Міхал не спіць, а боль тупая
Яму пад сэрца падступае.
Няма надзей, няма жадання,
Цяпер на свеце ўсё дазвання
Яму няміла, нецікава,
І сну няма, не лезе страва.
Жыццё... ды што жыццё такое?
Эх, глупства, глупства ўсё! пустое!
Міхал глядзіць на блеск газніцы.
У вочы ўбіліся драбніцы —
Дрыгучы блеск і цені тыя
І танцы-скокі іх нямыя.
Яны варушацца, трасуцца,
Пустымі смехамі смяюцца,
То расплываюцца па столі,
То зноў насунуцца паволі.
Агоньчык дрыгае і скача...
Бы штось чуваць, нібы хто плача,
Ці то званочак пад дугою
Звініць бясконцаю тугою?
Там вочы нейчыя міргнулі...
І мыслі раптам скаканулі
У багны часаў і прастораў,
Бо ім няма граніц, запораў.
Глядзіць Міхал... што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзве асобы:
Адзін Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы!
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус не дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: не цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне смяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схіліўся і шамоча?
І нейкай тухаллю і тленню
Нясе ад чорнага адзення,
І востры пах чуваць кадзіла...
Ах, гэта ж смерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..
Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся.
Бяжыць як можа — знаць, спужаўся.
Ой, ой — стрыжэнь! Ён — гоп туды!
Ніяк не вылезе з вады.
Капут... Міхал-воўк прападае,
Пад лёдам знік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць здзіўлёна.
І раптам нейкая заслона
Чыёюсь страшнаю рукою,
Сінь неба лучачы з зямлёю,
Ўсё пасуваецца бліжэй!
Міхалу робіцца цяжэй,
Ў грудзях дыханне забівае,
А ноч-заслона націскае,
І светлы круг, прамень пустыні,
Вось-вось у багне-цьме загіне.
Міхал крычыць і б'ецца ў страсе.
Заслона чуць-чуць адышлася,
Ён вочы цяжка размыкае —
Ў руцэ рука чыясь другая,
І вочы, поўныя пакуты,
Да мутных воч яго прыкуты.
Зняможан цяжкім ён змаганнем.
З глыбокім жалем, садрыганнем
Ратунку просіць у людзей,
У брата, жонкі і дзяцей,
Бо неба жорстка, неба глуха
І не прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца выні —
Ты не кранеш яго цвярдыні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое.
— Ты пазнаеш мяне, Міхаська? —
Ён уздымае вочы цяжка,
Глядзіць на жонку. — Ганна... Маці...
Ратунку дайце мне!.. О, браце!
Ратуй мяне! ратуйце, дзеткі!.. —
Сляза-палын балюча-едкі
На ўпалых вочах выступае...
Міхал зяхае — заціхае...
— Ой, свечку, свечку: ён канае!
На твары след пякельнай мукі,
На грудзі палі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся,
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала, —
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю...
Перагарэў, адстаў, знікаю...
Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі...
Зямля... зямля... туды, туды, брат,
Будуй яе... ты дай ёй выгляд...
На новы лад, каб жыць нанова...
Не кідай іх... Га-а-х! — І — гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку,
І халаднеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам прыпадае.