Адзін Міхал і грэў імкненне
Давесці справу да сканчэння.
Але няўзнакі, неўзаметкі
Вязала ліха свае сеткі,
Каб іх накінуць на Міхала,
І нінавошта не зважала,
Бы тая злосная намова:
Міхал прыцяміў выпадкова
Густы, чырвоны след крываўкі!
«Эге, брат, дрэнныя праяўкі:
Прыйшла згінота на Міхася!» —
Падумаў ён у нейкім страсе,
І нават сэрца ў ім апала.
Што за праява напаткала?
Няўжо яна, смерць, неўзірана?
Не, не! аб ёй і думаць рана.
Міхал жахнуўся. Нейкі смутак,
Ліхіх пачуццяў цёмны скрутак
Яго агортваюць істоту;
Ён чуе ў свеце адзіноту,
Як бы варожых лёсаў сіла
У вочы глянула няміла
І ўстала нейкім грозным валам
Між тым жыццём і ім, Міхалам.
І першы раз ён так балюча
Адчуў той момант немінучы,
Які ўсіх нас вартуе пільна,
Бо гэта смерць — зло неадхільна.
«Няўжо памру і стану трупам,
Згнію ў зямлі нікчэмным струпам
На целе гэтае зямлі?»
І цені страшныя ляглі
Яму на душу і на сэрца,
І ён так ясна, бы ў люстэрцы,
Убачыў смерці ўсе пячаці
І ўсе адзначныя пастаці.
Міхал пачуў, што ён — пылінка,
А век людскі — адна хвілінка.
І перад ім самі сабою,
Чуць-чуць засланыя імглою,
Жыцця асобныя кускі —
Малюнкі, з'явы, абразкі,
Калісь прачуты, перажыты, —
Ўсплылі, як сон, даўно забыты,
І пачуванне адзіноты,
Пустэчы цёмнае, тускноты
Яго прыгнула, прыдушыла.
І стала ўсё яму няміла.
Адно цяпер яго прагненне —
Прад кімся пасці на калені,
Прасіць заступы, абароны
Ад гэтай страшнае праклёны.
І ўспомніў ён адну драбніцу,
Свой страх дзіцячы ў навальніцу.
Жахліва ночка была тая!
О, гэту ноч ён памятае!
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы,
Гарыць паветра іх сялібы
Агнём сляпячым, сіняватым.
Старыя вербы каля хаты
Гудуць і гнуцца ва ўсе бокі,
Над долам сцелюць верх шырокі,
І круціць бура ім галіны,
Кудлаціць, крышыць верхавіны,
Бы рве іх вострымі зубамі;
А гром цяжэрнымі клубамі
Зямлю, здаецца, прабівае,
І стогне хатка іх старая,
І ўся трасецца, бы націна.
А ён, малы, як ліст асіны,
Дрыжыць ад страху, жмецца, плача.
— Засні, мой хлопча-небарача!
Не бойся, мілы: ты — са мною! —
І матка цёплаю рукою
Яго за шыю абнімае,
А ён да маткі прынікае;
І ўжо не страшна бура тая,
Бо ён захован, повен шчасця.
А да каго цяпер прыпасці?
Каго прасіць? каму маліцца?
І як ад смерці бараніцца?
А можа, гэта так, пустое?
А пэўна, глупства там якое,
Бо нават следу няма болю,
І ўсё, нарэшце, ў божай волі!
Ў ім абуджаецца надзея,
Адводзіць страх той, сэрца грэе,
Як сонца землю пасля буры,
Бо так заложана ў натуры.
Ды тое ліха было ўпарта,
І строіць жартаў з ім не варта.
Праз нейкі час, ужо пад зіму,
Міхал у моцным быў абніму
Хваробы цяжкай і паганай,
Неспадзяванай, негаданай.
І гора ў тым: хвароба гэта
Даўно цягнулася, не з лета,
І ў тым была яе і сіла,
Што незаметна налучыла,
І спатайка гадоў праз колькі
Яе жывілі манаполькі,
Пакуль яна не разнялася
І не зваліла з ног Міхася.
Спярша Міхал перамагаўся
І той хваробе не даваўся,
А потым кінуўся і ў лекі,
Больш з саматужнае аптэкі:
Піў зёлкі розныя і травы,
Ды не палепшваў свае справы.
Да дактароў ужо па часе
Вазілі хворага Міхася,
Вазілі ў холад і ў марозы,
А ліха-боль свае занозы
Глыбей у цела запускала,
І ўжо з тых лекаў толку мала.