Выбрать главу
А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну, Ды пад нядобрую часіну Дадуць там «лэмбуся» і «квасу», Каб не круціліся без часу. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Там і цяпер, як і заўсюды, Макалі ўсе з адной пасуды І елі дружна, не драмалі; Нарэшце ўсе па скварцы бралі. Як верашчака ў дно спадала, То маці есці пакідала Ды йшла ў камору па другое, Яшчэ больш смачнае, ядкое, І тарабаніла сюды Для заканчэння ўжо яды Тварог, запраўлены смятанай (Нясла з вялікаю пашанай). За ёю хлопцы адставалі І бацьку з дзядзькам пакідалі Над верашчакай завіхацца. Мужчыны бралі па аладцы І аж пацелі, небаракі. З аладкі дзядзька рабіў трубку, Каб лепш здаволіць сваю губку І больш зачэрпаць верашчакі. А бацька браў блінцом спавагу, Бо на Антося меў увагу: Антось жа правіў гаспадарку, Рабіў за двух, на сваім карку Цягнуў ярэмца хлебароба, Ну, словам, дзядзька наш — асоба! А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся, — І спрэчку тым яны канчалі, Што гэту скварку разразалі. Другая міска, міска-яма, Апаражнялася таксама, І ўжо к канцу таго снядання Хлапцы здаволілі жаданне, І ад мужчын яны адсталі. Павольней сківіцы жавалі, Крышылі страву, як нарокам. І бацька кідае відэльцы, Рукою гладзіць па камзэльцы, На абразы ўскідае вокам І шэптам хрысціцца набожна.
Тым часам міска і парожна, І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала.
А дзядзька сеў курыць на ўслоне. Злажыўшы шчыльненька далоні, Міхал сядзеў, не варушыўся І ў мыслі нейкія ўглыбіўся. Ды маці з дзядзькам добра зналі, Дзе тыя мыслі вандравалі, Што іх гарнула, што туліла І дзе было ім гэтак міла. Даўно ўжо бацька жыў думою Разжыцца ўласнаю зямлёю І не належаць ні да кога, Не знаць начальства ніякога. І калі бацька каго стрэне, Не прапускае ўжо здарэння Спытаць, праведаць аб зямельцы: Дзе прадаецца, як багата, Якія выгады і плата, Як блізка рэчка ці крыніцы? І чым больш служба дакучала, Тым болей бацьку прыцягала Свая зямелька, свая хата (Няўжо яна яму заклята?), Прытулак свой, куток уласны; Такі ён мілы быў і красны, Што наш Міхал там жыў душою, Не знаў улады над сабою, Апроч зямельнай той улады. Завёў бы там сабе прылады Ды жыў бы панам і не гнуўся, Шырока б там ён разгарнуўся.
І бацька ў вольныя часіны Расказваў дома ўсе навіны І чуткі ўсе наконт зямелькі. Так і цяпер, у час нядзелькі, Аддаўся бацька светлым марам І вёў размову з такім жарам, Што бацьку ў хаце ўсе дазвання, Як бы ксяндза таго казанне, Так шчыра слухалі, маўчалі, Што й нос абцерці забывалі. — Пытаўся я ў людзей, брат, сёння Наконт зямлі каля Заблоння, — Так бацька мову расчынае І вочы весела ўскідае На ўсіх, хто толькі быў у хаце, — Там, брат, гароды — чуеш, маці? (Ён гэтым жонку падкупляе) Так ураджайны, так багаты, І блізка, тут жа каля хаты! Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! А мак! а рэпа! морква, бручка! А буракі, гуркі, пятрушка — Ўсяго, ўсяго, ну, проста — страх! Ўсё там расце, як на дражджах. І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! Вось дзе, Антось-брат, пажыў ты бы! — Пад дзядзьку бацька падвёў міну: — Лаві ліны і еж саміну — Самы жывуць там, як цяляты! А дзядзька быў рыбак заўзяты, Рыбак у ім тут абудзіўся, Як сонца, твар яго свяціўся, І ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў. — Ну, ўсе выгоды каля бока, Тае ж зямлі якраз валока, — Міхал распісваў з жарам далей: — А чорны грунт — дванаццаць цалей! Жыта там родзяцца надзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, Ў іх конь хаваецца з дугою! А з ячмянёў вары хоць піва. Грэчка, аўсы растуць, як лозы, — Не то што ў нас: адны занозы Пад кіпці ты панаганяеш, Пакуль дзве жмені нажынаеш. І ўся зямля ў адным адрубу; І лес там ёсць, найболей дубу, А дуб расце на добрай глебе; Не клапаціўся б там а хлебе... Адкуль ні глянь — усё ўпадобна: Перш-наперш жыў бы там асобна, А не ў галдзе, страшэнным сціску, І лбоў не білі б там за міску, Як гэта водзіцца ў народзе; Там зможаш быць з суседзьмі ў згодзе. Другое дзела — воласць блізка. І то не дробная, брат, рыска; Там школка ёсць, а дзецям трэба Даўно навука і вучэба, А то растуць, на лес вось глядзя; Зірні: унь дуб які ўжо Ўладзя! — На зэдлі Ўладзік схісянуўся, Алесю хітранька ўсміхнуўся. — Ну, а я, тата, ці вялікі? — Спытаў Алесь. — Ты? салапяка! Нос абатры йдзі, разявяка! Ўсё грае носам, бы музыкі У гэтай кірпе завяліся. Вазьмі анучу, абатрыся! — Алесь не рад быў, што спытаўся, І ў кут ён борздзенька хаваўся.