Выбрать главу
Ідзе паперадзе Хадыка І, не шкадуючы языка, Пасаду хваліць «залатую», Як свацця дзеўчыну якую. Антось на словы не зважае, Бо ўласным вокам уздужае Зямлі вартоўнасці спазнаці, Ці яна мачыха, ці маці, Ці не збяжыш ты з яе ўпрочкі? Малыя шэранькія вочкі З-пад цёмных броў сачаць, як мышкі, Як вучні дбалыя на кніжкі, На тыя польныя адзнакі, На іх вартоўнасці і бракі, Якіх не кожны прымячае Ці не набыў таго звычаю. Глядзіць унікліва і ўдумна, Праверыць там, дзе справа сумна, Зямельку ботам капарне, У рукі возьме, азірне І расцірае ў пальцах грудку, Каб лепш дазнацца таго скутку. Зямля сапраўды неблагая, Гаспадара ж яна не мае; Каб пахадзіць за ёю дбала, Тады б не гэтак выглядала. — Зямля запушчана ў васпана; Пакрыта скураю дзірвана. Глядзеце — пырніца якая! — Зямлі вартоўнасць ён зніжае: — Чартапалох буяе дзікі! — Антось звярнуўся да Хадыкі: — А дзе ўжо пырнік завядзецца, Змаганне трудна з ім даецца! Хібеюць доўга тыя гоні. — Э, плюнь, браток мой! плюнь, Антоні! Гадок, ну, два таго змагання — І пырніку не будзе звання! Кажу ж я вам, браток мой мілы: Няўпраўка мне, бракуе сілы. Зямля ж, ох, многа патрабуе І догляду, і той увагі, І, калі хочаце, павагі, Тады вас хлебам ушануе, І малаком, і пірагамі, Ядзяць іх мухі з камарамі! — Так! гэта так, — Міхал згадзіўся, — Яшчэ той брат наш не радзіўся, Каб на ўзві-вецер жыць багата І ў дні будныя спраўляць свята. Але дзе поле адзічала, То й там, васпане, смаку мала — Зрабі зямлю з такой аблогі! Праз год не станеш тут на ногі! — Браты, наколькі было можна, Вялі падходы асцярожна, Каб збіць цану, хоць той цаны Яшчэ не ведалі яны.
Ды як-ніяк зямлі валока, Міхал прыкідвае на вока Рахункі гэтай важнай справы. Ў яго ваччу ўставалі лавы Жытоў, што ўласнаю рукою Засее восенню другою На ўласнай гэтай на зямельцы... А ўсё відаць, як на талерцы! На курганку лясок мяшаны — Такі прыветны, хоць да раны Яго вазьмі ды прылажы ты; Далок паўз рэчку самавіты, І гэтай рэчкі від усцешан, Блішчыць, бы срэбра, з-пад алешын. Там хутаркі, ды ўсё з садамі, То як папала, то радамі Параскідаліся па полі. Зямлі і пашы там даволі. А завядзеш і тут парадак, То й сам харош ты будзеш, гладак.
Прайшлі мужчыны па граніцы І ўсе агледзелі драбніцы Ды сцісла бралі пад увагу, Як многа дасць зямля пасагу, Калі б яе купіць прыйшлося. Міхал звярнуўся да Антося: — Ну, як, Антось, твае пагляды Наконта гэтае пасады? — Міхал пытае, а ў самога Купіць зямлю ахвоты многа, І вочы поўны спадзявання, Што ім тут будзе панаванне. — Зямля, брат, важна! ох, зямля! Як сажа, чорная ралля. Купляй, заплюшчыўшы хоць вочы, Ды колькі грошай ён захоча? Ці будзе, брат, нам па кішэні? Бо шчуплаваты нашы жмені... — І мелі доўгую нараду, А потым моўчкі йшлі ў пасаду. — Заходзьце ў хату, калі ласка, Бо ўжо гатова і папаска, — Гасцей Хадыка сустракае І на сняданне заклікае. Антось да воза адвінуўся І зараз з торбаю вярнуўся. Міхал з Антосем вайшлі ў хату, З двара зусім падслепавату, З заметна зніжанаю столлю І з павуццём па завуголлю. Паўздоўж сцяны стаялі лавы; І печ і сцены ўсе куравы, Зямля няроўна, ўся на ямах, На падваконні і на рамах След чарвяточыны замецен, Не, выгляд хаты непрывецен! — Сядайце ж, людзейкі-нябогі, Ды пасілкуйцеся з дарогі! — Да госцяў кажа гаспадыня, Сама Фядосіха Аксіня. Яна абрусам стол накрыла, Гасцей уважна папрасіла; А на стале — скаварадзішча, І скваркі правяць там ігрышча, Звычай спраўляючы свінячы, І скрозь яешню пар гарачы Клубкамі коціцца і смыча І нос прыемненька казыча. Для завяршэння ладнай справы Хадыка вынуў штось з-пад лавы. І ставіць ён на стол... бутэльку, Каб акрапіць сваю зямельку. І вось, як чарка разоў пару Прайшла ад госцяў к гаспадару, Тады ўсе разам зашумелі І праканаліся на дзеле, Якія людзі яны просты, Што ашуканства, як каросты, Цярпець не могуць і не зносяць, Ідуць на чыстую, і досыць! Што з першых слоў адны ў другіх Пачулі блізкіх і сваіх, А як падводзілі рахункі, То іх скраплялі пацалункі. — Я вас люблю! — казаў Хадыка. — І сам я — мінскі гарамыка; Пасябраваць хачу я з вамі, Ядзяць вас мухі з камарамі! І толькі вам, мае браточкі, Каб не дажыў я гэтай ночкі, Хачу прадаць сваю пасаду, А сам за гандаль я засяду, Мае вы родненькія братцы, — Хачу я сальнікам заняцца. — Браток Фядос! — Міхал гаворыць. — Не будзем доўга мы гуторыць: Вось вам рука! — Фядос даў руку, І ў тым агульным шуму-гуку Зачаўся торг, пайшлі бажыцца Ў жаданні шчырым падружыцца, Каб потым, далей, пры спатканні Не мець ніякіх нараканняў. — Дык так: тры тысячы, Фядосе! — Той пальцам шоргае па носе, Мінуту мысліць, разважае. Мінута важная, цяжкая. І ціха-ціха стала ў хаце. — Няхай так будзе, пане браце! — Гукнуў Хадыка канчаткова. Яны рукамі крэпяць слова, Антось ім рукі разнімае. — Няхай жа Бог нам памагае! — Панамі будзеце, панамі, Ядзяць вас мухі з камарамі!