XXVІ. Агляд зямлі
Прайшло ў Парэччы лет нямала;
Яно ж не цешыла Міхала,
Хоць тут мясцінка гожа, міла
І так гарнула, так хіліла
К сабе і лесам, і лугамі,
І старасвецкімі дубамі!
Ды што краса без аўладання?
Адно пустое парыванне
У цьме далёкі блеск зарніцы:
Ўсё гэта — скарбы чужаніцы,
Магната князя Радзівіла,
А ты, пакуль ёсць рух і сіла,
Служы панам, збірай іх крошкі
І ведай цьмяныя дарожкі
Батрацкай долі да магілы,
Служы, пакорны і пахілы,
Служы з-за панскага агрызка
І заўжды гніся нізка-нізка!
Няўжо ж і век прабыць слугою
І чуць пагрозу над сабою,
Што пан у кожную хвіліну
Цябе пагоніць, як скаціну?
Пагоніць вон без разважання,
Бо пан не мае спагадання,
Што трэба жыць з сям'ёй на свеце,
Што ты, як рыба тая ў сеці,
Не маеш волі, ні разгону,
Што ты не чуеш жыцця звону,
Што гэты свет табе завязан
І шлях прасторны твой заказан.
А дзе ж той выхад? дзе збавенне
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То — наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.
Міхал у часе вандравання
На адзіноце сам з сабою,
З гарачым сэрцам і душою
Развязваў важнае пытанне
Аб той зямельцы аб уласнай.
Яна свяціла зоркай яснай,
Яна гарнула і хіліла,
Бы нейкіх чар нязнаных сіла.
Свая зямля, свая пасада!..
Ці ёсць мацнейшая прынада?
Міхал станоўка, ненарокам
Ішоў да мэты крок за крокам.
Ён паскупеў і нават значна.
Што ж? лепей з'есці не так смачна,
Загнаць запас на хлеб, на сала,
Абы капейка перапала,
І лішні выгадаць рубель
Ды палажыць яго ў кашэль.
Наогул трэба жыць больш змысла
І больш мяркоўна, болей сцісла,
Трымаць зачыненымі губкі
І меней траціць на пакупкі.
І так паціху ды памалу
Прыдбалі трохі капіталу,
Каб хоць пачатачак зрабіць
І першы камень залажыць
На грунце вольнае зямелькі,
Адной-адынай збавіцелькі
Ад панскай ласкі і апекі,
І плюнуць ім за тыя здзекі,
Што так уеліся ўжо ў косці, —
Калом зямля вам, ягамосці!
Цаною доўгага шукання,
Парады, спрэчак, разважання
І гэтых мыслей натужэння
І нестрыманага імкнення
Не знаць ні службы той, ні пана
Была зямелька апытана.
Яе Міхал — прыпомнім гэта —
Апісваў фарбамі паэта,
Апісваў шчыра, ўсё зазначыў,
Хоць ён зямлі тае не бачыў;
Ды мала што: ніхто ніколі
Не бачыў светлай райскай долі,
Але той рай мы так малюем,
Што асалоды яго чуем.
Ды тут замецім стараною:
Ці не з'яўляецца маною —
Прашу прабачыць мне за слова —
Ўся гэта райская размова?
Але пара, пара ў дарогу,
Бо час прыстаць к свайму парогу,
Пакуль жаданне не астыла,
Пакуль ахвота ёсць і сіла.
Агледзець трэба землю тую,
Каб не гадаць, не йсці ўсляпую,
Аб чым была ўжо пастанова;
Няхай зямелька скажа слова
І твар пакажа свой выразна,
І гэта будзе болей важна,
Чым тая іх уся размова.
І вось пад восень прад сяўбою,
Парадзіўшыся між сабою,
Міхал з Антосем воз прыбралі,
Каня запрэглі, пастаялі
У нейкім смутным разважанні,
Ў настроі новым, хваляванні:
Дарога, даль і лёс нязнаны
Глядзяць няветла скрозь туманы.
Эх ты, жыццё, жыццё людское!
Няма табе, няма спакою:
Ты — суматоха, вір бурлівы,
Ў табе загіне баязлівы,
Як парахно, як зерне тое...
— Ну, будзем ехаць! — Едзьма, браце!
На момант ціха стала ў хаце,
Куды мужчыны завіталі,
Спынілісь, шапкі пазнімалі,
Прад абразамі гнуць галовы.
— Бывайце ж, мілыя, здаровы!
— Ну, час вам добры, едзьце з Богам! —
Ім кажа маці за парогам,
Жадае шчасця і дабра.
Мужчыны рушылі з двара,
На воз паселі і ўздыхнулі
Ды ўлева к дубу павярнулі.
Ускінуў жвавы конік грывай,
Два разы пырхнуў выразліва —
Відаць, далёкую дарогу
Пачуў Сівак, забіў трывогу
І, шыю выгнуўшы дугою,
Пабег вясёлаю трусцою
Па гладзі мяккага дзірвана.
Алесь і Костусь з-за паркана
Глядзелі ім услед маўкліва,
І думка нейкая тужліва
На смутных тварыках блукала
І ценем вочы засцілала;
І ім здавалася, што з імі
Дзялілісь жальбамі сваімі
І дуб стары, і той будынак,
І лазнячок ускрай лагчынак,
І гэты лес, і само неба:
Чаго людцам, чаго ім трэба?
Нашто шукаць зямлі далёка?
Зайздросна ты, людское вока!
Хіба тут цесна? свету мала?
Няма работы для арала,
Ці для сярпа, або для коскі?
Ці не прыгожа ў кроплях роскі
Гарыць-ірдзіцца дрыгаценне,
Як нейкі вобраз летуцення,
Адбітак вечнае красы?
Ці не багаты тут лясы
І рознай пташкай, і звярамі,
Арэхам, ягадай, грыбамі?..