Выбрать главу
Каня адпрэглі, воз прыбралі, На прыгуменні пастаялі; Ніяк не скончыш той размовы, Бо людзі свежы тут і новы, Кранеш адно, ўсплыве другое; Такі ж і трэба сёе-тое Абмеркаваць як мае быць, Аб тым аб сім пагаманіць І з той размовы асцярожна Што-небудзь вывудзіць і можна, Ці слоўка, рысачка якая, — Ўсё гэта часам памагае Зірнуць на справу іншым вокам І падысці да яе бокам. І стала ясна з той размовы, Якія цяжкія умовы — Няхай іх людзі лепш не знаюць — Прадаць зямельку прымушаюць. — Пакрыўдзіў Бог мяне сынамі, Ядзяць іх мухі з камарамі! Няма сыноў — няма падмогі, А сам я стаў слабы на ногі, Бракуе сілы мне, браточкі! Няма, мінуліся гадочкі, Калі зямлю вярнуў Хадыка Не горш вала таго ці быка. Зямля ж тут, братцы, залатая: Цаны яна сабе не мае!
Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі, Ядзяць іх мухі з камарамі! І я — скажу вам па сумленню — Больш к гандлю маю нахіленне. Дык вось чаму я, ягамосці, Мае вы міленькія госці, І прадаю сваю пасаду, — Казаў Хадыка ўсё да ладу І так праконана, праўдзіва, Што нашы купчыкі маўкліва Ківалі толькі галавамі Ды усміхаліся часамі; Але цішком самі сабе Напэўна мыслілі другое: «Спяваеш добра, ды ці тое? Вярзеш, брат, грушу на вярбе». — Хадзем у хату, мае братцы; Не грэх было б пасілкавацца Хоць верашчачкаю з блінамі, Ядзяць іх мухі з камарамі! — А мо б наўперад, пан Хадыка, Калі фатыга невяліка, Нам паказаў бы сваё поле? — Сказаў Міхал. — Што ж? Ваша воля! А пацікуйцеся: тут блізка; Зямля, бы ў мацеры калыска, Навідавоку, пад рукамі, Ядзяць іх мухі з камарамі! Вось яна тут, уся валока, Глядзіць на нас, як божжа вока. Вось паплавец мой. Сена — піва! Ядкое, брацікі, на дзіва: Запраў, дык есці будзе поп. А жыта! ну, не ўзнімеш сноп! Глядзеце: ржышча — чараціны, Не вашы мінскія націны, Бо вашы мінскія пясочкі Знаёмы добра мне, браточкі, — Мясіў уласнымі нагамі, Ядзяць іх мухі з камарамі! Зямля раджайна, ох, раджайна! Гарох расце тут незвычайна. А грэчка! ну лаза лазою! Ячмень, як лес, расце без гною... Хто мае здольнасць, сілы, рукі І гаспадарскія навукі, Той азалоціцца, мужчынкі! Прыдбае хлеба і скацінкі І будзе жыць ён сабе панам І складваць грошы чыстаганам. Жывуць тут людзі багачамі — Ядзяць іх мухі з камарамі! — На паўвалоках і скупых, Калі даўно сядзяць на іх!