А там, за горадам, так здатна
І так прыгожа, так прыятна
Узгоркі леглі ў сіняй далі;
Па іх адложыстых уклонах
Любоўна ветры па загонах
Жытцо, ярынку чуць гайдалі,
Як нянька добрая ці матка
Ў калысцы гойдае дзіцятка.
Палоскі нівак йшлі абрусам,
Гаі, лясочкі здольным вусам
Ў палях то тут, то там чарнелі,
Як бы на сонейку гарэлі.
І ў абразах тых самавітых
Палёў, задумаю спавітых,
Пачулісь родныя павевы
І дарагія сэрцу спевы
Для мужыкоў, сыноў заўзятых
Палёў, лясоў, лугоў багатых;
Там іх душа і там іх думы,
Ім далей хочацца ад шуму
Траскучых вуліц, перавулкаў,
Ад пылу, смроду закавулкаў,
А на гары было спакойна.
Чуць далятаў сюды нястройна
Далёкі шум і той змякчаўся,
Сюды нейк боязна ўрываўся.
Гара спакойна пазірала,
Маўклівасць важную хавала,
Як сведка той вялікай справы,
Што для пустой людской забавы
Ніколі вусн не раскрывае
І моцна тайнасць ахраняе.
— Ну, што, Антоні: надзівіўся? —
Ад думак Верас абудзіўся. —
Ці не пара б пасілкавацца,
Бо трубіць чэрава, прызнацца?
— Так, час ісці, глядзець даволі,
Бо не нагледзішся ніколі.
Сябры назад з гары звярнулі,
Шырокім крокам сціганулі.
— Пастой! а там што? — Там — гармата.
— Чаму ж няма пры ёй салдата? —
Пытае дзядзька. — Мо старая,
А мо фальшывая якая, —
Не буду спрэчвацца заўзята. —
З такой гаворкай да гарматы
Прыйшлі яны і важна сталі,
Гармату доўга разглядалі,
Глядзелі ззаду і з бакоў,
Аб ёй сказалі колькі слоў.
Калёсы дзядзька разглядае
І бліжай-бліжай падступае,
Хацеў яе яшчэ пагладзіць.
— Ой, не чапай, а то рассадзіць!
Няхай яна, брат, лепей спрахне!
Зачэпіш, падлу, ды як гахне!
І вочы высмаліць, і кішкі
Шпурне, глядзі, аж на Лукішкі.
О, з ёю, брат, такія штукі! —
Спужаўся дзядзька, борзда рукі
Рвануў назад, як ад гадзюкі,
Ды так, што Грышка стаў смяяцца.
— Хадзем, брат, лепей сілкавацца!
XXX. Смерць Міхала
Канец... Як проста гэта слова
І мнагазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
Ў тамленні духу ўзносім рукі
І вочы, поўныя гарэння,
І прагнем мігу вызвалення!
Шчаслівы міг, бо палі путы!
Канец — і нейкі круг замкнуты
У небыццё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне;
І вера ў той канец няўхільны
Знішчае тлен гнілы, магільны.
Канец!.. Як многа разважання
І засмучонага пытання
У гэтым простым, страшным слове
Пры іншым з'явішчы і ўмове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
І тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
І сэрца моцна парывала,
Як гімн у вуснах перавала,
Калі змутнелаю вадою,
Дзе сонца цешыцца сабою,
Шуміць ён вольны і імкненны
І гучна-звонны й бела-пенны!
І ты, маё апавяданне,
Жыцця адбітак, разважання,
Нязжыты след прасцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі,
Ўжо бачыш дзень свайго змяркання.
І сціхне ліры звон тужлівы,
Бо блізак захад той маўклівы,
Апошні крок твайго блукання.
І смутна мне: я жыў з табою
Адною думкаю, душою,
Насіў цябе, як носіць маці
Няясны воблік той дзіцяці.
Ды ты, відаць, не ў міг шчаслівы
На свет радзілася бурлівы
Яшчэ далёкаю вясною
За мураванаю сцяною
Ў няволі жудаснай астрога,
Калі над намі ноч-аблога
Навісла цемраю густою
І гнула цяжкаю пятою,
Як неадхільная навала,
Усё, што жыцце асвятляла.
Ды ноч мінулася памалу
Ў агульным жыцця перавалу,
А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
І паднявольнае блуканне
І гэта нуднае змаганне
За інтарэсы жывата,
Ды зноў варожая пята...
Як часта я жывіў табою
Ў разлуцы з роднаю зямлёю
Гадзіну смутку, летуцення
І момант радасці — натхнення!
Святым агнём душа палала,
І злучнасць-згоду адчувала
Таемных чараў-сугалосся
І чула шум тады калоссяў
На родных гонях на далёкіх
І песні жнеек яснавокіх.
А выгляд горак крутабокіх,
Лясочкаў, хвоек кучаравых,
Такіх прыветных і ласкавых,
Як дабрадушныя бабулі,
І грэлі сэрца і гарнулі,
Ў вачах стаялі, як жывыя.
Дрыжалі струны гаваркія,
Ў агульны тон суладдзя гралі
І на нявідныя скрыжалі
Трох неажыццеўленых слоў
Пісалі напісы вякоў...
Дык так: часіна развітання,
Апошні крок твайго блукання!