Выбрать главу

— А Рэпкіна?

— Яна не спраўляецца, «Мёртвыя душы» ёсць, узносы збірае дрэнна.

— А ты далёка наперад глядзіш, — Шаліма прыплюшчыў вочы.

— Турмы ды сумы не цурайся,

— Вось як! Ну, добра. Паставім на бюро тваю прапанову.

— 3 табой нельга па-таварыску пагутарыць,

Але выносіць пытанне на бюро не захацеў.

Лапшоў усяляк хацеў дапячы Андрэю: сачыў за кожным яго промахам і потым стараўся расказаць усім, які першы сакратар недацёпа, намякаў на нейкія цёмныя плямы ў біяграфіі Шалімы. Андрэй стараўся не звяртаць на гэта ўвагі. Але аднойчы не вытрымаў. Неяк яны пасля нарады ішлі дамоў разам. Лапшоў між іншым заўважыў:

— Рэпкіна закахана ў цябе.

— Перастань гаварыць пошласці.

— Гэта ж чыстая праўда. У мяне вока напрактыкаванае. Ды і ў цябе губа не дурная. Дзяўчына яна здобная, толькі круцёлка, — і ён адпусціў па яе адрасу самае бруднае слова.

Андрэй спыніўся, сказаў прыглушаным, злосным голасам:

— Калі яшчэ раз я пачую такія агіднасці, ведай, дам у морду, а потым яшчэ ў абком напішу.

— А ну цябе к чорту. Прыкідваешся нямаведама кім. 3 табой і пагаварыць шчыра не можна.

Лежачы ў пасцелі, Андрэй прыпомніў сённяшнюю нараду, закаханы позірк Рэпкінай, які яна не спускала з яго. «Чаго яна вытрэшчваецца на мяне. Толькі дае падставу для розных размоў. — I ўжо засынаючы, падумаў: — Заўтра ж пагавару з ёй».

Але гаварыць на такую тэму ён не адважыўся, хоць некалькі разоў заходзіў у пакойчык да Рэпкінай.

Аднойчы ён запытаўся ў Надзі:

— А вы і цяпер ходзіце на вечарынкі?

— Можа ўжо нельга?

— Наадварот. Трэба хутчэй стварыць комсамольскую арганізацыю ў «Зары». У наступную суботу пойдзеце?

— Можа і вы хочаце схадзіць?

— Вечарынка будзе?

— Не, вяселле.

— 3 танцамі?

— Абавязкова.

— Пайду.

Увайшоў Лапшоў.

— А-а-а, канфідэнцыяльная размова, прабачце. — Але ён не выйшаў, а сеў. — Куды вы збіраецеся?

— Ёсць адна справа...

Лапшоў падміргнуў. Рэпкіна ўбачыла гэта, пачырванела, выбегла за дзверы. Андрэй акрысіўся:

— Я ўжо цябе папярэджваў, што трэба адносіцца да Рэпкінай прыстойна, а ты сваё.

Лапшоў пагардліва скрывіў рот:

— Ці не прыспала яна цябе?

Шаліма грукнуў па стале кулаком, аж з прыбора выплеснулася чарніла.

— Колькі разоў буду паўтараць адно і тое ж. На наступным пасяджэнні бюро я далажу пра твае ўчынкі.

Лапшоў падабраўся, сціснуўся ў кулачок.

— Жартую я, Андрэй Антонавіч. Надзя прыстойная дзяўчына. Не трэба на бюро выносіць. Мы і так можам разабрацца.

«Ліха з ім, не трэба, можа паразумнее»,— вырашыў Шаліма.

У суботу Шаліма з Рэпкінай пайшлі ў «Зару». Вяселле ішло ў двух хатах адразу: у адной танцавала моладзь, у другой частаваліся госці. Дзяўчаты абступілі Рэпкіну, зашчабяталі. Надзя нешта сказала ім. Высокая чарнявая дзяўчына падбегла да Шалімы, прапанавала распрануцца. Па яе знаку з лаўкі падняліся адразу дзве дзяўчыны, прапануючы месца. Шаліма сеў. Ён увесь час думаў, як яму завязаць знаёмства, як пачаць размову. Самае лепшае запытацца пра што-небудзь. Але пра што... Нарэшце ён адважыўся, звярнуўся да суседкі справа, гарэзлівай дзяўчыны:

— Часта ў вас бываюць вяселлі?

У яе вачах заскакалі вясёлыя чорцікі:

— Раз у год на святыя нігды. Хлопцаў у калгасе па пальцох пералічыш і тыя насы задраўшы ходзяць, ламаюцца, як капеечныя абаранкі.

— Навошта ж вы іх адпускаеце з калгаса?

— Іх, чарцей, утрымаеш! Да прызыву яшчэ за калгас трымаюцца, а пасля арміі ўсе ў горад падаюцца. Мы ўжо хацелі Жукаву пісаць, каб парадкі навёў, спецыяльны загад выдаў: дэмабілізаваны можа жыць, дзе хоча, а жаніцца абавязкова на сваёй калгаснай дзяўчыне павінен.

Іх размову нечакана спынілі: прышоў жаніх, высокі, падстрыжаны пад бокс дзяцюк, з белай ружай на лацкане пінжака.

— Прабачце, таварыш сакратар, так сказаць, за стол да нас просім.

Шаліма апешыў. Ісці за стол азначала піць гарэлку. А ці добра гэта сакратару райкома комсамола? Ды і Лапшоў можа скарыстаць. Мала што пайшоў на вечарынку, дык яшчэ выпіваў на ёй. Ён ліхаманкава думаў, якую знайсці прычыну для адгаворкі.

— Дзякую... я тут, з моладдзю.

— Не, пойдзем, — цягнуў той Шаліму за рукаў. На дапамогу прышоў бацька жаніха.

— Не пагрэбуйце, таварыш сакратар, нашым, калгасным. Прысмакаў у нас асаблівых няма, прабачце. Чым багаты, тым і рады.

Жаніх тым часам падбег да Надзі.

— Кідай, Надзя, танцы, пайшлі вып’ем. Дуська загадала без цябе не прыходзіць.

— Пойдзем, Надзя, трэба жаніха ўважыць.