XII. Сесія
У інтарэсах асвятлення
Яшчэ нязнікшага з'яўлення
Не шкодна б святам, вольным часам,
Схадзіць на сесію з Міхасем.
Міхась паснедаў, прыадзеўся —
І на кірмаш схадзіць ён меўся, —
Не то што б там якія справы
Былі патрэбны і цікавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана ці Эльку.
Міхал — навошта ўжо таіцца? —
Любіў-такі павесяліцца,
Зайсці да Малкі ці Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Ці так ці не, ва ўсякім разе
Другое мелася на ўвазе:
Міхал любіў каля бутэлькі
Пытаць тых-сіх наконт зямелькі,
Бо так на службе дапяклі,
Што гэта думка аб зямлі
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волі і свабоды.
На тую ж сесію штотыдня
Хадзіў Міхал да пана-злыдня.
Звычайна з раніцы ў нядзельку,
Калі пакіне пан пасцельку,
Аб'ездчыкі са стражнікамі
Сюды схадзіліся, з'язджалісь,
З гадзіну добрую сланялісь
Або мянцілі языкамі,
То часам востра, то пагана,
Пакуль не клікалі да пана.
Вось і цяпер, у дзянёк гэты,
Як мае быць ужо адзеты,
Сказаць, адзеты і фарсіста
І гладка выбрыўшыся, чыста,
Міхал ужо разгладжваў вусы.
— Асцерагайся ж ты спакусы:
Прыйдзі хоць раз дадому ў часе! —
Звярнулась жонка да Міхася.
Ох, гэта нуднае прыслоўе,
Бадай яму ўжо безгалоўе!
І колькі раз ён чуе гэта!
Ну й надаедная ж кабета:
Вось так і выкіне на вока!..
Міхал абураны глыбока,
І гнеў мяняе яго вочы.
Ой, ды й язык жа ты жаночы:
Ці ёсць, ці не прычына тая —
Ўсё роўна менціць і кусае.
— Ну, як табе ўжо не абрыдне
Казаць адно сто раз на тыдні?
Сказала сорак раз і — квіта! —
Міхал адказвае сярдзіта,
Глядзіць, паблісквае вачыма
І злосна ўскідвае плячыма.
— Бо праўда вочы табе коле,
І не мінеш ты нябось Сроля,
Не людская твая натура,
Не пахне дом свой і пячура:
Абы гарэлка на прымеце —
Ты ўсё гатоў забыць на свеце!
Міхась стаіць, знявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э! лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы
І не адказываць нічога.
Ён толькі ўбок плюе з парога,
Ідзе — сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы збегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сцяты,
Дзвярмі ён грукнуў, выйшаў з хаты
І злосць душы і сэрца пляму
Выносіць з дому аж за браму;
І нейкі час ён па дарозе
Ідзе абураны, ў трывозе,
На жонку злосны, на самога,
Бо ў словах жонкі праўды многа.
Але ж нашто калоць у вочы?..
Цьфу! дня табе няма і ночы,
Ані часіначкі спакою;
Чорт кожны вяжацца слатою,
А тут яна шэй-на-катрынку
Як завядзе, дык без упынку.