзядзька раптам — гоп налева! І ногі ў портках адмысловых — Не проста ў зрэбных — шарачковых— Адно ў паветры бурканулі Ды ў воду ўмомант баўтанулі! Ўсхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок — не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта; Прысок тырчыць, як струп на плеху, А хлопцы поўзаюць ад смеху, А дзядзька сам — цар без кароны І выгляд — мокрае вароны!