Старую трохтонку, абсталяваную пад крыты фургон, нарэшце перастала трэсці на ўхабінах; колы загрукаталі па бруку, абшыўка жаласліва зарыпела. «Здаецца, прыехалі»,— уздыхнуў Андрэй Шаліма. У яго кружылася галава, а перад вачыма плавалі жоўтыя кругі. Трымаючыся аберуч за абшыўку, каб не паваліцца, ён дабраўся да невялічкай дзверкі, прыадчыніў яе. Ад халоднага, вільготнага паветра заняло дыханне. Андрэй зажмурыў вочы, а калі расплюшчыў іх, убачыў абапал брукаванай вуліцы драўляныя хаты, новыя платы перад імі, а на панадворках — пачарнелы ад дажджу бульбоўнік і высокія бадылі сланечніку. Пераехаўшы невялікі драўляны мост са звернутай на бок балясінай, машына трасанула на развітанне, потым крута павярнула ў завулак і спынілася перад вялікім, але занядбаным домам. Над яго расчыненымі дзвярыма вісела фанерная шыльда «Каргапольскі РК ЛКСМ Беларусі». Андрэй развітаўся з шафёрам, зухавата ўзбег па гнілых прыступках, а адтуль памалу ўжо, вытрымліваючы саліднасць увайшоў у памяшканне райкома. Адчыніў адны, другія дзверы — пакоі пуставалі. Шаліма ўжо збіраўся выйсці, як аднекуль з-за печы выйшла белавалосая, пухленькая дзяўчына.
— Вам каго, таварыш?
— Мне начальства.
— Івана Леанідавіча няма, абедаць пайшоў. Пагуляйце, ён хутка меўся прыйсці.
— Дзякую, нагуляўся. Больш трох гадзін падарожнічаў.
Дзяўчына войкнула, замітусілася.
— Праходзьце ў кабінет таварыша Тарашчука.
— Лепш да вас зайду. Аднаму непрыемна сядзець у чужым кабінеце. Вы загадчык сектара ўчоту Рэпкіна?
— Ага, Рэпкіна. Праходзьце.
Пакойчык быў маленькі. На стале ляжалі стусы папер, нейкіх журналаў. Тут жа стаяла партатыўная машынка. Дзве вялікія шафы і сейф загароджвалі сцены і палову акна. У пакойчыку было цесна і цёмна.
— Мяне Іван Леанідавіч і таварыш Караба папярэджвалі. Вы інструктар?
Андрэй збянтэжыўся, не ведаючы, што адказаць на такое пытанне. 3 поўмесяца назад яго паклікалі ў абком комсамола. Спачатку ён запоўніў анкету, напісаў аўтабіяграфію, потым з ім грунтоўна гаварылі інструктары розных аддзелаў, намеснікі загадчыкаў і самі загадчыкі. Усё гэта было ахутана нейкай таямнічасцю, якая развеялася толькі пасля таго, як ён быў прыняты першым сакратаром абкома комсамола. Нізенькі з пачырванелымі ад бяссонніцы павекамі, першы сакратар ні хвіліны не сядзеў на месцы. То ён заклапочана бегаў між сталом і этажэркай, то садзіўся на ўскрай тэлефоннага століка ці на падлакотнік старога чорнага крэсла, а то лажыўся грудзьмі на шырокі стол і, спяшаючыся, нібы баючыся, што Шаліма не вытрымае і пойдзе, сыпаў пытанні. Андрэй ледзь паспяваў адказваць.
— Моладзь любіш?..
— Я...
— Зразумела. У комсамоле хочаш працаваць?
— Я ж працую...
— Вылучаць цябе думаем. Згодзен?
— Не ведаю, што вы...
— Табе яшчэ не гаварылі? Добра. Паедзеш сакратаром Каргапольскага райкома, — сакратар падбег да карты, тыцнуў рукой некуды ў поўднёва-ўсходні куток. — Але пра гэта пакуль нікому. Зразумеў? Мы толькі рэкамендуем. Канферэнцыя — усяму гаспадар. Першага сакратара мы здымаем. Другі — Лапшоў — застанецца. Зразумела! Раён добры... Далёка, глухамань. Дзічыны многа: зайцоў, лісіц, ваўкі таксама ёсць. Будзеш паляваць. Згодзен? Адмаўляцца, брат, не думай, нельга. Заўтра ў абкоме партыі з табой пагутараць. 3 абкома комсамола там будзе Караба, наш інструктар. Справу ён ведае. Ну, бывай, жадаю поспеху.
Так Андрэй Шаліма неспадзявана для сябе апынуўся ў Каргаполлі.
Памятаючы цвёрды наказ сакратара, Шаліма схлусіў Рэпкінай:
— Так, інструктар.
— А я вось даклад перадрукоўваю. Таварыш Караба ўвесь час бракуе. Некаторыя старонкі ўжо сёмы раз друкую.
Рэпкіна спрытна выняла аддрукаваны аркуш, уставіла новы, і яе пальцы заскакалі над клавішамі.
Увайшоў Караба, усцешна здзівіўся.
— Прыехаў? Цудоўна! Я тут адзін зусім закапаўся. Дзень і ноч шурую. Што яны тут рабілі, не разумею. Даклад не гатовы, кандыдатуры не падабраны, чорт ногі зломіць, а канферэнцыя на носе. Пойдзем, трэба пагаварыць.
Зайшоўшы ў сакратарскі кабінет, на дзвярах якога вісела акуратная шыльда з надпісам: «1-шы сакратар РК ЛКСМБ т. Тарашчук», Караба рассеўся ў крэсле, закурыў:
— Справы дрэнь. Цябе могуць пракаціць. У мяне нюх бездакорны, за сто кілометраў чую.
— Але ж комсамольцы яшчэ мяне не ведаюць.
— Ха, комсамольцьі! Тарашчук блок арганізаваў, паглядзіш. — Заўважыўшы, што Шаліма разгублена пазірае, ляпнуў па плячы. — Вышэй нос! Караба не з такіх пераплётаў выкручваўся. Рэвізор не выдасць, пракурор не з’есць.
Для Андрэя гэта была егіпецкая грамата. Навошта Тарашчуку скалочваць блокі? Навошта трэба прадаўжаць гульню ў хованкі?