З зямлёю клопат быў вялікі,
Прыйшлося ездзіць да Хадыкі
Ды варушыць і галавою
Над гэтай справай грашавою.
А грошы йшлі, плылі, як сліна,
Аж высякалася чупрына
І брала нейкая нудота,
І адпадала ўся ахвота
Зямлю купляць і нават жыць —
Такая хваля набяжыць.
А колькі гэтай валакіты!
І ўсе на грошы прагавіты:
Таму рубель, таму дваццатку,
А ўсё няма ладу-парадку,
Куды ні кінься і ні ткніся;
Бадай яны былі звяліся
І ўсе натарусы, канторы
І іх пісакі-кручкатворы!
Вандруеш, бы ў той Чартавіцы;
Ці дурань сам, ці ўсе дурніцы,
Ці проста кпяць з цябе, дурнога,
Бо ты не ведаеш нічога,
А толькі грошы выцягаюць,
Але на грош не памагаюць.
Прыйшлося дзядзьку весці справу
І папацець-такі на славу.
Бывала, вернецца з дарогі,
Бяда і смех з яго, нябогі:
Сярдзіты, чорны, як махнуша,
І нават нос той, дуля-груша,
Відаць, таксама не ў гумору
І задзярэцца больш угору;
Малыя шэранькія вочкі
Яшчэ больш звужваюць куточкі,
Глядзяць з-пад броў зусім панура,
І ўся выраза яго хмура.
У хаце ў першыя часіны
Маўчыць, не кажа пра навіны,
Зямлі не лае і не хваліць,
Але канторы агнём паліць
І крэпасць купчую без меры
Кляне і жычыць ёй халеры
Ды злосна кідае паперы
На стол з кішэні і бубніць.
Да дзядзькі страшна прыступіць,
Але патроху і памалу
Ён траціць імпаты запалу,
Ў яго душы сціхаюць громы,
Ён зноў такі, як нам вядомы:
Лагодны, добры, клапатлівы,
На ўсё спагадны і руплівы.
Праз нейкі час сямейка ў зборы.
Тут маці сходзіць да каморы,
Нясе збанішча тварагу,
Каб скрасіць дзядзькаву тугу.
Залье туды яшчэ смятаны,
І дзядзьку хоць кладзі да раны!
Смятана гэта з тварагом —
Краса-дзяўчына з жаніхом!
Хоць зараз іх вядзі да шлюбу.
І вось маўклівасці той шрубу
Адкруціць дзядзька з галавы,
Вясёлы робіцца, жывы,
І ўсе прыгоды, ўсе нягоды,
І ўсе парогі-перашкоды
Пачне апісваць сакавіта
І пераймаць таленавіта
Пісцоў, іх закіды-намеры
За тыя копіі-паперы
Ў тваю сярмяжную кішэню
Спрытней, глыбей засунуць жменю.
Ох, трэба ведаць іх, псялытак!..
Сказаць жа — гэта іх прыбытак.
Сядзіць, расказвае Антоні,
Што чуў, што бачыў у Заблонні,
Хадыку высмее часамі
І яго «мухі з камарамі».
А скончыць тым апавяданне,
Што многа трэба вандравання
І гэтай нуднай цяганіны,
Каб дацягнуць да палавіны...
Так, многа клопатаў з зямлёю!
Як цяжка голаю рукою
Рабіць, вясці такія справы!
І больш той гутаркі і славы,
І гэтай зайздрасці і плётак
Дзядзькоў дасужых і іх цётак
І ўсіх наогул сваякоў,
Бо чалавек ужо такоў, —
Ну, больш галасу, чым карысці.
Ох, цяжка, цяжка ў людзі выйсці
І моцна стаць на свае ногі,
Бо многа ў свеце вас, парогі.
І часта роздараж іх быту
Над імі зляжа, як навала,
І гэта даль падчас пужала,
Як нейкі лёс пусты, сярдзіты.
І засмуткуеш паняволі
Ад гэтых думак цёмнай долі,
Калі набытак і скарб хатні
Ідуць на звод на той астатні.
Але ці ёсць, ці ёсць парука,
Што будзе сэнс мець гэта мука?
Ці дасць зямля табе збавенне
Ад злога панскага насення?
З адным рассватаешся тут,
Там у другі залазь хамут.
Паны ж і розныя чынушы
І там патрапяць выбіць душы
І павыцягваць з цябе жылы,
Бо ты без права і без сілы. —
Такія думкі, разважанні,
Як молат, білі ў сэрца Ганне. —
Тут справа не ў сваёй сядзібе,
А ў ладзе гэтым уся злыбедзь.
Хмурнеў тады Міхал таксама.
Няўжо ж у свет замкнёна брама?
Няўжо старанне пойдзе прахам? —
Пытаў Міхал сябе са страхам.
Ды цяжка мары-думкі траціць —
Пажыць, пажыць у сваёй хаце!
— Гэ! — так казаў Міхась бывала. —
Вядома, клопату нямала,
Ды што без клопату даецца? —
І тут ён нават засмяецца,
Каб цень развеяць тае смуты:
— І трэба часам крыж пакуты
Панесці, мілыя мае вы,
Зазнаць і гора, неспадзевы!
Але раз ты наважыў дзела,
Ідзі станоўка, роўна, смела,
Ідзі, назад не аглядайся
І на другіх не пакладайся!
А вам, сынкі мае любыя,
Не век сядзець на маёй шыі!
Пара падумаць, небажаткі,
Як жыць без бацькі і без маткі,
Бо іх жыццё — не вечна ў свеце.
Вось тут глуздом паварушэце!
Дык трэба грунт мець пад нагамі,
Каб не бадзяцца батракамі.
Які ж то грунт? Зямля, навука,
Але не панская прынука.