Ляжыць Міхал маўклівы, смутны,
І вочы выцвілі і мутны,
У глыб душы глядзяць гаротна,
Глядзяць тужліва і маркотна.
І горка гэта сузнаванне,
Што ад жыцця ты ўжо адсечан,
І нават можа быць адмецен
І блізак час яго сканання.
Жыццё ж ішло, як і звычайна,
Крыху марудна, аднастайна,
Калі трушком, калі ступою
Сваёю бітаю трапою.
А з гэтым жыццем нага ў ногу
Як бы ў адну ўсе йшлі дарогу,
І толькі ён, адсталы, хворы,
Папаў у нейкія зажоры
І лічыць нудныя часіны —
Ён моцна выбіт з каляіны,
І тым жыццём ён не жыве —
Другія думкі ў галаве,
Зусім другія пачуванні,
Другі настрой і разважанні.
І тое, што даўней, бывала,
Яго так моцна захапляла,
Цяпер здавалася няўзрачным
І непатрэбным і нязначным;
Яго цікавіць лёс уласны,
Лёс пагражаючы, няясны,
Зацята схованы, замкнёны,
Бы кара цёмнае праклёны,
Што кожны момант над табою
Звісае страшнаю марою,
І кожны час яна гатова,
Свядома або выпадкова,
Узнесці грозна булаву
І апусціць на галаву
І разам скончыць, адным махам,
З жыццём і з цёмным гэтым страхам.
Але што ёсць там, за заслонай,
За гэтай сцежкаю замкнёнай?
Няўжо пустэлі мрок разліты,
Канец астатні, ноч нябыту?
Міхалу вусцішна і жудка,
І сэрца стукае ў ім пудка.
Ох, страшна гэта ноч-пустэля!
Яна ў пякельны мрок засцеле
Яго жыццё і гэты свет;
Сатрэцца, згіне яго след
У тым сусветным праху-смерці,
Як бы й не жыў на гэтым свеце.
Ён чуе страшнае тамленне,
Яго жахае зніштажэнне,
Ён хоча жыць... Прэч, цені мроку!
Там сэрцу цяжка, цёмна воку...
І гэта там ён адпачыне?!
О, не!.. І кроў у жылах стыне,
І сэрца ў страсе замірае,
І пот халодны выступае.
Якая гэта недарэчнасць?!
Хіба ён жыў?.. о, вечнасць, вечнасць!
Як зразумець цябе і змерыць?
І каго слухаць? каму верыць?
Міхал ахоплен цёмнай хваляй,
Не хоча думка йсці ўжо далей,
Ён хоча сцішыць жудасць тую,
Ён прагне чуць душу жывую.
— Ну, што ты, маці: ты б прысела, —
Да жонкі мовіць ён нясмела,
А вочы просяць спачування,
Жывога слова, спагадання.
І ёй таксама несалодка —
Каротка, песня, ты, каротка
І заціхаеш так не ў часе!
Баліць ёй сэрца аб Міхасю;
Яна адгадвае душою,
У якім ён цяпер настроі.
І цяжка ёй. Яна ўздыхае,
Ідзе, сябе перамагае,
І горла ціснуць ёй залозы,
І волі, волі просяць слёзы.
— Памру я, Ганна! — кажа ціха. —
Дайшоў да дна свайго кяліха.
Міхась глядзіць кудысь далёка,
І нудна ёй ад тога ўзроку,
Надзеі гіне рэштка тая,
І большы смутак пашыбае.
Міхал здзівіўся: ён не тое
Хацеў сказаць, а штось другое,
Ды так сказалася. Ну, што ж?
— Не думай гэтак ты, нябож!
Ці мала людзі так хварэлі?
Хварэлі годы — не нядзелі,
Такіх здарэнняў вельмі многа,
Але ачуньвалі, й нічога.
І ты, дасць Бог, на ногі станеш,
Пяройдзе ліха, ачуняеш.
Міхал глядзіць ёй пільна ў вочы,
Штось расчытаць па твары хоча.
Але з усмешкаю крывою
Трасе адмоўна галавою —
Пацеха, знаць, яму малая;
І погляд дзесь ізноў блукае,
Але не тут, а там, далёка;
Слязою мгліцца яго вока,
Ён штось яшчэ сказаць імкнецца,
І цень на твар яго кладзецца.
З двара ўваходзіць дзядзька ў хату;
Ідзе прамовіць слоўка брату.
Антось гаворыць смела, стала,
Каб падбадрыць крыху Міхала,
Надзею добрую падаць
І думкі смутныя прагнаць.
— Як пачуваешся, Міхале?
Мацуйся, браце, з мала-маля!..
А дзень які! эх, дзень харошы!
Пайсці б цяпер, брат, па парошы!
— Так, брат, пайду ды ці вярнуся?
Якраз патраплю да Пятруся
Ў Церабяжы пад крыж хваёвы, —
Сказаў Міхал у тон размовы,
Бы то звычайнае здарэнне,
Сказаў з усмешкай засмучэння.
— Ну, ўжо і пойдзеш! не, брат, дудкі.
Аб тым паходзе няма й чуткі;
Яшчэ паходзіш за сахою
І над уласнаю зямлёю
Ты папацееш, і не мала,
На картах бабка так казала;
Не, жыць, брат, трэба і жыць — многа! —
Антось гаворыць, а ў самога
На сэрцы стала штось трывожна,
Бо спадзявацца ўсяго можна;
За кожным ходзіць смерць-сляпіца.
І дзіўна рэч: цяпер драбніца
Ці проста рысачка якая
Значэнне, сэнсу набывае
І з гэтай смерцю сувязь мае,
Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум;
Ці абярэцца з іх якая,
Знячэўку пеўнем заспявае
Для большай важнасці, вагі;
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна-глуха;
Ці ў юшках песню завіруха
Зацягне жаласна, нудліва;
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух — сава-начніца
Ў кустах альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные;
Або сабака той завые, —
Ўсё гэта — дрэннае злучэнне,
Праявы страшнай абвяшчэнне,
І тую думку мімаволі
На смерць наводзіць, як ніколі.
А прыйдзе ноч. Эх, ноч-цямніца,
Зацятых страхаў таямніца!
Глядзіш у вокны ты варожа
З свайго цямнюсенькага ложа
І за вуглом стаіш тулягай,
Відаць, з нядобраю развагай.
Ў мярцвячых лісцях зімняй стужы
Стаіўся месячык дасужы,
На шыбах беліць ён палотны,
Такі тужлівы і маркотны.