— Думаеце, я не змагла яго дагнаць? — Ганiцелька цiкавала рэакцыю. Яна была падобная да акуратнай лясной жабкi: лупаценькая, смуглявая, шырокая.
— Не ведаю.
— Магла i хацела ўдарыць i пабiць, але енку было б на ўвесь горад, з пад’езда выскачыў бы ягоны старэйшы брат. Удвух яны мацнейшыя.
— Ты разумна зрабiла, бiцца не трэба. У чалавека не павiнна ў душы кiпець злосць.
На Ганiцельцы спраўна сядзелi белая куртачка, сiнiя нагавiцы i чорныя красоўкi. Яна па-мужчынску трымала рукi на каленях.
— Цi можаце вы паверыць, што старэйшы брат гэтага хлопца, за якiм я гналася, адразу пайшоў не ў першы, а ў трэцi клас?
— Цяжка верыцца. Гэта тое самае, як пераканаць сябе, што ў душы няма смутку.
— I я сумняваюся. Гэта я пайшла адразу ў трэцi клас, а ён, як дазнаўся, прыдумаў гiсторыю з разумным братам. Проста, праўда?
— Здагадацца нескладана.
— Я так i сказала: падманшчыкi.
— А яны пакрыўдзiлiся?
— Азлiлiся. Я залезла на вярбу i з дрэва крыкнула ашуканцам: "Вы хлусы!". Яны пачалi трэсцi вярбу, я звалiлася i зламала дзве рукi. Я займалася акрабатыкай, таму паспела згрупавацца i прызямлiцца на чатыры кропкi, як котка. Каб не асфальт, абышлося б.
— А чым скончылася?
— Над букiнiстычнай крамай жыве мая бабуля, яна хiрург, займаецца пераломамi. Мне наклалi гiпс. Замест рук былi белыя заечыя лапкi.
— А што зрабiлi з братам?
— Нiчога. Я не сказала, хто разгойдваў вярбу.
— У цябе няма злосцi?
— Няма. На неразумных, як на жывёл, нельга крыўдзiцца. Калi вы нешта зломiце, нагу цi руку, абавязкова прыходзьце да маёй бабулi.
— А калi б ты забiлася?
— Смерць нiчога не змяняе. Вось зараз браты выйдуць з пад’езда i пойдуць да гушкалкi. Малодшы залезе на седала, а старэйшы пачне яго разгойдваць да самага неба. Я падыду да iх i скажу: "Пагайдайце мяне". "Калi ласка", — адкажа старэйшы i падштурхне мяне да арэляў. Жалезная труба разаб’е мне галаву. Такое здараецца ў любым горадзе раз цi два на год. Можаце спытаць у моргу. Распаўсюджаны трагiчны выпадак.
Ганiцелька не паспела дагаварыць, як у двары з’явiлiся хлопчыкi, старэйшы i малодшы. Яны пабеглi да арэляў. Двор запоўнiла жалезнае рыпенне i воклiчы ўцекача: "Вышэй! Вышэй!! Вышэй!!!"
"У душы няма смутку", — падумаў мужчына, назiраючы, як у акне ў букiнiста пакупнiкi гартаюць кнiгi.
— Пайду...
— Не смуткуйце...
Мужчына накiраваўся да аркi. Ганiцелька пабегла да арэляў.
На праспекце мужчыну дагнаў двухгалосы хлапечы крык, i знайшоўся новы супакаяльны сказ: "Душа пустая".
10.11.1996
56 — Самазабойца
Ён курыў на гаўбцы другога паверха. Настрой быў адпаведны, суiцыдальны. Тытунь супакойваў, таму ад адной скончанай цыгарэты прыпальвалася другая.
Пад гаўбцом праходзiў малады чалавек прызыўнога веку. Падстрыжанага пад нуль, яго, пэўна, чакала неўзабаве вайсковая частка.
Самазабойца перагнуўся цераз парэнчы i гукнуў:
— Гэй, хлопец!
Пара вачэй узнялася на голас.
— Ёсць работа, заплачу добра...
— Няма калi, спяшаюся...
— Чакай... Працы на тры хвiлiны, а грошай атрымаеш столькi, колькi скажаш.
— Я з мужчынамi не пераштурхоўваюся.
— Не бойся, нiякага сексу i не прапануецца. Пастой хвiлiнку, я выйду. — Самазабойца знiк з гаўбца, а праз iмгненне апынуўся побач з хлопцам. — Не палохайся i не ўцякай. Я смяротна хворы i пакутую ад боляў. Рак. Мне трэба сысцi. Разумееш? Пакiнуць свет. Нiякiх сяброў i сваякоў у мяне нямашака. Чалавек я заможны. Усё, што маю, аддам табе. Грошы, золата, каштоўныя камянi, усё стане тваiм, калi дапаможаш мне перайсцi ў лепшае вымярэнне.
— Не, не, я пад такiмi гульнямi не падпiсваюся. — Хлопцаў твар стаў бялець, у носе заказытала, i ён чхнуў.
— Нiчога цяжкага не патрабуецца. Падымемся ў кватэру. Пакажу цыдулку: у маёй смерцi нiкога не вiнавацiць. Ты з пiсталета застрэлiш мяне. Укладзеш зброю ў нежывую руку...
— Вам трэба звярнуцца да доктара...
— Ты не зразумеў. Да доктара я не магу звярнуцца, ён забярэ ўсё чыста i здасць у вар’ятню, дзе я сканаю ў страшэнных пакутах. А твой доктар адно рукi пацiрацьме. — Сухi твар схуднелага ўшчэнт Самазабойцы перакрэслiла ўсмешка.
— Колькi каштуе нацiсканне на курок? — душу маладога чалавека запоўнiў азарт гульнi ў рускую рулетку.