Выбрать главу
Убраўся дзядзька, як у свята; Сказаць — не вельмі зухавата; Пільчак быў простага суконца І той весь вырыжаў ад сонца; Кашуля зрэбна, але бела, А шапка козырам сядзела, Хоць і зналася добра з горам; А боты вымазаў ён здорам; А на кіёчку за плячамі Вісела торба з кутасамі; У торбе хлеб, кавалак сала, З кішэні люлька пазірала — Таварыш верны і нязменны — І з тытуном капшук раменны. Незухавата, але гладка На ім ляжала ўся апратка. Вось дзядзька ўжо Маргі мінае І ў даль з задумай паглядае; Ідзе, на жыта погляд кіне, На нівах сэрцам адпачыне, Ідзе далей, ізноў сцігае, Дарога гэта — немалая!..
І думаў дзядзька, каб танней як, Хоць бы за трыццаць пяць капеек — А чым танней, тым лепш, вядома, — Далей ад'ехацца ад дому. У дзядзькі ў Стоўбцах быў дружака, Вакзальны стораж, Доніс Драка; Ён машыністаў знаў каротка, Кандуктарчыха — яго цётка, А з качагарам жыў, як з братам, І быў канторшчык яго сватам; З тэлеграфістамі ён знаўся, А з дзядзькам летась сябраваўся, Падумаць толькі — чуць не шышка! І з аднаго яны кілішка У цёткі Гені выпівалі, І разам восі яны кралі.
І гэтай думкай, як бы хваляй, Падхвачан дзядзька, чэша далей
З узгорка ўніз, ізноў на ўзгорак, Як бы па хвалях лёгкі корак. Але не-не ды смутна стане, Як ён палі вакол агляне, І гэты лес, смугой засланы, І родны Нёман, і курганы, І хвайнякі, і грушы ў полі, Як бы не бачыў іх ніколі. І блізкі сэрцу яго сталі Малюнкі гэтай роднай далі, І нейкі смутак, жаль нахлынуў, Як бы надоўга іх пакінуў.
Ідзе наш дзядзька, разважае І лес Сустрэнаўку мінае, Праходзіць грэблю і балота. Лажылась сонца пазалота На верх лясоў чырвоным шляхам, І ноч панурым сваім гмахам У змрок нізіны спавівала І сон на землю навявала.
Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына, А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд, даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Антось зварочвае направа Ды йдзе на станцыю рухава. Ўсё там кіпіць, бы ў час разрухі, Снуюць служачыя, як мухі, Гудуць, шумяць, бы ў вуллі пчолы, І ходзяць шумна балаголы, Каменяцёсы з малатамі, Гандляркі бегаюць з кашамі. У ліхтарах агні трапечуць! А гандляры крычаць, шчабечуць І б'юць у грудзі кулакамі, Як бы забіць хацелі Шмульку. А дзядзька паліць сваю люльку, Сядзіць, другую накладае І свайго сябра выглядае. — А, брат Антоні! — дзядзька чуе. Глядзіць — аж Драка сам шыбуе, Ідзе, ківае галавою І газы пах нясе з сабою. — Здароў, брат Доніс! — дзядзька рады, Сябру ківае для нарады: — Скажы мне, браце, ці няможна, — Пры гэтым дзядзька асцярожна Прыгнуўся к Донісу, замяўся, Ды Доніс зразу дагадаўся, Што за патрэбу мае сябар, — Дык ці не можна б мне... за хабар Крыху паехаць на машыне? — А вось пастой, хай люд адхлыне, Кур'ерскі пройдзе, а тым часам Мы перамовімся з Уласам... Спакойны будзь: мы ўсё абладзім, Хоць на таварны, а пасадзім. — Дык ты, брат Доніс, пастарайся! — Будзь пэўны, брат, не сумнявайся: З казамі мы на торг паспеем.
У гэты момант лютым змеем Ляціць кур'ерскі. Задрыжалі Ўсе шыбы ў вокнах на вакзале, І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Плячук тут дзядзька прынапрудзіў, Крутнуўся моцна навакола, Чуць з ног не збіўшы балагола, Ды наступіў на бот падпанку, Зато між цел прабіў палянку Ён гэтым моцным паваротам, У цвёрды грунт упёршысь ботам.