Выбрать главу
І часта ў добрую пагоду Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць крук, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Ідзе, а ветрык з каласкамі Вядзе прыемную размову І цешыць душу леснікову. Міхал падыдзе і прыстане І лаву жыцейка агляне Ды возьме ў пальцы асцярожна Яшчэ няспелы і парожны Ён колас жытні і паглядзіць, Рукою лёганька пагладзіць, Нібы сынка свайго малога, І ў сэрцы дзякаваў ён Бога.
У тым кутку, глухім і дзікім, Стараннем дзядзькавым вялікім І цяжкай працай хлебароба Набыта розная надоба; Ўсё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла.
Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам, І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Ўжо з тым кутком зжылася маці, Даўно прывыкшы к адзіноце; А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе таксама справа Вялася добра і рухава, Бо тут збаны не так стаялі: Яны за тое ўжо казалі, Што малака было даволі.
Ў пастаўніку, пры самым полі, Свіння, як хворая, стагнала, Хоць гэтай хворасці не знала, Яе такая ўжо натура: Стагнаць і лыч трымаць панура, Як бы ёй цяжка жыць на свеце. А парасяткі, яе дзеці, Ўсяму дзівілісь несканчона, Бо надта рохкалі здзіўлёна. Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі; Квактуха голасна квактала, А кураняткі чарадою Паслушна ўсюды йшлі за ёю. Тут кожна рэч аб тым казала, Што маладая гаспадарка Ішла ўпярод паспешна, шпарка І большы круг яна займала.
Часамі хмурнаю вясною Цяплом павее, цішынёю, І хмарак сівыя фальбоны Падуць, апусцяцца наніз, І неба яснага абрыс Зірне скрозь цяжкія заслоны, І дзень тужлівы, засмучоны Аздобіць сонцаў агняпіс, І ўсё вакол павесялее, На момант сцішыцца, замлее, На ўсё адбітак ляжа згоды, І нікнуць подыхі нягоды. Зямельцы неба усміхнецца. Глядзіш — тады табе здаецца, Што холад згінуў назаўсёды.