— Ха, баявыя. Куды больш: адной рукой за папа, другой за сакратара райкома трымаюцца.
У адказ Карабе Шаліма махнуў рукой, заўважыў:
— Ты наконт таго вяселля? Самі мы вінаватыя. Была б там арганізацыя, вянчання не было б. Яны ж абодва цудоўныя, а вось маеш... Гэта табе Лапшоў расказаў?
— Абкому ўсё вядома і без Лапшова. Не чакалі мы ад цябе, таварыш Шаліма, такіх выбрыкаў. Абком вось мяне на дапамогу паслаў. Калі так і далей будзе прадаўжацца — не сядзець табе на гэтым крэсле.
Шаліма распрануўся, падышоў да Карабы, злосна прыжмурыў вочы.
— А пакуль ты злазь. Ну, ну, хутчэй, мне працаваць трэба.
Караба збялеў, падняўся з крэсла, афіцыйным тонам папрасіў даць яму звесткі аб росце пярвічных арганізацый за два гады ў разрэзе месяцаў, аб колькасці маладых даярак, свінарак, звеннявых, брыгадзіраў, аб колькасці палітгурткоў, аб ураджайнасці кукурузы і бульбы, аб колькасці цялят і парасят, якіх выгадавалі за мінулы год комсамольцы-жывёлаводы, і яшчэ з дзесятак розных звестак. Андрэй цярпліва запісваў адно пытанне за другім, потым не вытрымаў:
— А колькі старыя бабулькі расказалі казак сваім унукам, табе трэба ведаць?
Караба, не разабраўшыся спачатку, ляпнуў:
— Калі яны ў вас ёсць.— Потым спахапіўся: — Я вас не разумею, таварыш Шаліма...
— Навошта вам большасць з гэтых звестак?
— Вы дрэнна павышаеце свой ідэйны ўзровень. Яшчэ Карл Маркс вучыў, што соцыялізм — ёсць улік.
Шаліма зарагатаў.
— Ну, калі Маркс так вучыў, то нічога не зробіш,— і нечакана для Карабы заявіў: — Паедзем да моладзі ў калгасы.
Караба адмовіўся, спаслаўшыся на неадкладныя справы ў райцэнтры.
— Тады звесткі падрыхтуюць Рэпкіна і таварыш Лапшоў, а я еду, у Залескі сельсовет.
На восьмы дзень прабывання ў Залессі, у час калгаснага вечара, да Шалімы прыбегла дзяжурная па сельсовету, перадала паперку з кароткай тэлефонаграмай: «Заўтра быць у абкоме, а дванаццатай гадзіне дня».
— Хто званіў?
— 3 райкома партыі.
Шаліма паказаў ліст старшыні калгаса, той прачытаў, паціснуў плячыма.
— У чым справа? Нібы вайна пачалася. Плюнь на ўсё, таварыш Шаліма.
— Мусіць, нешта важнае. Скрозь ночь мяне адшукалі. Трэба ехаць. Вось толькі як да райцэнтра дабрацца.
— Гэта я табе арганізую. А толькі папомні маё слова: з-за нейкай дробязі выклікаюць.
У Каргаполле Шаліма прыехаў на досвітку. Забег у райком партыі, разбудзіў дзяжурную. Тая нічога не ведала. Учора ўвечары ёй пазванілі з вобласці, загадалі адшукаць сакратара райкома комсамола і перадаць тэлефонаграму. Яна ўсё выканала, як ёй казалі. Шаліма пабег на кватэру да Рэпкінай. Надзя наогул нічога не ведала.
— Караба тут?
— Не, заўчора паехаў, — і ўжо зусім па-сакрэту дадала: — Ён тут усіх замучыў: па восем гадзін падрад з кожным гутарыў.
— Пра што пытаўся?
— Ці не капаюць яны чаго на вас...
Паснедаўшы на скорую руку, Шаліма пайшоў на бальшак «галасаваць» спадарожную машыну. Іх, як на злосць, доўга не было. Падабрала яго гадзін у дванаццаць леспрамгасаўская машына, гружаная лесам. Так ён і дабраўся да абласнога цэнтра, седзячы высока на бярвенні.
***
У прыёмнай першага сакратара абкома комсамола сядзела, апрача вастраносай сакратаршы, чалавекі чатыры, «персанальнікі», як вызначыў Шаліма па іх посных тварах. Значыць, бюро падыходзіла к канцу, бо асабістыя справы звычайна разбіраліся ў канцы пасяджэння.
Убачыўшы Шаліму, сакратарша знікла за дзвярыма кабінета, потым выпырхнула адтуль, строга запыталася:
— Чаму вы спазніліся?
— Бо не меў крылляў.
— Цяпер вас у самым канцы будуць слухахаць.
— Па якому пытанню?
— Тады даведаецеся.
— Гэта, прыблізна, праз колькі хвілін?
— Думаю, не раней, чым праз гадзіну.
Андрэй узрадаваўся такому выпадку: ён пабачыцца з Кларэй і пра ўсё распытае. Цяпер, перад сустрэчай, Андрэй асабліва адчуў, як вырасла яго прыхільнасць да Клары. Тады, калі яны былі заўсёды нёпадалёк адзін ад другога, гэтага не адчувалася. Цяпер, на адлегласці, Клара ўяўлялася самым дарагім і блізкім чалавекам. Андрэй яскрава бачыць, як вось зараз ён адчыніць дзверы, Клара кінецца да яго і абдыме, як гэта яна рабіла, вяртаючыся з камандзіроўкі. Андрэй перапаўняўся пачуццем замілавання да каханай ім дзяўчыны. Ён так расчуліўся, што, калі адчыніў дзверы, дык у першую хвіліну не заўважыў, што Клара не адна: побач з ёю за сталом сядзеў незнаёмы хлопец. Андрэй бачыў толькі Клару, яе прыгожыя завіткамі валасы, мілы твар і вялікія вочы, і, не маючы сілы схаваць сваю радасць, усміхнуўся на ўвесь рот.