Выбрать главу

Яны былі зусім побач, накрытыя адным плашчом. Андрэй адчуваў цяпло яе цела, чуў пах яе валасоў. Калі Клара варушылася, валасы казыталі яго твар. «А што, калі я вазьму і пацалую яе», — прамільгнула думка і адразу перад вачыма ўзнік яе твар, пацешна наморшчаны нос і маленькае, з чорнай радзімкай вуха: варта толькі нахіліць галаву, і яно будзе на ўзроўні яго губ. Андрэя стрымліваў страх: Клара потым прадставіць гэта ў камічных танах і ён будзе пасмешышчам усяго гарадскога комсамола. Клара маўчыць, а дождж усё мацней і мацней сячэ па дрэвах.

— Трэба бегчы, — гаворыць яна, — мусіць, зарадзіў надоўга.

Андрэй спыняе яе за плечы і адчувае, што яна паварочваецца да яго тварам, нібы хочучы прачытаць па яго вачах, навошта ён узяў яе за плечы. Андрэй нахіляе галаву, яго губы кранаюцца шчакі, потым знаходзяць яе губы і прагна прыціскаюцца да іх. Клара ўпіраецца рукамі ў яго грудзі, з сілай адштурхоўвае Андрэя, плашч падае на зямлю і іх абдае халодны дождж.

— Ну цябе... Падымай плашч, пайшлі.

Андрэй падымае плашч, спрабуе накрыць ім Клару, але яна рашуча адхіляе яго руку.

— Не трэба, зноў палезеш цалавацца. I што ў вас, хлопцаў, за дурны звычай. Не паспееце пазнаёміцца, а ўжо лезеце з пацалункамі. Што гэта, разменная манета? Ну вось ты, на якое ліха цалаваў мяне?

Андрэй цяпер і сам не ведаў, але на ўсякі выпадак сказаў:

— Пацалаваў і ўсё. Так сабе.

— А ты лепшы, чым я думала. Чэснае слова. Мне здалося, што ты скажаш, быццам закаханы ў мяне,

— А калі б сказаў?

— Вядома, не паверыла б, і ты для мяне прапаў бы назаўсёды. Давай плашч, а то ў мяне па спіне ручайкі цякуць.

Андрэй накрыў яе плашчом. У яго грудзях стала цёпла-цёпла, і Клара здалася мілай і роднай. «Яна добрая і шчырая, — думаў Андрэй. — Вось за гэта яе і кахаюць». Андрэй успамінае кларыну ўсмешку, голас, погляд шэрых вачэй і знаходзіць іх чароўнымі. На прыпынку яны стаяць, затуліўшыся ў плашч, пакуль не падыходзіць аўтобус. На развітанне Клара гаворыць:

— А мы табе ўсыплем на бюро за тэхвучобу.

Яму сапраўды «ўсыпалі». Пасля пасяджэння ён праводзіў Клару дамоў.

— Не крыўдзішся на мяне? — запыталася Клара.

— Вядома, не. Яшчэ мала ўсыпалі.

— Перастань бічаваннем займацца. Чуў, што артысты з Масквы прыязджаюць?

— Не. Пойдзеш?

— Хацела схадзіць.

— То я...

Клара перабіла.

— А мне прапануюць у абком комсамола пераходзіць. Вось і мая хата.

Яны спыніліся,

— Не разумею я цябе, Клара. Дзіўная ты.

Яна паглядзела на яго доўгім, пільным позіркам. Потым абняла за галаву, пацалавала гарачым, доўгім пацалункам.

Выстаяўшы вялізную чаргу, Андрэй дастаў два білеты на канцэрт маскоўскіх артыстаў. Цэлы дзень шукаў Клару, каб паведаміць пра гэта. Але яе нідзе не было. Набраўшыся храбрасці, схадзіў да яе на кватэру, папрасіў маці перадаць ёй запіску. За поўгадзіны ён ужо быў ля тэатра, чакаў Клару. Яна з’явілася пад руку з нейкім чубатым, доўгім хлопцам. Заўважыўшы Андрэя, яна прывіталася з ім кіўком галавы і прайшла міма, быццам гэта быў не Андрэй, а адзін з комсамольцаў іх завода.

Андрэй выцягнуў білеты і парваў іх на шматкі.

Дзён пяць яны не сустракаліся, а калі Андрэй нечакана спаткаў Клару, яна, быццам нічога не здарылася, запыталася:

— Чаго ты не прыходзіў? Можна падумаць, што злуеш.

— Не хацеў перашкаджаць табе з тым чубатым мілавацца.

— Здурнеў ці што. Няўжо ж я сама павінна была да цябе бегчы? Мог падыйсці. 3-за цябе я вечар чорт ведае як дрэнна правяла.

Андрэй аказаўся ў дурнях. Так бывала часта. I чым больш задавала Клара яму вось такіх задач, тым больш ён не мог парваць з ёю. I вось цяпер ён быў далёка ад яе. 3 кім яна праводзіць час, ці, можа, ні з кім? Ён пазваніў аднойчы ёй па тэлефону. Размова была сухой, афіцыйнай. Андрэй, абураны да глыбіні душы, напісаў злосны ліст. Але і зноў ён застаўся вінаваты: Клара дакарала яго ў неасцярожнасці, у тым, што ён нё разумее, як могуць успрыняць у абкоме іх асабістыя тэлефонныя размовы на дзяржаўны кошт. А вось цяпер яна не адказвала на трэці ліст Андрэя і было незразумела: або яна чагосьці злуецца, або проста так сабе, выпрабоўвае яго цярпенне. За гэтымі думкамі Шаліму і застаў Лапшоў.

— Слухай, Андрэй, трэба адну дзяўчыну на работу ўстроіць. Яшчэ Тарашчук абяцаў.

— Што мы, біржа працы?

— Разумееш, тут справа гонару. Слова дадзена.

— Не трэба неабдуманыя словы даваць. Лепш вось давай падумаем, як рост палепшыць. Зноў званілі з абкома.

— У абкоме толькі і робяць, што звоняць, Плюнь на ўсё — беражы здароўе. Усеадно падзякі не дачакаешся. А наконт дзяўчыны дарэмна. Гэта пракурорава дачка. Добрая дзеўка, вельмі харошы загадчык сектара ўчоту будзе.