Выбрать главу

Стары лiтаратар знаёмiцца ў бары з маладым пiсьменнiкам. Стары — не зусiм стары, гэта маладому здаецца, што саракагадовы мужчына — дзед, нi на што не здатны ў сексе. Калегi п’юць i напiваюцца. Малады жалiцца на лёс. Закахаўся ў гандлярку з букiнiстычнай крамы, а тая смяецца з ягоных пачуццяў. Яшчэ малады прызнаецца, што шануе творы калегi. Дарэчы, старэйшага ведаюць у лiтаратуры, як Уладзiмiра Раманоўскага, а малады, знаёмячыся, называецца Вiкторам. Свае камплiменты Вiктор спакваля даводзiць да просьбы напiсаць лiст — прызнанне ў каханнi. Такiм чынам Вiктор спадзяецца растапiць лёд адчужанасцi ў сэрцы абраннiцы — Iрмы...

Вядома, габрэйка. Раман — бульварны. Абраннiцы наканавана быць габрэйкаю. Хопiць, што ўсё пачынаецца ў малавядомым горадзе, дзе лiтаратары напiваюцца ў забытай Богам карчме. Не спрачайся. Добра яшчэ, што Раманоўскi праславiўся несанкцыянаванымi працягамi эпапей кшталту "Знесеных ветрам" Маргарэт Мiтчэл. Гэта ён выштукаваў "Таямнiцу Батлера" i "Таямнiцу Скарлет".

Раманоўскi шкадуе калегу i пiша лiст да Iрмы ад iмя Вiктора. I — дзiва-дзiўнае! — дзяўчына адказвае. Завязваецца лiставанне — наiўнае, сентыментальнае, лiрычнае.

Лiсты пiшуцца пад натхненне. Калi яно будзе — iх атрымлiваецца шмат: пра мастацтва, музыку, архiтэктуру, падарожжы... А ў ляноце можна абысцiся адзiным грунтоўным лiстом Раманоўскага (Вiктора) i адзiным адказам Iрмы.

Гандлярка з букiнiстычнай крамы пазнае ў лiсце стыль белетрыста: лёгкi, празрысты, летуценны радок, якiм пiсалiся працягi рамана Колiн Макалоў "Птушкi на цернях" — "Мэгi", "Мэгi i Джасцiна". Больш таго, Iрма прызнаецца, што марыць пазнаёмiцца з Раманоўскiм, бо прымае яго за найвыдатнейшага з творцаў XX, iмправiзацыйнага, стагоддзя. Такi паварот засмуцiў Вiктора, якi праслухаў лiст Iрмы, седзячы ў працоўным кабiнеце Раманоўскага. Уладзiмiр суцяшаў закаханага маладзёна, налiваў каньяк, духмяны i жорсткi. А калi маладзён супакоiўся i паабяцаў не наведваць букiнiстычную краму, Раманоўскi ўкленчыў перад iм i прашаптаў, што з першага погляду пакахаў Вiктора. Той нечакана пасталеў i папрасiў у майстра час, каб звыкнуцца з ашаламляльнай навiною.

Трохкутнiк каханняў выбудаваўся так, што Iрма, Вiктор i Уладзiмiр папрасiлi адтэрмiноўкi з канчатковымi рашэннямi. Iрма кахала Уладзiмiра, той — Вiктора, а Вiктор меў самыя пяшчотныя пачуццi да Iрмы.

Выйсце з мёртвай зоны знайшоў Раманоўскi, прапанаваўшы ўсiм разам паляцець у Венецыю.

Можна абраць iншы пункт — Рым, Берлiн, Токiо, цi адправiць герояў на выспу — Крыт, Корсiка, Кiпр. Востраў лепей за горад.

Раманоўскi з Вiкторам ды Iрмаю ляцяць на Крыт. Там, у апошнiм прытулку велiчнай культуры матрыярхату, маладосць, як заўсёды, перамагае перашкоды. Iрма саступае Вiктору. Маладыя пачынаюць падманваць старога. Той заспявае на пустым пляжы Iрму з Вiкторам, якiя, забыўшыся на ўсё, займаюцца брутальным сексам.

Злосць, нянавiсць, крыўда злiлiся ў шаравую маланку i выбухнулi. Уладзiмiр каменем забiў каханкаў. Знявечаныя целы засыпаў пяском.

Ну i што... Думаеш, хворы паэт, якi штодня гандлюе кнiгамi i размаўляе з пакупнiкамi, не ведае пра адсутнасць крыважэрных канцовак у народных раманах? Сто працэнтаў, што здагадваецца, i я ведаю, але мы нiчога зрабiць не змаглi.

Уладзiмiр Раманоўскi, як i кожны лiтаратурны герой, мае права на асабiстае жыццё.

Ранiцай Раманоўскi ўзяў квiток на самалёт да Барселоны, дзе з аэрапорта накiраваўся на бульвар Рамбла. Ён прыехаў на самы сонечны бульвар у свеце, купiў месца, каб адпачыць на белым крэсле. Седзячы ў засенi платанаў, Уладзiмiр прыняў смяротную дозу заспакаяльных лекаў.

Раман скончыўся.

А Уладзiмiр Раманоўскi ператварыўся ў звычайнага Бульварнiка i прадае квiткi на крэслы пад платанамi.

08.08.1996

55 — Ганiцелька

"У маёй душы няма злосцi". — Мужчына паўтараў медытацыйны сказ у розных станах, разнастайнымi iнтанацыямi, уголас i сам сабе столькi разоў, пакуль не адчуў, што злосць нарэшце пакiнула душу. Толькi новы стан не дадаў радасцi. Iдучы па праспекце, мужчына знайшоў формулу ачышчэння: "У маёй душы няма смутку". Узрадаваны, ён наведаў букiнiстычную краму — цемнаватую, пыльную, поўную танных кнiжак i пастарэлых прадаўшчыц, якiх ведаў з дзяцiнства. Нiводнае выданне яго не зацiкавiла. Адно незанавешанае акно крышку развеяла сум. Нават не само чысцюткае акно, а краявiд за iм: двор, засаджаны вербамi, арэлi-гушкалка i лiмонная лаўка.

Паўтараючы запаветны сказ — "У маёй душы няма смутку", — мужчына даволi далёка адышоў ад букiнiста, але выгляд жоўтай лаўкi пад нахiленай вярбою нiяк не выходзiў з галавы. Ён вярнуўся. Двор быў пусты, чыста вымецены, цiхi. Раптам з праспекта праз арку ў двор забеглi двое сямi-васьмiгадовых дзяцей. Хлопчык уцякаў, дзяўчынка даганяла. Дзецi шумна пераляцелi двор. Уцякач схаваўся за пад’езднымi дзвярыма, а задыханая Ганiцелька села побач з мужчынам.