Выбрать главу

XXVІІ. Па дарозе ў Вільню

Дарогі, вечныя дарогі! Знаць, вам спрадвеку самі богі, Калі красёнцы жыцця ткалі, І вашы лёсы вызначалі, Няма канца вам, ні супыну; Вы жывы кожную часіну, То задуменны, смутна строгі, Як след захованай трывогі, То поўны чараў спадзявання, То страхаў цёмнага знікання, Калі душа свой лёс прачуе І ноч нябыту зацянюе... Дарогі, цёмныя дарогі! Вы так маўклівы, вы так строгі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Хто вашы звівы ўсе праверыць? Хто вашы ходы абшукае? Бо ўсё сваю дарогу мае!
Я не зайздрошчу тым з вас, брацці, Каго спрадвечныя закляцці Не парушалі, не тамілі І цяжкім каменем не білі І для каго ўвесь гэты свет Ёсць аднае цялежкі след, Пытанні толькі дабрабыту, Дзе ўсё прыводзіцца к карыту, І гэта ёсць адна дарога,
Апроч яе няма нічога. Не! духу волі плынь жывая Такога ладу не прымае І не прыхіліцца ніколі Да гэтай лішне простай долі, Бо свет і жыцце мнагалучны І мнагавобразны, выключны. Таемна схованы, цікавы І разнастайны іх праявы, Дзе кожны момант хвалі новай Нам штось гуторыць сваёй мовай Для сэрца і для разумення; Дзе поўна ўсё свайго значэння, Прыгоства, чар і глыбіні, Дзе граюць вечныя агні, Дзе патаемныя крыніцы Звіняць, як струны зараніцы... І толькі шкода: абмяжован Ты, круг жыцця, і ў путы скован Варожым поясам спавіты, Сатканым злыднямі ў тры ніты, З прыбітай цёмнаю пячаццю, Як падзалежнае закляццю.
Я знаю: скончыцца дарога, Бо ноч нябыту, ноч-аблога Сачыць наш час ад дня раджэння Сляпымі зрэнкамі зацьмення, Як дух закляцця, дух праклёну. Ды покі круг мой не замкнёны, Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна... Дарогі, вечныя дарогі! Не вечна ж ходзяць па вас ногі! Ды так: зрабілі і пачатак — Тры соткі дадзены ў задатак!.. Няўжо то праўда, не вяроза? Няўжо канец табе, пагроза, І вечны ціск пад панскім ботам, І страх знайсці канец пад плотам? Няўжо то праўда, а не сненне І мара йдзе ў ажыццяўленне? Цяпер няма назад адходу! Скідай з дарогі перашкоду, Ні перад чым не запыняйся І з гэтай спадчынай сквітайся, Што асталося ад бацькоў — Зямелькі некалькі шматкоў, І толькі трэба йсці станоўка, Адно хай думае галоўка: Як абярнуцца тут лаўчэй, Каб справу выканаць хутчэй, А першым дзелам справа пільна — Паехаць трэба ў банк у Вільню Навесці спраўкі, сёе-тое Ці разрашэнне там якое. Аб гэтым шмат тут гаварылі І ехаць дзядзьку прысудзілі.