Выбрать главу

— Не... Нiводнай думкi на гэты конт.

— Янa! — з’едлiва заўсмiхаўся Маладажон.

— Янa? — знаёмы вiдавочна не верыў Маладажону. — Быць не можа.

— На, паглядзi на вясельныя здымачкi. — Маладажон выцягнуў з партманеткi пачак полароiдных здымкаў.

— А нашто ты гэта ўтварыў, можаш растлумачыць? — пытанне патанула ў грукаце электрычкi.

Вакол суразмоўцаў замiтусiлiся пасажыры.

— Канешне! — маладажон нахiлiўся да знаёмага i закрычаў у самае вуха: — Каб разам ляжаць дома на канапе — раз; каб яна вуснамi лашчыла мой песцiк — два; i каб нас нiхто не мог папракнуць — тры!

Пачуўшы крыкi, пасажыры пачалi азiрацца.

Знаёмы пачырванеў i паспяшаўся развiтацца.

Маладажон рагатнуў наўздагон яму i даў нырца ў чарговую электрычку.

02.09.1994

13 — Тэлефоннiк-1

Жанчына ўздыхнула i пачала набiраць нумар свайго каханка.

— Я прыеду, — пачуў ён.

— Чакай-чакай, калi зараз, дык я цябе прашу: не трэба. — Па ўсiм адчувалася каханкава разгубленасць.

— Чаму? — пытанне было каменнае.

— Таму, што ты павiнна даглядаць сям’ю, мужа, сына. — Каханак выслiзнуў з-пад пытання, нiбыта вуж з-пад калодкi.

— Яны дагледжаныя, не хвалюйся...

— А я не хвалююся. Чаго я павiнен хвалявацца за тваiх сына з мужам? Я проста кажу: ты павiнна iх даглядаць.

— А мне вось не хочацца iх глядзець, мне хочацца забраць у цябе кнiгу.

— Ах, дык ты збiралася прыехаць дзеля кнiгi? А я падумаў, дзеля iншага.

— Дзеля чаго? — зашчоўкнула лагiчную пастку жанчына.

— Ну дзеля... — каханак вагаўся, — дзеля кубачка кавы...

— Раней прапаноўвалася значна большае.

— Прабач, я заняты... I сапраўды, нашто дзеля макулатуры цэлых паўгадзiны трэсцiся ў халодным тралейбусе?

— Гэта мой час. I мне зусiм не шкада патрацiць яго на дарогу, люблю падарожжы...

Гэтым часам да вулiчнага таксафона наблiзiўся мажны Тэлефоннiк. Ён зняў слухаўку i, не набiраючы лiчбаў, апынуўся ў размове каханкаў.

— Позна, i надвор’е для падарожжаў не вельмi зручнае. Ты толькi паглядзi, якi на вулiцы дождж!

Тэлефоннiк яшчэ нiжэй апусцiў на твар капюшон зялёнага плашча.

— У мяне ёсць выдатны парасон.

— Я не магу сягоння прымаць гасцей... — Каханак шукаў i не мог знайсцi выйсця з уласнага сказа, пакуль не прыдумалася чарговае глупства. — У мяне не прыбрана...

— А я не буду глядзець. Урэшце, я ж не госця.

— Ну добра-добра, ты не госця, ты наведнiца, а я не магу прымаць наведнiкаў у непрыбранай кватэры, — нерваваўся каханак.

— Ну якая ж я наведнiца? Пасля ўсяго, што памiж намi было, ты называеш мяне наведнiцай?

— Сапраўды! — у размову ўвайшоў Тэлефоннiк. — Чаму гэта ты сваю каханку называеш наведнiцай?

— Вось i выдатна, будзем гаварыць утраiх, — сказаў мужчына.

Тэлефоннiк зразумеў, што, хочучы дапамагчы жанчыне i зрабiць рыцарскi крок, ён дапамог мужчыну пазбавiцца ад надакучлiвай каханкi.

— I даўно вы нас слухаеце? — асцярожна пацiкавiлася яна.

— Даўно! — пераканаўча адсек Тэлефоннiк.

— Сынок, павесь слухаўку, — раптам пайшоў у наступ каханак.

— Сыно-о-ок?.. Ты, смярдзючы чарвяк, ты хоць ведаеш, хто я такi? У маiм целе 111 кiляў жывой вагi, i мне пляваць, прыбрана ў тваiм берлагу цi насрана. Я зараз прыеду i прыбяру цябе ў апошнюю дарогу. Вось так, слiмак. Ты нават каханкi сваёй баiшся, вырадак! — Тэлефоннiк плюнуў на слухаўку.

Гук пляўка апёк каханкам вушы.

— Калi вы не вешаеце трубку, яе павешу я...

За гэтымi словамi жанчыны прагучала дрыготкая просьба каханка:

— Люба, я зараз ператэлефаную...

Тэлефоннiк павесiў слухаўку, сцiснуў кулак i трапна ўдарыў па апараце. З аптымiстычным звонам пасыпалiся старыя, расейскiя, эсэсэраўскiя, двухкапеечныя манеткi. Тэлефоннiк выграб iх з апарата i сышоў у дажджысты надвячорак з руплiвай думкаю, што трэба тэрмiнова ўводзiць па ўсёй дзяржаве беларускiя тэлефонныя карткi.

22.10.1994

14 — Жартаўнiк

Жартаўнiк пасля вялiкай п’янкi на хаўтурах пачаў малiцца смуродным ротам. Ён так доўга, задраўшы галаву, звяртаўся да Бога, што той не вытрываў, высунуўся з-за аблокаў i сказаў:

— Акрамя сiлаў нябесных, ёсць сiлы зямныя i падземныя, iм таксама не зашкодзiць тваё шанаванне i твая малiтва.

Жартаўнiк пакрыўдзiўся на Бога i пайшоў спаць.

Яму прыснiўся сон: нiбыта ён угаворвае Прастытутку пайсцi маркiтавацца за 50 талераў, а тая нахабна патрабуе 100.

Не захацеўшы развiтацца з сотняю, Жартаўнiк прачнуўся, але iмгненна зноў заплюшчыў вочы i закрычаў:

— На твае 100 талераў, i хутчэй пайшлi ў ложак!