А маці слухае маўкліва,
Аб чымся думае тужліва;
Сказаць штось хоча і ўздыхае,
Штось за язык яе трымае.
— Вось як пачнеш так разважанне,
Агоркне ўсё табе дазвання, —
Нарэшце маці не ўтрывала:
— Таго няма, другога мала;
А як жывеш ды не гадаеш,
То й ліха тога не зважаеш...
Так... хоць зямлі свае нямнога,
Але ўсё ж лепей, як нічога.
А збудзь яе — пачуеш страту,
Бо дзе паставіш тую хату,
Калі няшчасце напаткае?
Бо гэта служба ўжо такая.
А там, за светам, на чужыне
Ніхто цябе, ой, не прыхіне!
І як там будзе з той зямлёю?
Не хваціш голаю рукою, —
Няпэўна ўсё і невядома,
Дык больш пільнуйцеся вы дому!
— Ну, вось кабеціна дзіўная! —
Міхал на жонку нападае. —
Ці ж мы зямлю сваю збываем?
Мы на рахункі прыкідаем.
Ды што, скажы, ну хоць бы й пляц?
Падумаць — выстраіш палац!
Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!
— Вядома, бацькаўшчыны шкода, —
Сказаў Антось у тоне згоды. —
Але ж і трэба меркавацца
І аднаго чаго трымацца;
І не чужым, а сваім вокам
Агледзець трэба ненарокам,
Як мае быць Заблонне тое;
А можа, выйдзе што-якое.
Рабіць тут трэба — адно слова,
Не то што — цуп-луп! — і гатова,
Бо гэта справа — не пустая;
Людскі ж язык касцей не мае.
Я так бы раіў: выбраць час
І аглядзець усё зараз,
А там сама пакажа справа,
Ці варта шуму ўся аблава,
Бо мо ваўкі ўсе пасхадзілі. —
На том яны і парашылі.
Я тут спыню апавяданне,
Каб значны крок ступіць назад,
Зрабіць уважлівы агляд
Прычын імкнення, парывання
На новым грунце сесці стала,
І чым жыла душа Міхала.
А поруч з гэтым мімаходам
Жыццё мінулае крануць
І ў цёмны кут яго зірнуць,
Дзе пад халодным яго лёдам
Назло ліхім яго прыгодам
Крыніцы свежыя цякуць.
Міхал... вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласць наша знала,
Ён быў вядомы між панамі!
Ды што паны?! сам князь Антоні,
Я памятаю, як сягоння,
Не раз з Міхалам меў размову.
І знаў жа службу леснікову!
Ён ведаў, як свае пяць пальцаў,
Ну, да мала ўсіх мікалаўцаў.
Патрава здарыцца, пакража, —
Як бачыш, вызнае, дакажа
І дойдзе ўжо да галубочка,
Як бы па нітцы да клубочка.
Дык і не дзіва, што Міхала
У нас любілі вельмі мала.
Міхал сам гэта чуў і ведаў,
Ды што ты зробіш? Так з прадзедаў
Было-вялося і вядзецца,
І ўсё ўпустую люд таўчэцца;
Ды будзе час паразумення —
Таўкне пад самае карэнне...
І вось што, братцы, дзіўна ў свеце,
Вы толькі добра паглядзеце:
Той чалавек, што першы, збоку,
Ўжо без таго не ступіць кроку,
Каб не ткнуць пальцам на другога,
Як на заклятага, ліхога, —
Ён тое самае ўчыняе,
За што другога бэсціць-лае,
Як толькі скуру яго ўздзене
Ці чуць кранецца яго кія —
Такім яшчэ ваўком завые,
І дзе ён добрасць толькі дзене?
На што вада, але і тая
Не ўсюды роўны нораў мае:
Спакойна ў ямах і заторах,
Але капае дол у горах
І страшна пеніцца, бушуе,
І грунт каменны там свідруе.
А сіла ў тым, на мой пагляд,
Які выконваеш загад.
Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З той прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны,
Разоў са два схадзіў у Прусы —
Куды не трапяць беларусы?
Але абрыдла гэта справа,
І адвярнуўся ён ад сплава;
Пайшоў на службу таўкануцца,
Бо дома недзе разгарнуцца.
Наўперад ён праз час каторы
Быў пры падлоўчым на каморы.
Стары ляснічы па-сваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку,
Як бы скаціну тую нему.
Не раз на жалабы Міхала
Ляснічы так казаў, бывала:
— Што ж? добры конь і цягне дужа!
І не пускаў Міхала з гужа.
Міхал яму рабочых ставіў,
І сенакосы яго правіў,
І догляд меў за панскім статкам,
А службу нёс сваім парадкам,
Бо што ты зробіш тут? стараўся.
Ў другое месца перабраўся —
Яму уважыў пан ляснічы,
І сеў Міхал у страшнай дзічы,
Дзе лес адзін, хмызняк ды поле
Ды ветру посвісты на волі.
Было зямелькі там валока,
Дзе можна б моцна і глыбока
Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца —
Было на чым разварушыцца.
Але бязгнойная, пустая
Зямлі валока была тая,
Дзе рос сівец ды пырнік густа
І дзе спакойна каля куста
Ляжаў шарак, бо там ніколі
Саха зямлі не бараздзіла.
Было маркотна і няміла
У тым пустым, здзічэлым полі.
Міхал наехаў без нічога.
І вось жыві тут, разжывайся,
Хоць сам у соху запрагайся,
Ўпрагай і жонку на падмогу
З трыма малымі хлапчукамі.
Але стаў цвёрдымі нагамі
Міхал на гэты грунт няплодны.
— Не плач: не будзем тут галодны;
Бог дасць, сяго-таго прыдбаем,
Дабра якога дачакаем, —
Так разважаў ён сваю жонку. —
Жывым не кінешся ў палонку!
Зямлі — зірні — як скінуць вокам.
За гаспадарку ненарокам
Міхал на новым месцы ўзяўся:
Каня, кароўку расстараўся,
Завёў свіней, дзве-тры авечкі.
Тым часам з дому для падмогі,
Саху забраўшы і нарогі,
Антось прыехаў і на грэчку
Узняў маргоў са два папару.
І ажывіліся амшары,
Запахла свежаю раллёю,
Як бы сам Бог тут над зямлёю
Прайшоў і глянуў міласціва.
Антось заложна і цярпліва
У землю ўкладваў свае сілы.
На божы свет, як бы з магілы,
З зямлі травінкай далікатнай,
Густою шчотачкаю здатна
Выходзяць дробныя зярняткі.
Як у калысачцы дзіцятка,
Калі ўжо трошкі акрыяе,
Сваю галоўку падымае
І навакол глядзіць здзіўлёна, —
Так гэта збожжайка зялёна
Да сонца цягнецца лісткамі,
Бы к матцы дзіцятка рукамі.
Тым часам хлопцы падрасталі,
Старэйшым дома памагалі.
Прайшоў гадок, мінуў другі,
Ў касьбу запахлі мурагі.
На полі ветла, самавіта
У рад стаялі копкі жыта,
Так аздабляючы загоны.
А ў агародзе мак чырвоны,
Раскрыўшы гожыя лісточкі,
З іх ткаў прыўдалыя вяночкі
Вакол галоўкі маладзенькай,
Такой прыгожай, зеляненькай.