Выбрать главу
Тунель тым часам раздзяляўся, І вал сярмяжнага народу Ідзе да правага праходу. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Як выйшаў дзядзька наш з вакзала, Яму аж моташна нейк стала: Такое пекла — шум страшэнны, Застой паветра і дух дрэнны; Народ таўчэцца каля конкі, Па бруку б'юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы — І гэта процьма ўсякіх зыкаў Злілася ў гул адзін вялікі, Дзе з непрывычкі вуху цяжка, Дзе б'юць па сэрцы яны важка. Снуе народ, як на пажары, Пад ім аж гнуцца тратуары.
Эй, божы люд! Якая сіла Цябе віхрамі закруціла? Куды ты йдзеш, чаго шукаеш? Які ты ў сэрцы смутак маеш? Куды вядзе твая дарога? Чаму задума і трывога Пячаць на твар твой палажыла? Чаго глядзіш ты так няміла? Няма ў тваіх вачах прывету, Як бы не рады сонцу, свету, Ідзе народ, як хвалі мора, Як хмары ў небе на прасторы, Адны другім усе чужыя. Ідуць старыя і малыя, Ідуць, шнуруюць чарадою, Заняты кожны сам сабою. І дзядзька з гэтым людам зліўся, Як зерне ў зернях, загубіўся.
Быў дзядзька ў пушчах, у барох І расчытаць іх голас мог, І з старасвецкімі дубамі Каротка знаўся, як з сябрамі. А тут — адзін, бо ўсе чужыя, Не знаеш, хто яны такія, І сам для іх ты чужаніца. На камяніцы камяніца, Не згледзіш неба край за імі І ціснуць сценамі сваімі.
Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш. Ды дзядзьку страшна прыступіцца, Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія надзіманы, І хоць бы твар адзін рахманы Або свой брат, мужык-трудзяга, — Нідзе не свеціцца сярмяга. І дзядзька наш стаў прыглядацца, Ў каго б дарогі запытацца, Бо ён зрабіў адну ўжо спробу, Спытаў чумазую асобу, Дык тая так яму сказала, Што лепш бы ёй няхай зарвала! Тут дзядзька кроку падбаўляе І пана з цэшкай наганяе; Ступіў яшчэ ён колькі крокаў, Да пана коціцца ён бокам; А пан не бачыць ці не хоча Глядзець, як дзядзька наш клапоча І ў ім патрэбу дужа мае, Ідзе і палачкай махае. Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся, Рукою пана дакрануўся: — Скажы, паночку, як далёка Зямельны банк? — Пан кінуў вока На дзядзьку скрыва так і строга: — Спытай аб тым гарадавога! — Сказаў і кроку пан прыбавіў, Як бы пытаннем абясславіў Яго наш дзядзька прад панамі, Прад тымі вось капелюшамі. «Ото завіў, настроіў лыжы, Як бы чарцяка той ад крыжа», — Антось сабе сам усміхнуўся І на ўсе бокі азірнуўся, Як бы хацеў сказаць: «Глядзеце, Якая цаца ззяе ў смецці!» Памалу стаў ён разглядацца. Э, што! няма чаго баяцца! Ідзе вальней, глядзіць смялей. На сэрцы стала весялей, І трохі карк ён падымае, На крамах вывескі чытае — Нядарма ж дзядзька быў у школе, Навуку ведаў ён даволі. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся, На брук зляцеў ён з тратуару, Перакруціўся разоў пару І так у брук бядак загасіў, Траха манеркі не расквасіў. Ды дзядзька борздзенька схваціўся, Знячэўку ён ашаламіўся, Як той шчупак, папаўшы ў нерат. Не знае ён, дзе зад, дзе перад. — Бадай цябе агні спалілі! На які чорт слупоў набілі? — Гаворыць дзядзька сам з сабою, Пыл абіваючы рукою. І тут ён толькі азірнуўся, Глядзіць — у кут глухі упхнуўся, Сцяна прад ім і сцены збоку, Ўпярод не ступіш ані кроку — Прапала вуліца, ды годзе! Таўчэцца дзядзька, як у бродзе Той сом, прыціснуты плытамі, Што ў букце век жыў пад карчамі. «Бадай ты спрахла! дзе ж дарога? Нагвалт крычы гарадавога! Куды нялёгкая загнала!» Аж проста дзядзьку страшна стала І з перавулачка глухога Ідзе шукаць гарадавога, Ідзе і горад праклінае; Падшыбла злосць яго такая, Што каб прымеў бы, ўзяў саломы Ды падпаліў бы ўсе харомы, Бо ўсе дарогі загрузілі І свет яму тут зачынілі. Мінут праз колькі з перавулка На свет ён выбіўся, дзе гулка Нясліся зноў страшэнна зыкі, Дзе горад гуў многаязыкі. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Шукае дзядзька наш, як Бога, Ў людской галдзе гарадавога. А вось і ён! стаіць плячысты І погляд кідае празрысты; Стаіць, як той пастух над статкам, І наглядае за парадкам — На тое ж горад і губерня. Тут з тратуара дзядзька верне, Ідзе, за брыль здалёк бярэцца, «Дзень добры» кажа, як вядзецца, Яшчэ крок бліжай падступае, Аладку-шапку падымае. — Скажыце, як мне ў банк папасці? Мне па зямельнай трэба часці. — А вось як пойдзеш, чалавеча, Таму касцёлу насустрэчу, Там будзе вуліца направа, — Пачаў казаць служака бравы, — Ты правай вуліцы трымайся, А там другога запытайся, І скора банк той будзе блізка. Скланіўся дзядзька яму нізка, Бо надта ж добрым паказаўся, І так ён дзядзьку спадабаўся, Што калі будзе ўсё шчасліва, То вып'е з ім хоць пару піва І з'есць з ім разам кусок сала; І весялей зноў дзядзьку стала.